Выбрать главу

Зь першага верасьня пачаліся мае пакутлівыя вечары, калі я сядзеў за пісьмовым сталом і спрабаваў пісаць пропісі: вузельчыкі, кручочкі, шляпкі грыбкоў... Перада мною стаяў стары касэтны магнітафон з адламанай кнопкай перамоткі наперад, на талерцы — у найлепшым выпадку халва, альбо печыва, альбо кавалачак белага хлеба з варэньнем, малако, зэдлік пада мною, скрыпучы, з адной разбаўтанай ножкаю. Звычайна я нагою боўтаў і час ад часу трапляў па адным з тамоў Карла Маркса "Капітал", якія выконвалі ролю апоры для аднаго боку стала, бо той быў стары й кожную хвіліну пагражаў разваліцца. Пісаць вельмі не хацелася, і я часта аддаляўся ў свае мары й думкі, утаропіўшыся ў жоўтае сьвятло лямпачкі таршэра, аздобленага парваным абажурам. Мама сядзела на сваім ложку сьпінаю да сьцяны, на якой вісеў чырвоны дыван; яна альбо вязала, альбо чытала, тата спаў альбо чытаў газэту, лежачы побач з мамаю. Зь левага боку ад мяне стаяў наш з братам двухпавярховы ложак, унізе спаў брат, а я сядзеў гадзінамі і ўсё ніяк ня мог скончыць са сваімі пропісямі.

Першая суседка па парце, якая кожны дзень паказвала мне, як рыбка заплывае ў пячорку (указальным пальцам тыкала ў кулак, пахабна так, з намёкам)... Я чырванеў, але ня надта каб саромеўся... Звалі яе Наста, а прозьвішча ў яе было дзіўнае — Маргалік, калі чытаць яго з канца, атрымлівалася "кілаграм". Яна й выглядала на кіляграм, худзенькая, сьветлавалосая... Мне зь ёю падабалася сядзець, нават была нейкая дзіцячая сымпатыя да яе, нягледзячы на тое, што я ўжо быў закаханы ў Вольгу Белую, страйнюткую высокую дзяўчынку з блакітнымі вачыма...

Першы квадратны заплечнік са штучнай скуры, які моцна ціснуў на плечы скрозь чорнае футра, дакладней, чорны кажух, якога я жах як саромеўся... Кажух калоўся й не даваў волі рухам, быў стары й падраны, месцамі перашыты й паедзены мольлю.

Першы сіні гарнітур і калготы, якія бацькі прымушалі апранаць узімку... Пакуты працягваліся на фізкультуры ў распранальні: здымаеш сінія штаны, а там — калготы... Рогат мусіў стаяць па ўсім пакоі, але... усе здымалі штаны й стаялі ў калготах — з каго тут сьмяяцца.

Я ненавідзеў фізкультуру за тое, што мы гулялі ў "Фігура замры", гаўняную гульню, якая пачыналася са словаў: "Море волнуется раз, море волнуется два, море волнуется три, морская фигура замри". Я, ляць яго, ніколі не пасьпяваў "застыць", як належыць, і кожны раз прайграваў у самым пачатку... Лепей бы ўжо давалі гуляць у футбол альбо баскетбол... Трэ' адзначыць, што ў "Фігура замры" кожны раз перамагала Вольга, і гэта мяне яшчэ больш злавала.

Таксама я, як і большасьць дзяцей, марыў быць акторам, здымацца ў кіно, граць у тэатры... Таму, калі на калядным ранішніку адзін з удзельнікаў прадстаўленьня для бацькоў захварэў, я, нават не разважаючы, пагадзіўся заняць яго месца, ня ведаючы да апошняга, што трэба будзе рабіць... Так я апынуўся сракаю каня... Разьвітальная песьня "Дадому, дахаты" мусіла выконвацца пад выдатны танец каня, які складаўся з двух дзяцей, накрытых карычневым пледам, мой аднаклясьнік быў перадам, трымаў галаву каня на палцы й вырабляў штукі пярэднімі "капытамі", я, у сваю чаргу, трымаючыся за талію хлопца, упёршыся галавою яму ў азадак і сагнуўшыся долу, ледзь пасьпяваў перасоўваць ногі... На наступны дзень я адмовіўся быць акторам і па традыцыі, заведзенай з часоў Гагарына, пачаў марыць пра касманаўтыку, якая, я быў упэўнены, ніколі б не прымусіла мяне быць сракаю каня.

У другой клясе мы ўсе ўжо вызначыліся зь сябрамі, я зблізіўся з Вовам, Ільлём, Сашам і Косьцем. Мы ўтварылі нешта накшталт маленькай банды, старэйшыя нас не чапалі, а я пасьпяваў ганяць кепскага аднаклясьніка Рыгора.

У нашым асяродзьдзі нават зьявілася першая багатая дзяўчынка, яна распавядала, як езьдзіла ў Баўгарыю. Гэта для нас было такім далёкім і неверагодным... такім жаданым і незразумелым... ажно захоплівала дыханьне. Баўгарыя на той "фанцікаўскі" час была Мэккаю для заможных беларусаў... Ганна сябравала са мною, бо я ганяў Рыгора, які зьдзекаваўся зь яе, маляваў карыкатуры, падкрэсьліваючы ейную паўнату... Ганна мне шмат чаго распавядала й давала гуляць пасьля ўрокаў зь "вясёлкай"...