Талент Адамовіча надзвычай шматгранны. Можна нават сказаць, што гэты чалавек — творца універсальных магчымасцей, які бліскуча засведчыў сябе ў розных жанрах літаратуры. І ўсё ж ён пісьменнік, празаік шырокага жанравага дыяпазону — ад лірычнай аповесці да эпічнага рамана. Яго аналітычна-філасофская проза, найбольш ярка прадстаўленая «Хатынскай аповесцю» і «Карнікамі», безумоўна, з'яўляецца вяршыняю беларускай і савецкай ваеннай прозы. На многіх старонках гэтых твораў знайшло дзівоснае па гармоніі паяднанне Адамовіча-мастака і Адамовіча-правідца, часам роўнага па сіле таленту Дастаеўскаму. Чытаючы іх, не перастаеш здзіўляцца, якім чынам спасцігнута ўсё гэта, з якіх завулкаў чалавечай душы здабыта? Мусіць, тое ж можна сказаць і пра яго «Апошнюю пастараль» — гэты здзіўляючы літаратурны вопыт сучаснага апакаліпсіса, які можа здасца пачварнай фантастыкай, постядзернай антыутопіяй. Але Адамовічу можна паверыць. Як ніхто з сучасных мастакоў слова ён адчувае надта абвострана маштабы ядзернай пагрозы чалавецтву і як ніхто з сучаснікаў гатовы без аніякага разліку, накшталт рыцара сумнага вобразу, з адным аголена-балючым сумленнем кінуцца супраць пагрозы. Часам тыя, што заўжды стаяць убаку і, канешне ж, адчуваюць сябе разумнейшымі, грэбліва ўсміхаюцца: «Хіба так можна нешта зрабіць? Там жа сцяна!» Але Адамовіч не прывык вагацца ці разлічваць свае шанцы і, здараецца, насуперак логіцы робіць! Ці не сведчанне таго — ягоны безразважны ўдзел у ліквідацыі пагрозы чарнобыльскай катастрофы — учынак, што, як вядома, каштаваў Адамовічу немалых страт, затое дапамог людзям засцерагчыся ад вялікай нечаканай бяды. І цяпер многія і не падазраюць, каму абавязаны жыццём і здароўем. Але, можа, гэта і добра. Адамовіч ужо пэўна не з ліку славалюбівых.
Не славалюбівы — гэта безумоўна. Ужо будучы прызнаным пісьменнікам, вучоным-літаратураведам, прафесарам універсітэта, ён кінуў усе свае літаратурныя клопаты і разам з Брылём і Калеснікам падаўся ў народ запісваць — не сваё — народнае веданне вайны, ратаваць ад забыцця трагічныя лёсы «хатынскіх вёсак». Некалькі гадоў беспрытульнага блукання па глухіх кутках Беларусі, сотні сустрэч і кіламетры магнітафонных стужак далі нацыянальнай літаратуры унікальны твор, своеасаблівую антыфашысцкую біблію. Менавіта гэтая кніга шчасліва ўсчала новы жанр ваеннай дакументалістыкі, бліскуча прадоўжаны затым «Блакаднай кнігай»(усё таго ж А. Адамовіча і Д. Граніна), усёй творчасцю С. Алексіевіч і іншых.
Але калі не зваблівы покліч славы, дык што ж тады рухае ім, што кіруе ягонаю апантанасцю? Мабыць, гэта, аднак, абвостраная прага справядлівасці, глыбокачалавечая цяга да праўды, да якой спрадвеку так трудна бывае дапяцца. Мусіць, гэта было таксама ў аснове адамовічавага звароту да толькі што адкрытай па тым часе творчасці выдатнага класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага, проза якога намаганнямі Алеся Адамовіча была ўведзена ў літаратурны абарот рэспублікі і краіны. Зрэшты, калі аб тым гаварыць, дык аўтарытэт Адамовіча як крытыка-літаратураведа здаўна надзвычай высокі ў савецкай літаратуры. А ў Беларусі тым больш. З канца 50-ых гадоў і да нашага часу, мабыць, ніхто з крытыкаў так плённа і рашуча не ўплываў на нацыянальны літаратурны працэс, як гэта рабіў Адамовіч. Ён жа сваім рупным прыкладам і беззаганнай прынцыповасцю садзейнічаў выхаванню цэлай плеяды выдатных крытычных талентаў, якія цяпер шырока вядомы і па-за межамі рэспублікі. Гэты ягоны ўплыў на літаратуру краіны толькі мацнее з гадамі, бо забяспечаны крэдытам высокай навуковасці і маральнай чысціні ягонай асобы.
Верны высакародным ідэалам гуманістычнага мастацтва, Алесь Адамовіч здаўна, можа, яшчэ з канца 50-ых гадоў, вядзе бязлітасную барацьбу супраць шэрасці, бяздарнасці і канфармізму, якія сталі ваяўнічаю пошасцю ў нашай літаратуры. Вядома, тое не прыносіць яму суцэльных поспехаў, часам яму помсцяць жорстка і балюча; мусіць, літаратурная барацьба — справа не меней жорсткая, чым барацьба класавая, хай сабе і ў межах аднаго грамадства. Літаратура, аднак, даўно ўжо прывыкла, што адамовічавы прысуд пэўнаму твору — неабвержны і канчатковы, бо заўжды заснаваны на скрупулёзнай доказнасці і бездакорным літаратурным гусце. Абвергнуць крытычныя адамовічавы вярдзікты яшчэ не ўдавалася нікому. Вядома таксама ягоная непрыязь да неўтаймаванай бюракратызацыі літаратуры, да эфемерных літпасад, прэмій і званняў. І гэта зразумела. Самому Адамовічу не трэба ніякіх званняў, апроч літаратурнага імя, здабытага талентам і сумленнем. І гэта выдатна.