Выбрать главу

Такім чынам, прамяняўшы трэніроўкі на школу, я пачаў шукаць выйсьце і знайшоў яго. Адзін сябра-баскетбаліст прапанаваў перайсьці ў іншы клюб, што падыходзіў па часе. І мы разам туды пайшлі.

На парозе нас сустрэў трэнэр, і першымі ягонымі словамі былі:

— А ты что, тоже баскетболист, что ли, или так, мячики подаёшь? Да ты же с метр ростом!

Шчыра кажучы, я падазраваў, што ростам я не для гэтага віду спорту, але каб мне вось так, у твар такое сказалі? Ды ніколі! Ні мая былая трэнэрка, ні мая былая каманда ніколі так бы не зрабілі.

Нас адправілі разьмяцца й падрыхтавацца да паказальнай гульні. І пакуль мы бегалі кругі на стадыёне, адзіная думка пульсавала ў маёй галаве: "Я малы! Я малога росту. Я маленькі"...

Глядзелі на нас дваццаць хвілін, гулялі мы някепска, але мяне адправілі ні з чым дадому, а сябра ўзялі, бо ён хоць і ня вельмі добра гуляў, але быў ростам два мэтры і штораз перамагаў у барацьбе пад баскетбольным кашом. І потым ён гуляў за гарадзкі юнацкі клюб, а я ў свае пятнаццаць і шаснаццаць піў, курыў і мацюкаўся. Надыходзілі гады альтэрнатыўнай хвалі, дзе контркультура станавілася ня проста словам, а правілам жыцьця.

20.09  — 10.10.2010

Менск  — Ваймар  — Дрэздэн

Клясы

Вярнуўшыся ў клясны пакой, Карл Іванавіч загадаў мне ўстаць

і падрыхтаваць сшытак для дыктанту.

Калі ўсё было гатова, ён паважна апусьціўся ў свой фатэль

і голасам, які, здавалася, выходзіў зь нейкай глыбіні,

пачаў дыктаваць наступнае:

"Von al-len Lei-den-schaf-ten die grau-sam-ste ist... ha ben sie geschrieben?" [1]

"Дзяцінства", Леў Талстой

Я быў сэнтымэнтальным дзіцёнкам, плакаў на сярэдзіне "Дзюймовачкі", мама гэтую кнігу так да канца мне не дачытала, бо як толькі яна даходзіла да месца з жабамі й прывабнай маленькай дзяўчынкай ― гамон, сьлёзы так і ліліся. Але цяпер пакутаў і трагедый у мяне пабольшала: я пачаў плакаць па нулявой клясе, якая ўжо ў мінулым, а таксама аплакваць сваё сталеньне; першая кляса — гэта ня жарты.

Звычайна ўсе дзеці йшлі ў школу, калі ім спаўнялася шэсьць год. Мяне таксама ўзялі вучыцца ў гэтым узросьце, але ў мяне была адна, так бы мовіць, хіба... Я прыйшоў да дырэктара з падстрыжаным да каранёў чубам й нагадваў закатаванага дзіцёнка. Дырэктар паглядзеў на мяне, сумна так, скрушна... Мама не разгубілася: "Ой, прабачце, гэта мой Геранька ўчора на галаву сабе плястылін наляпіў і, пакуль я ня бачыла, паадразаў яго нажніцамі разам з валасамі. Я яму, боўдзілу, кажу, трэ' было ў ванну пад гарачую ваду, усё б і размокла!"... Мне прапанавалі палічыць да ста. Я далічыў да сарака. Дырэктар уздыхнуў, і мне было наканавана пайсьці ў першую клясу ў наступным годзе. Так я трапіў у нулявую клясу... Гэта свайго кшталту дзіцячы садок, са сваёю "прадлёнкаю", запяканкай і "ціхім часам". Адзнакі нам давалі вялікія, кардонныя й каляровыя: палічыў да пяцідзесяці ― атрымай кардонную "5", чырвоную, пругкую, жаданую...

Мераю розуму на той час былі загадкі, іх загадваньне і разгадваньне культывавалася яшчэ да школы. З загадкамі ў мяне звычайна было ня надта, мне часта падказвалі... Чарговы раз я ня мог адгадаць "васілёк", пачуў збоку шэпт, выгукнуў правільны адказ. Настаўніца-выхавацелька ашалела ажно! Гераня даў правільны адказ!.. Дастала вялікую чырвоную кардонку ў форме "пяцёркі"... першую ў маім жыцьці!.. нясе мне... я цягну да яе рукі... а тут раптам настаўніца пытаецца: "Геранька, а ты сам адказаў альбо хтосьці падказаў?"... у мяне сэрца спынілася, вочы бегаюць, думаю, што адказаць... кажу: "Падказалі!" Настаўніца вярнулася да стала й схавала кардонку ў тэчку... І толькі ў наступным годзе ў сапраўднай першай клясе я атрымаў сваю пяцёрку, але што гэта было — намаляваная ў дзёньніку лічба, якая ніколі не параўнаецца з той, амаль мітычнай, жаданай, кардоннай, чырвонай.

1-га верасьня. Стаю я ў сінім гарнітуры, трымаю ў руцэ чырвоныя гвазьдзікі (ненавіджу гвазьдзікі — кветка савецкага застою), школа беларускамоўная, старшаклясьнікі падыходзяць да нас, падшыванцаў, дораць кнігі, ціснуць рукі, віншуюць з пачаткам, а мы ў адказ дорым ім гвазьдзікі... І мне, вядома, пашчасьціла, мне падарылі кнігу Мікалая Чаргінца "Приказ №1"... Я гляджу — на вокладцы ваенныя, партызаны, дадому яе прынёс, на форзацы яшчэ было напісана нейкім адзінаццаціклясьнікам пошлае рымаванае чатырохрадкоўе пра тое, што вучоба робіць з нас людзей, дата й подпіс... Калі я быў ужо ў дзявятай клясе, гэтая кніга пайшла ў сьметнік, дакладней — у агонь разам з астатняй макулятурай... Мой бацька тады знайшоў усе лісты да маці, што напісаў за тры гады вайсковай службы ў Разані, дадаў да іх колькі кепскіх кніг і вырашыў "пачысьціць" кладоўку... Полымя забаўляла ўвесь двор ажно да позьняй ночы... Спалілі кіляграмы непатрэбшчыны ў закінутай пясочніцы.