Нядаўна яшчэ за народам замацоўваўся элементарны абавязак — выконваць гістарычныя планы партыі як свайго кіруючага авангарда. Пабудаваная на вядомых прынцыпах дэмакратычнага цэнтралізму, КПСС, на справе сама знаходзячыся ў падпарадкаванні свайго ядра — ЦК і Палітбюро (хоць бы і праз з'езды і пленумы), у масе сваёй таксама з'яўлялася выканаўчым інструментам. Выстройвалася даволі выразная структурная мадэль, зручная для кіравання зверху, але пазбаўленая неабходнай для кожнай дасканалай мадэлі магчымасці зваротнай сувязі. Калі б усё гэта складвалася інакш, цяпер, мабыць, не давялося б столькі ламаць і перарабляць, амаль усляпую, без навукі і практычнага вопыту прабіваючыся да пачатку дэмакратыі. Цяпер часы ў многім змяніліся, але галоўная мадэль улады застаецца ранейшай. Нават перадаўшы ўладу Саветам, партыя не страчвае магчымасці кіраваць імі праз сваіх членаў, а галоўнае — праз шматвопытны ўласны апарат, які, як гэта вядома з гісторыі, у кожным супрацьстаянні заўжды здабываў перамогу. Здаецца, сапраўды няма ў свеце сілы, якая б магла перамагчы апарат. Мяняюцца часы, прыходзяць новыя пакаленні, масамі авалодваюць новыя ідэі. Але па сутнасці сваёй апарат не змяняецца — ён служыць рэальнай уладзе.
Даўнішні шматгадовы партыйны вопыт выпрацоўваў вельмі зручную практыку, калі кожная, самая бяскрыўдная крытыка партыйных парадкаў расцэньвалася апаратам як замах на аўтарытэт партыі ў цэлым і крымінальна праследавалася. Усумніцца ў яе палітыцы не дазвалялася нікому — ні яе члену, ні тым больш беспартыйнаму. Член партыі, вядома, быў звязаны партыйнай дысцыплінай, беспартыйнага ж білі «па руках», каб не лез у «чужы агарод». Але ці такім ужо чужым быў той агарод для вялікай большасці насельніцтва краіны, якое, не будучы ў партыі фармальна, тым не менш мусіла існаваць паводле яе законаў, ва ўсім падпарадкоўваючыся яе палітыцы. У аднапартыйнай дзяржаве лёс і тых і другіх ва ўсім залежаў ад партыі — пры адносным удзеле ў ёй яе членаў і абсалютным «партыйным бяспраўі» мільёнаў беспартыйных. Практыка мінулых гадоў аказалася вельмі зручнай формай барацьбы і ў перыяд перабудовы: апарат і наменклатура кожную канкрэтную крытыку ў свой адрас тлумачаць пашырана і зараз жа прымаюць баявую позу абаронцаў — не сябе, партыі. Ці трэба казаць, наколькі гэта ўскладняе дыялог, пазбаўляючы яго і мэты і сэнсу.
Падобным прыёмам для ўласнай абароны карыстаецца і ведамасная бюракратыя, чые карпаратыўныя інтарэсы непрыкметна для грамадства сталі набываць перавагу над дзяржаўнымі і таксама даволі паспяхова былі выведзены з зоны грамадскай крытыкі. І хоць ведамствы — не партыя, але і для іх стала ўласцівым выкарыстоўваць яе аўтарытэт у якасці бранявога шчыта. І на самай справе, ці мог паявіцца ў краіне праект або маглі адбыцца мерапрыемствы, у распрацоўцы і зацвярджэнні якіх не прыняў бы ўдзел той або іншы партыйны орган? Значыцца, само сабой адпала пытанне аб віноўніку ў выпадку няўдачы — вінаваты толькі падазраваўся, застаючыся без пакарання. У выпадку ж поспеху ўсё было зразумела, і ніхто ні ў чым не сумняваўся — асабліва ў аўтарстве гэтага поспеху.
Нават у самыя змрочныя часы нашай гісторыі, у атмасферы ідэйна-маральнага ўдушэння ўсялякага іншадумства лепшыя прадстаўнікі нашай літаратуры і мастацтва ўсё ж рабілі пэўныя спробы сказаць праўду, выявіць прыкметы крызісу, які ў рэшце рэшт ахапіў грамадства. Чаго гэта ім каштавала, цяпер добра вядома. «Служыцелі уз» пільна сачылі за адступленнямі ад канонаў «служыцеляў муз» і бязлітасна распраўляліся з адступнікамі. Цяпер мы скардзімся: мінула чатыры гады перабудовы, а кіно, літаратура, тэатр так і не далі нічога значнага ва ўмовах амаль поўнай свабоды творчасці. Я думаю, з тым трэба і яшчэ пачакаць — мастацтва і літаратура таксама перабудоўваюцца. Можа, не столькі ў адносінах арганізацыйных структур і формаў, колькі ўнутрана, псіхалагічна. Мабыць, і тут патрэбна змена пакаленняў, каб пазбавіцца ад спрадвечнага заняволення, авалодаць неабходнаю доляй таго капіталу духоўнасці, які апладняў мастацкую класіку і ад якога мы семдзесят год былі адчужаны.