Але перабудовачныя зрухі апошніх год абудзілі не толькі праведныя народныя эмоцыі — прахапіліся ад спалоху і іншыя сілы. З розных куткоў краіны і асабліва верхніх паверхаў кіраўнічых гмахаў пачуліся слёзныя крыкі: нішчацца высокія арыенціры, хістаюцца ўстоі, глядзі рухне ўвесь так старанна збудаваны палац народаў і настане канец.
Але каму — канец?
Калі чытаеш у «ПС» несканчоны лямант наконт пагібелі асноў, дык цяжка адмовіцца ад думкі, што некаму, відаць, ёсць што губляць са стратай тых шматгадовых устояў. Інакш бы так не лямантавалі. І праўда, ёсць. І сярод гэтых страт найперш, вядома, — яе вялікасць улада над уся і ўсім, чароўная адмычка ад усяго іншага, жаданага і зваблівага ў жыцці. Так, улада! Гэта некалі, у мінулым, людзі імкнуліся да традыцыйных даброт жыцця — зямлі, грошай, маёмасці, таго, што давалася працай некалькіх пакаленняў. Цяпер жа, каб дасягнуць жаданага, трэба зусім іншае, і найперш — паслужлівасць. Розум? Дзелавітасць? Сумленне? Не толькі не абавязкова, але часцей за ўсё і замінае. Значыць, толькі паслужлівасць. Без гэтае самай распаўсюджанай пошасці веку не можа абысціся ніхто — ні чыноўнік, ні навуковец, ні мастак. Усё — талент, шчырасць, дабрыню і розум перамагае магутны молах улады, тыя, хто маюць уладу, хто на паўдарозе да яе, хто мае для яе патэнцыяльныя даныя. Перад уладай не можа ўстаяць ніхто. І калі сярод нас усё ж знаходзяцца тыя, што могуць сёння сказаць, што яны незалежныя ад яе, што яны ўберагліся ад яе смяротна-зваблівых чараў і жывуць вольнымі людзьмі, дык мы павінны зняць шапку перад гэтымі нешматлікімі людзьмі.
Павінны! Але ці здымаем? Ці таму нас вучыць жыццё? Хутчэй за ўсё мы іх узненавідзім. За тое, што яны не такія, як мы. Не такія дробязныя трапетуны, як многія, і могуць сказаць, што думаюць. І нават выйсці на плошчу. Але тым яны быццам прыніжаюць нашу мізэрную годнасць. І прычыняюць клопат. А калі яшчэ да ўсяго дадаецца іх несумненны талент, дык наогул нашае непрыязні няма мяжы. Ужо тут мы не дамо ім узвысіцца хоць бы з прынцыпу, мы іх імкнёмся прынізіць, паставіць у наш звыклы рад. Любячы літаратуру, усё ж сябе мы любім болей за ўсё. Раней для таго прыніжэння былі хлёсткія азначэнні — «папутчык», «вораг народа», «ідэалагічны дыверсант». Цяпер не менш хлёсткія — «нефармал», «дэмакрат», «народнафронтавец». Але ці не час паразумнець некаторым штатным энтузіястам пісьменніцкай канферэнц-залы — часы ўсё ж мяняюцца. Калі яшчэ да нас тое не дайшло, дык дойдзе, бо дайшло да іншых — нашых суседзяў, блізкіх і далейшых, дзе некаторыя з былых «нефармалаў», «заклятых дэсантаў», сталі героямі нацыі, прэм'ер-міністрамі, прэзідэнтамі. Але што ж, у нас на Беларусі — усё не так, як у людзей, прынамсі як у Еўропе. На жаль, мы ўсё яшчэ — не Еўропа, і гэта не зважаючы на нашу гераічную гісторыю, на нашыя ахвяры, наша легендарнае доўгацярпенне, якому няма мяжы.
Але ж колькі можна? Чаму нас нічому не вучыць не толькі гісторыя, але і сённяшні самы надзённы і балючы вопыт, учарашнія падзеі, горкія і ганебныя?
Цяпер нярэдка пачуеш, што СП не адпавядае новаму часу, састарэла яго структура, патрабуе абнаўлення кіраўніцтва. Правільна: і састарэла, і не адпавядае. Але СП — найперш гэта мы самі; і кіраўніцтва наша такое, якога мы заслугоўваем. Не больш і не менш. Калі палітычная свядомасць СП, нашы палітычныя ідэалы — на ўзроўні свядомасці гуртка рыбаловаў-аматараў, дык чаго ж чакаць ад праўлення, прэзідыума, сакратарыята? І чаго чакаць ад народа, калі ягоную інтэлігенцыю, творцаў і майстроў прыгожага столькі гадоў імкнуліся ператвараць у нясмелую замуштраваную групку дзіцячага садзіку, да якой найбольшае патрабаванне, каб сядзела ціха. І сядзелі ціха. Дзесяцігоддзямі сядзелі, бяскрыўдна дазваляючы папінаць сабой зграі ідэалагічных наглядчыкаў ад класнай дамы Сінельнікавай да ідэалагічнага Прышыбеева — Паўлава, які нават стаў нашым калегам. Усё ж ён чалавек «сціплы», бо мог бы стаць і класікам і ўлезці ва ўсе хрэстаматыі, і атрымаць прэміі, і званні. Хто б яму перашкодзіў? Тыя, што цяпер выступаюць супраць ушанавання таленту Рыгора Барадуліна, аж распіналіся пра незвычайны талент Савелія Яфімавіча. А іншыя маўчалі. Як маўчалі, калі распраўляліся з А. Карпюком, калі ва ўпор не заўважалі Караткевіча. Калі на Траецкім прадмесці, дзе цяпер збіраюцца паставіць помнік ахвярам афганскай авантуры, бравыя хлопцы з адпаведнай выпраўкай лупцавалі дзяўчатак з мастацкага вучылішча за іх крамольную спробу правесці «гуканне вясны». Калі самадзейныя купальскія вогнішчы на працягу многіх гадоў залівалі з пажарных машын МУС. Верхам знявагі і непрыкрытага тэрору ў адносінах да беларускага народа стала, канешне ж, векапомнае 30 кастрычніка, калі ўчыніўся здзек над народнаю верай, традыцыяй, культурай, калі наваяўлены айчынны фашызм ва ўсёй красе паказваў сваё насарогава аблічча. На вялікі наш сорам, знайшліся і інтэлігенты, якія памкнуліся апраўдаць і адобрыць гэтае злачынства стагоддзя. Ну але што ж, хіба першы раз! Дзеля свае роднае партыі чаго не зробіш? Іншыя рабілі не тое — варта пачытаць сёння апублікаваныя стэнаграмы паказанняў некаторых з іх на славутых працэсах трыццатых гадоў. Можна звар'яцець, а мы перасталі і здзіўляцца.