Людзі могуць быць розныя — беспрынцыпныя і бяспамятныя, гісторыя ж жыве па сваіх законах і рупна робіць свой беспрыстрасны рэестр. Ад яе пільнага вока не засцеражэцца нішто. І тут нельга адкараскацца ад думкі, што мы, беларусы, нясём на сабе нейкую каінаву пячаць за немаведама якія грахі ў мінулым ці будучым. Я ўжо не кажу пра Чарнобыль, гэты гіганцкі атамны генацыд, які, здаецца, усё ж даканае нацыю. Асабліва пры такой эканоміцы і такой палітыцы. І пры такім начальстве! Незабыўны наш Караткевіч некалі расказваў прытчу, як Бог, стварыўшы зямлю, размяркоўваў яе між народамі. Нехлямяжыя беларусы, вядома ж, спазніліся, усё ўжо было падзелена. Апроч аднаго райскага кутка з мяккім кліматам, лясамі-барамі, рыбнымі рэкамі, урадлівымі палямі. І гэты куток Бог аддаў беларусам. Але каб тыя не заганарыліся, прыставіў да іх надта ж благое начальства. За шмат стагоддзяў, што мінулі з біблійскіх часоў, парадзелі лясы, спаскудзіліся рэкі, клімат змяніўся, але якасць нашага начальства засталася нязменнай. Столькі гадоў нацыя без лідэра! Ва ўмовах дэмакратыі, дык тое, можа, было б і няблага, але ж нам да дэмакратыі — як да таго гарызонту, які ўсё аддаляецца. Пакаленні пражылі без яе і, мусіць, будуць жыць новыя. Але як во пражыць без начальства?
Азіраючыся цяпер назад пры не надта і вялікім веку, бачыш, як няшмат было сярод іх людзей людскіх, у якіх за гады іхняй кар'еры не вытруцілася чалавечае ў душах. Бы слупы, яны стаяць у часе, аддзеленыя адзін ад аднаго кіламетрамі. А іншыя... Можа, упершыню за столькі год у нас з'явіўся старшыня ўрада спецыяліст і рэфарматар, і нацыя пазірае на яго з вялікай, ці не апошняй надзеяй. Хаця ў сучасных умовах усеагульнага развалу і ранейшага дыктату ЦК наўрад ці ён многа зможа...
Зрэшты, мы не максімалісты. Беларусь абышлася б і без выдатнага кіраўніцтва, але з такім, якое б не шкодзіла, не душыла, не цугляла нацыю на кожным кроку. А то па цуглянню наша рэспубліка, безумоўна, самая перадавая ў Саюзе. Нездарма Алесь Адамовіч гэтак трапна ахрысціў яе «Вандэяй перабудовы». Сапраўды, на што мы дзесяткі гадоў трацілі свой грамадзянскі імпэт, свой творчы запал? На змаганне за тое, што даўно ўжо дасягнута ў самых слабаразвітых краінах, што для якой-небудзь Верхняй Вольты пройдзены і забыты этап. Дзесяткі гадоў мы змагаліся за родную мову — некаторыя касцьмі клаліся ў тым змаганні (як Уладзімір Дамашэвіч, напрыклад), закідвалі пісьмамі-снкамі ЦК КПСС, Гарбачова. За што пасля па адным іх цягалі ў ЦК на допыты, па сутнасці на здзек, бо ўсе пункты скаргаў ЦК КПБ разам з падначаленымі яму міністэрствамі настойліва абвяргаў. Сёння, калі абставіны трохі змяніліся, аддамо належнае нашым братам, мастакам Беларусі, некаторым з навукоўцаў, настаўнікам, імёны якіх цяпер і не ўспамінаюцца. Гэта цяпер, калі стала можна, ТБМ раскашуе ва ўсенародным, афіцыйным прызнанні, і дай ёй бог раскашаваць і далей. Тое, што яна робіць, вядома, трэба рабіць. Але і не трэба заспакойвацца, па сутнасці нічога яшчэ не дасягнута. Трэба зразумець, што доўгачаканы акт надання дзяржаўнасці беларускай мове — не больш чым чарговы бюракратычны манеўр, нацыянальны падман. Пры цяперашніх далёкіх ад дэмакратыі пазіцыях нашага кіраўніцтва праблема нацыянальнае мовы застаецца нявырашанай. Для таго, каб беларуская мова стала сапраўды народнаю, дзяржаўнай мовай, відаць, патрэбна змена ўсяго антынацыянальнага, сервілісцкага ладу на суверэнна-дэмакратычны, што нам пакуль і не свеціць. Мабыць, мы яшчэ не дараслі да таго. Да таго дарасла Балтыя, а не Беларусь, рукамі якой цяпер спрабуюць душыць яе боскую ініцыятыву да волі. Саюзны ВС прымае законы аб крымінальнай адказнасці за тэрытарыяльныя прэтэнзіі, а Прэзідыум нашага ВС выдае заявы аб такой прэтэнзіі да Літвы. Сорам гэтай ганебнай акцыі падае, вядома, і на нас, творчую інтэлігенцыю. Нам найболей адно назваць за ганебныя акты, якія падпісваюцца тымі, хто, бы матылі, з'яўляюцца і знікаюць, ні за што не адказваючы. Як яны ні ў нас, ні ў Маскве не адказалі ні за Венгрыю 56-га года, ні за Чэхаславакію 68-га, ні за Афганістан. Нам жа заставацца на гэтай зямлі і ў яе гісторыі і, значыць, несці гістарычную адказнасць.