Выбрать главу

Ён быў волатам духу і заставаўся звычайным чалавекам свайго складанага часу. Ён не любіў царскі двор, але не меў сілы адмовіцца ад пакутніцкага жыцця пры ім. Вядома, што за якіх два гады да сваёй гібелі ён падаў прашэнне аб адстаўцы і нават атрымаў дазвол ад цара, ды забраў тое прашэнне назад. І мы цяпер думаем, як бы, мусіць, інакш склаўся ягоны лёс, калі б ён выйшаў у адстаўку, паехаў з сям'ёй у сваё Міхайлаўскае... Але не, умяшаліся сябры і з іх самы лепшы — Жукоўскі. Як гэта нярэдка бывае — з самых лепшых пачуццяў і найлепшых жаданняў. Але тое ўмяшанне павяло паэта прамой дарожкай да гібелі.

Вядома, што жыццё і гісторыя багаты на крутыя павароты і нечаканасці, далёка не ўсё ў іх можна прадугледзець нават у наш камп'ютэрызаваны век. Часам не ўсё разумеў і Пушкін. Як сведчаць сучаснікі, ледзь не да апошніх гадоў жыцця ён як бы саромеўся звання літаратара, «сачыніцеля», як тады гаварылі. Ён хацеў быць патомным расійскім дваранінам, належаць да знаці. Ён невысока ставіў Акадэмію славеснасці, да членаў якой належаў, і дбаў пра членства ў Акадэміі навук, куды яго ўпарта не пушчаў сам міністр асветы граф Увараў. Шмат год не хацеў верыць Пушкін у сваю вялікую нацыянальную місію, якая зрабіла бессмяротным яго імя. Але ж хіба адзін Пушкін? І хіба тое здаралася толькі ў часы Пушкіна? Поезд справядлівасці, як даўно вядома, нярэдка спазняецца, і «нету пророка в отечестве своем». У поўным сэнсе вялікім прарокам Пушкін стаў пасля смерці, затое ён будзе такім заўжды. Даўно сцерліся з людской памяці імёны цароў і царадворцаў, розных «сильных мира» пачатку XIX стагоддзя, усіх тых, перад кім пачціва цягнуўся Пушкін. А Пушкін жыве. І ён будзе жыць, пакуль будзе існаваць чалавецтва, бо ягоная вялікая, жывая душа ў наш не толькі жорсткі, але і жудасны век з'ядноўвае людзей пачуццямі дабра, злучае разарваную сувязь часоў і дае надзею.

Надзею выжыць, не ператварыцца ў атамных дзікуноў, не толькі выхаваць сучасны высокарацыянальны розум, але і не занядбаць душу, здольную на дабрыню, чалавечнасць, а часам — і слабасць. Калі-нікалі так бывае ў гісторыі, што апроч сілы патрэбна і слабасць, бо слабасці патрэбна справядлівасць. Сіле ж нічога не трэба.

І гэта выдатна разумеў Пушкін.

Няхай жа навек ён застанецца на зямлі прарокам дабра і справядлівасці.

ГАЗЕТА «ЛІТАРАТУРА І МАСТАЦТВА»

Верасень 1987 г.

Аднойчы, яшчэ даўно, у выпадковай размове адзін вядомы маскоўскі літаратар, прачытаўшы ў часопісе публіцыстычны артыкул Алеся Адамовіча, запытаўся ў мяне пра аўтара і, пачуўшы ў адказ, што гэта малады беларускі празаік і літаратуравед, здзівіўся: адкуль у таго такое глыбокае разуменне чалавека, такое рашучае непрыняцце фальшы і крывадушна, такое дасканалае веданне часу, літаратуры і яе няпростых заканамернасцяў.

Адкуль? Хто ж яго ведае, але што тое здаўна і ў поўнай меры ўласціва Адамовічу, дык гэта пэўна. Я, напрыклад, не ведаю другога такога літаратара ў Беларусі, хто б так глыбінка і дакладна разумеў свет і прыроду чалавечых заганаў, асабліва ў наш час, калі столькі ўжо выплыла на паверхню і яшчэ больш тоіцца, чакае на сподзе, то даючы надзею, то павяртаючы ў роспач. Чалавецтва ўвачавідкі падышло да свае жахлівай мяжы, калі выратаваць яго ад пагібелі можа толькі катаржна-плённая праца душы, у пакутах народжаная духоўнасць. Шматпакутны лёс нашай зямлі сёння, як ніколі раней, залежыць ад высілкаў кожнага, ад нашай крыштальнай сумленнасці і самаахвярнае безагляднасці. І нам прыемна ўсведамляць, што ў гэтай справе ёсць выдатныя прыклады, адным з якіх з'яўляецца шматгадовая літаратурная і грамадская дзейнасць нашага земляка, выдатнага пісьменніка і мысліцеля Алеся Міхайлавіча Адамовіча.

Так, ён перш за ўсё мысліцель, філосаф сучаснай ядзернай эпохі, які яшчэ задоўга да пачатку перабудовы, у гады так званага застою, не толькі заклікаў іншых, але і сам актыўна і паслядоўна дбаў пра новую свядомасць, якая б паклала асновы мірнага суіснавання народа. Праўда, тады многія ягоныя пастулаты крыкліва адвяргаліся дагматыкамі, іх выкаранялі з ягоных артыкулаў і выступленняў, іх аўтара вусна і пісьмова абвінавачвалі ў... У чым толькі яго не абвінавачвалі! Але, як пісаў нядаўна выдатны літаратурны крытык Ігар Дзядкоў, «шчасце і няшчасце мастака, што некаторыя важныя рэчы ён гаворыць раней за іншых, І не таму, што разумнейшы за некага. Дастаткова, калі мае перавагу ў маральнай паслядоўнасці і сіле спачування». Гэта так. Адамовіч, вядома, пераўзыходзіў многіх як сілай аналітычнага мыслення, так і безумоўнай маральнай непахіснасцю перад няпраўдай. Не зважаючы ні на што, ён праз гады застаецца сабой, і цяпер тыя яго высновы пяці- і дзесяцігадовай даўнасці сталі заканамернымі імператывамі нашай міжнароднай палітыкі і шырока падтрымліваюцца дэмакратычнымі коламі свету.