Што, занадта? Не, не занадта. Іншых і розных у нас ужо было даволі. Цяпер патрэбны менавіта такія. Тым болей, што часы наступаюць далёка не райскія — горкія і цяжкія часы. Барацьба будзе зацятай. За хлеб, за гонар і праўду — для сябе і нашага цярпліўца-народа.
ПРАМОВА НА І З'ЕЗДЗЕ БНФ
Чэрвень 1989 г.
Вялікі клопат і нязгасная трывога сабралі нас тут, у слаўным святым горадзе, на суседскай зямлі. Клопат за нашу сучаснасць і найбольш — за нашу будучыню.
Пад пагрозай вымірання наша культура, наша старажытная мова. Дамагчыся іх аднаўлення старымі бюракратычнымі мерамі, мерамі пастаноў і камісій, — мусіць, марная справа, для таго патрэбны высілкі ўсёй грамады. Але каб намагчыся на тыя высілкі, перш трэба ўсвядоміць, што нам пагражае, і хоць як-небудзь арганізавацца. Патомкі нам не даруюць, калі на жыцці нашых пакаленняў перапыніцца гістарычны шлях нацыі і на яе касцях народзіцца беспамятнае племя манкуртаў. Ужо відаць пэўна, што эканоміка рэспублікі напярэдадні краху, і калі не будуць прыняты радыкальныя меры, у хуткім часе нас чакае галеча, картачная сістэма, усеагульная беднасць, пакутны лёс заняпалай краіны. Дзіўна, што тыя, ад каго мы гэтак залежым, зачараваныя магіяй планавання і планавыканання, не хочуць усвядоміць, якая бяда насоўваецца на рэспубліку.
Наш рух не дамагаецца ні багацця, ні ўлады. Але мы не хочам усенароднай галечы і прагнем справядлівасці. Здаецца, што беларускі народ за сваю надта драматычную гісторыю заслужыў лепшай долі, чым тая, якой яго адарыла шматгадовае панаванне бюракратычнай сістэмы. Урэшце толькі сляпы не бачыць, што гэтая сістэма аджыла сваё і не можа даць народу нічога. Цяпер яна занепакоена адным: праблемаю сваёй улады. Як, зрэшты, і заўсёды.
Шматпакутны народ Беларусі не баіцца цяжкасцей, не цураецца працы. Ён толькі хоча, каб гэтая праца не была марнай і ішла на карысць хоць каму-небудзь, калі не яму самому. Нядаўнія дзесяцігоддзі, аднак, засведчылі, што гэта элементарнае спадзяванне — самае праблематычнае. Напружаная праца мільёнаў, шматгадовае абмежаванне імі сваіх элементарных патрэб замест належнага плёну неслі гора ды расчараванні. Варта прыпамятаць, што нам даў Афганістан, Афрыка, Блізкі Усход, Цэнтральная Амерыка. Колькі яны нам каштавалі і чым адплацілі. Усё тое — несумненны вынік непамерных амбіцый, бескантрольнасці ды імперскай прагнасці нядаўняга палітычнага кіраўніцтва дзяржавы. Нацыянальныя і эканамічныя катаклізмы сацыялістычных краін — таксама вынік іхняй нецярпімасці, паліцэйскай па сутнасці знешняй палітыкі. Увесь свет сацыялізму ўстрывожаны крызісам, у які яго ўвялі, і шукае выйсця. Сотні разоў ашуканыя, мы сваё выйсце павінны знайсці самі.
Наш рух за перабудову з'яўляецца нацыянальным па форме і дэмакратычным па зместу. У ім знойдзецца месца ўсім нацыям, з якіх складаецца народ Беларусі. Мы не выдзяляем з яго нашых даўніх братоў па зямлі і лёсу — рускіх людзей, якія даўно і бязвінна пакутуюць разам з намі. Таксама як і трагічную яўрэйскую нацыю, з якой на працягу ўсёй нашай гісторыі мы дзялілі небагатыя набыткі нашай зямлі. Палякі і літоўцы — нашы гістарычныя браты, і мы маем безліч сведчанняў сумеснага, сапраўды братняга існавання — у межах адной экалогіі, адной культуры і нават адной дзяржавы. Калі тое было магчыма на зары нашай гісторыі, дык чаму гэта немагчыма зараз? Народ павінен стварыць дзяржаву на сапраўды дэмакратычных пачатках — рэспубліку для ўсіх, хто ў ёй жыве і паважае яе гісторыю, мову, яе культуру.