Выбрать главу

І тут не можа не ўзнікнуць спрадвечная праблема правоў, якімі валодае ўлада і валодае народ. Няцяжка заўважыць пэўныя разыходжанні, калі вельмі складаная механіка ажыццяўлення ўлады дзяржаўным апаратам сістэматычна і няспынна ўдасканальваецца, а права народа ў лепшым выпадку галаслоўна дэкларуецца, застаючыся нерэалізаваным.

Са сталінскіх часоў у нас узнікла і ўчэпіста замацавалася практыка адноснасці самога паняцця народ. Калі рэдакцыя цэнтральнай газеты, дзяржустанова або орган улады атрымліваюць пэўную колькасць пісьмаў у падтрымку чарговай пастановы, дык гэта кваліфікуецца як несумненны выразнік волі народа і публікуецца ў друку. Калі ж на гарадской плошчы збіраецца 10-20-50 тысяч на несанкцыянаваны ўладамі мітынг, дык гэта ўсяго толькі «натоўп» і ўсе яго заклікі — не больш чым «патрабаванні экстрэмістаў». Літоўцы збіраюць больш трох мільёнаў подпісаў пад дакументам, які спецыяльнай місіяй адпраўляюць у Маскву, дзе той не знаходзіць ні разумення, ні падтрымкі. Вядомая Балтыйская акцыя трох народаў, у якой прынялі ўдзел некалькі мільёнаў людзей, таксама — «прошукі антысацыялістычных элементаў»? Пры апытанні грамадскай думкі ў Беларусі 99 працэнтаў з 66 тысяч апытаных выказаліся за правядзенне альтэрнатыўных выбараў, што, аднак, не перашкодзіла Вярхоўнаму Савету рэспублікі прыняць артыкул, які дапускае і безальтэрнатыўнае галасаванне. Дык што ж тады голас народа і як яго ўчуць? А галоўнае — як трэба на яго рэагаваць?

У той час, як пад уздзеяннем бурных перабудовачных працэсаў у краіне масавая свядомасць народа значна змянілася, палітычная свядомасць наменклатуры, здаецца, у многіх адносінах застаецца ранейшай — інертнай і кансерватыўнай. Адсюль — непрыняцце ёю палітычнай самадзейнасці шырокіх народных мас, упартае ідэалагічнае і адміністрацыйнае супрацьдзеянне яе імкненням. Нядаўна арганізаваныя народныя франты амаль усюды (апроч хіба Прыбалтыкі) былі ўспрыняты як незаконныя, антысацыялістычныя ўтварэнні і яшчэ да абнародавання іхніх праграм былі расцэнены як крамольныя і падвергнуты праследаванням. Шмат што несумненна дадатнае і, галоўнае, альтэрнатыўнае, народжанае знізу, што неслі іхнія праграмныя палажэнні, засталося за рамкамі працэсаў перабудовы і не садзейнічала яе актывізацыі. Далёкая ад якой-небудзь карэктнасці барацьба супраць арганізатараў і кіраўніцтва франтоў выклікала залішнюю нервознасць, нічым не апраўданую канфрантацыю ўлад супраць значнай і самай актыўнай часткі грамадства. Грэбуючы сапраўднымі мэтамі перабудовы, бакі распачалі зацяжную палеміку, якая, аднак, не здолела нават праясніць іхнія пазіцыі. У некаторых рэспубліках (напрыклад, на Украіне) бесперспектыўнасць падобнай сітуацыі была зразумета своечасова і зроблены першыя крокі да ўзаемаразумення і супрацоўніцтва. У іншых жа (напрыклад, у Беларусі) улады прадаўжаюць упарціцца ў сваім непрыняцці дэмакратычнага права грамадства на альтэрнатыўнасць праектаў прававых і дзяржаўных актаў, чым ствараецца пэўная напружанасць, якая несумненна тармозіць усе перабудовачныя працэсы. Як ні дзіўна, галоўная стаўка ўлад у гэтай справе робіцца не на палітычную работу ў масах, а на адміністратыўную ўсёдазволенасць і міліцэйскую сілу. Мінулая сесія Вярхоўнага Савета рэспублікі, якая прымала закон аб выбарах, выклікала дзіўную ўстрывожанасць апарату, калі будынак Дома ўрада быў ачэплены ўзмоцненымі нарадамі міліцыі і войск спецпрызначэння, ствараючы тым самым уражанне крайняй напружанасці палітычнай абстаноўкі ў горадзе. Наўрад ці, аднак, гэтая панічная занепакоенасць была чымсьці апраўдана: тыя некалькі сотняў мінчан, што сабраліся перад Домам урада, зусім не збіраліся кідацца на народных абраннікаў — яны чакалі магчымасці сустрэцца і пагутарыць з імі. Аднак замест дэпутатаў ім наканавана было сустрэцца з маўклівымі хлопцамі ў форме.