Могуць сказаць: а што мы можам?
Сапраўды, што?
Мы самі — задушаныя, нямыя і бяспраўныя. Дзесяткі год мы змагаліся за рэабілітацыю нашых няшчасных праведнікаў ад Гаруна да Гартнага і пяці дзесяткаў іншых дзеячаў культуры, на якіх ужо рыхтаваліся новыя абвінавачванні — так сказаць пасмяротныя, па другім заходзе. Год назад Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР праз Вярхоўны суд рэспублікі ўрэшце рэабілітаваў вялікую іх групу. Але без удзелу кіраўніцтва СП. Кіраўніцтва СП у той час вяло зацятую вайну з БНФ, даказваючы яму, сабе і найперш, вядома ж, начальству, згубу праграм БНФ, ягоных памкненняў да волі і незалежнасці. Чым скончылася гэтая барацьба, вядома — беспрэцэдэнтным для гісторыі нашай культуры ганебным уотэргейтам у нашым доме, самаўпраўствам міліцыі, знявагай годнасці ўсёй нацыянальнай інтэлігенцыі. І зноў без усялякага выніку — кіраўніцтва СП нават не пасварылася з начальствам. Як жа, а раптам начальства разгневаецца і адмовіць у свае панскае міласці? Факт гэтага ганебнага ўварвання ў «пошуках бомбы», вядома ж, ніхто не расследаваў, і не развеяны падазрэнні, што некаторыя з апаратчыкаў СП і навялі міліцыю на гэты начны ўзлом. Я ўстрымліваюся ад каментарыя гэтага факта, хай яго ацэніць наша шаноўная грамада.
І што ж, на тым усё сціхла? Бомбу не знайшлі, але дакументы забралі, і ўсё скончылася? Скончылася хіба ў аператыўных зводках карных органаў, але для гісторыі толькі пачынаецца. І ўсё тое, безумоўна, праявіцца ў жыцці наступных пакаленняў, дзяцей тых дзяўчынак і хлопчыкаў, якіх лупцавалі веласіпеднымі ланцугамі каля Траецкага прадмесця, якіх труцілі газамі каля Маскоўскіх могілак, білі міліцэйскімі палкамі ля Курапат, дзе здаўна ляжаць у брацкіх магілах іхнія дзяды і прадзеды. Такое не забываецца, не знікае ў памяці народа і ягонай гісторыі, якія б высілкі для таго не рабілі камуністычная партыя, КДБ, МУС, нашы псеўдавучоныя ад Абэцэдарскага да Залескага. Безумоўна, апроч гісторыкаў, над тым парупяцца творцы: раманісты і мастакі, песняры і рэжысёры, якія цяпер змушаны змагацца, смешна мовіць — за прызнанне ў Беларусі яе нацыянальнай гістарычнай сімволікі. Пра тое нават нельга сказаць у далёкім ці блізкім замежжы — ніхто цябе не зразумее: чаму так? Які ў гэтым сэнс ці хоць бы якая логіка? Я не ўпэўнены, што тое разумеюць нават тыя, што забараняюць гэтую няшчасную сімволіку. Бела-чырвона-белы сцяг ім, бачыце, ненавісны за тое, што яго насілі паліцаі. Дык паліцаі ж насілі і штаны, што ж тады вынікае з вашых вучоных высноў, шаноўныя панове? Няма сумнення, усё гэта будзе смешна і недарэчна нават праз вельмі кароткі час. Але цяпер не смешна. Цяпер балюча і крыўдна, бо тупы жандарскі бот па-ранейшаму напірае і фізічнае існаванне нацыі, і яе стогадовыя духоўныя набыткі. Якія яна па крошцы выпрацоўвала ўласнымі высілкамі, высілкамі сваіх найлепшых людзей, збірала і зберагала — праз войны, голад, галечу, іншаземнае панаванне.
Народ — сірата без лідэра, гэта элементарна. Але яго будучыня не безнадзейная, калі ён мае ўласную інтэлігенцыю, якая генерыруе ідэі і з'яўляецца жыватворным ферментам палітычных працэсаў у грамадстве. Антынародныя, антынацыянальныя сілы гэта разумеюць выдатна, і таму такое шалёнае супраціўленне ў Беларусі сустракае яе Народны фронт. Усе сродкі кінуты на барацьбу з ім, з поўнаю пагардай да элементарнай цярпімасці, этыкі ці маралі. Але і непрызнаны Беларускі Народны фронт жыве, дзейнічае з апірышчам галоўным чынам на нацыянальна-дэмакратычную інтэлігенцыю, пры падтрымцы найбольш свядомых слаёў народа. І гэта дае надзею. У гэтым сэнсе нам трэба сёння азірнуцца на саміх сябе, паглядзець, якія мы інтэлігенты і як выконваем свае абавязкі перад народам. Вядома, у мастацтве найперш талент, але, апроч таленту, яшчэ так неабходна сумленне. І калі талент — ад бога, дык сумленне — хоць и не цалкам, усё ж у значнай меры — ад нашае чалавечае волі. І калі мець на ўвазе наш дужа нават няпросты час і наша мастацтва, дык у іх, мабыць, болей за ўсё, і вырашае менавіта сумленне. Сумленне ва ўсім: у стаўленні да народа, да гісторыі, да сучаснасці і будучыні. Пісьменнікі цяпер усе разумныя і таленавітыя, ведаў у кожнага звыш меры. І дай бог, каб ён надзяліў нас яшчэ і сумленнем.
Ці трэба нам сваё карпаратыўна-цэхавае аб'яднанне, свой прафесійны саюз?
Безумоўна патрэбны.
Толькі не такі, якім мы ўжо сытыя па горла. Не як зброя ўлады супраць літаратуры, не сродак уціску, а такі, каб выражаў волю большасці, нашую волю і нічыю болей. Не міністэрства літаратуры, падпарадкаванае (каму толькі не падпарадкаванае — ад ЦК да райаддзела міліцыі), не дэпартамент папяровых спраў з трыма паверхамі пісцоў-чыноўнікаў. А наш родны дом, наша царква, калі хочаце, у якой бы пісьменнік мог знайсці праўду і абараніць свае інтарэсы. Менавіта абараніць, а не навучыцца літаратуры ці марксізму — ужо тым, калі захочам, мы як-небудзь навучымся самі. Кіраўніцтва тое павінна быць не ў ролі паноў-міністраў, а ў ролі нашых таварышаў, дэмакратаў па перакананнях, не дзялкоў, а сумленных, разумных грамадзян. Таленавітых? Так, было б пажадана, каб таленавітых, але тое зусім неабавязкова. Сумленных — во гэта абавязкова. Такое, каб не кіравала намі і не дазваляла каму б там ні было кіраваць сабой. (Надта ж нам добра вядома, да чаго прывяло такое шматгадовае кіраўніцтва над ім.) Каб мела свой гонар і паважала гонар іншых. Але найперш сваіх членаў і членаў іншых братніх творчых саюзаў. А калі якая несправядлівасць, уціск ці занядбанне — літаратуры або грамадства, — каб мела адвагу сказаць пра тое перад усім светам, а то і выйсці на плошчу. І павесці за сабой тых, хто яшчэ адважваецца людзьмі звацца.