Выбрать главу

Творчасць Марка Шагала — прыклад менавіта такой духоўнасці, што ярка і магутна ўвасобілася ў галіне выяўленчага мастацтва. Вядома, шмат у яго і ад матэрыяльнасці свету, нашай, беларускай, віцебскай, рэальнасці. Але астатняе — з ягонай душы, пэўным чынам пераўвасобіўшай гэтую рэальнасць. Мастакоўскі геній яго такога характару і маштабу, што гэтае пераўвасабленне ёсць адначасна і агульначалавечае ўзбагачэнне, інакш бы яно не захапіла свет, не зрабіла б імя яго такім ганаровым, а ягоную радзіму навек асветленай і яго славутым святлом.

Цяпер я хацеў бы перайсці да балючага пытання, якое нямала нашкодзіла рэпутацыі нашай культуры і, у прыватнасці, слаўнай рэпутацыі Віцебска. Я маю на ўвазе асаблівасць палітычнага іміджу маэстра, а таксама адносіны віцябчан да яго палітычных памкненняў. Безумоўнае глупства — патрабаваць ад Марка Шагала адпаведнасці марксісцкай ідэалогіі — Шагал вялікі мастак, але, на ягонае ці наша шчасце, не член КПБ. Ён прыблізна і, можа, вульгарна кажучы, буржуазны мастак, хоць у тым абсалютна няма нічога кепскага. Пушкін, як вядома, быў дваранскі паэт, а Дастаеўскі манархічны пісьменнік. Шагал — светач яўрэйскай культуры, што таксама натуральна і правамерна. Было б ненатуральна, каб ён стаў дзеячам ісламу, хоць на тое таксама меў бы сваё ўласнае права. Але ў той жа час абсалютна бясспрэчна, што Шагал, будучы яўрэем па паходжанні, роўнай меры апостал і беларускай культуры ўжо хоць бы фактам свайго нараджэння на беларускай зямлі. Апроч таго, вобразны лад ягонага жывапісу, лірычны характар яго светаўспрымання, трывалы гуманізм ягонай творчасці — якраз тыя якасці, што родняць яго з лепшымі традыцыямі нацыянальнай беларускай культуры. Зрэшты, гэта і натуральна. Кожны мастак ідзе ў вялікі свет мастацтва з уласнага нацыянальнага падворка, яшчэ ў дзяцінстве засвоіўшы ягоныя формы, выгляды, пахі і краскі. Урэшце, ён уліваецца ў вялікае і неўміручае рэчышча сусветнай культуры, дзе ўжо належыць свету. І чалавецтва ўдзячна яму, таксама як удзячна перш-наперш ягоным бацькам і таму неславутаму куточку зямлі, якая яго спарадзіла. Праз яго і зямля набывае славутасць.

І тут я хацеў бы сказаць пра малапрыемнае.

Тое, што гэтулькі гадоў Савецкай улады і пасля смерці вялікага маэстра ягоныя наменклатурныя землякі гэтак неталерантна ставіліся да яго і ягонай памяці, вядома ж, не робіць ім гонару і характарызуе іх пэўным чынам. Характарызуе найперш як невукаў, культураненавіснікаў, антысемітаў. А ў дачыненні менавіта да беларускай культуры — і як нацыянальных нігілістаў. Бо знарок ці несвядома выключаючы такога мастака з кантэксту беларускай культуры, вядома ж, нельга разлічваць на рэпутацыю рупліўцаў у дачыненні да яе. Гонар тае культуры вялікі яўрэй Шагал робіць з непамерна большым бляскам, чым дзесяткі бяздарных гарлахватаў, таксама як і гонар горада Віцебска. Ва ўсякім разе куды большым, чым многія фальшывыя аўтарытэты, жалезныя шэрагі наменклатуры ці нават бравыя дэсантнікі з вашай славутай авіядэсантнай дывізіі, сумніцельныя справы якіх ой як доўга прыйдзецца адмываць Віцебшчыне. А Шагалам яна асуджана ганарыцца, чым далей, тым больш, такі ўжо яе гістарычны лёс. І тут ніякія самыя цёмныя і магутныя сілы будучыні не здолеюць адлучыць Шагала ад Віцебска.

ПРАДМОВА ДА ЗБОРНІКА «ИНАКОМЫСЛЯЩИЕ».

ВЫДАВЕЦТВА «БЕЛАРУСЬ»

1991 г.

Яшчэ некалькі гадоў назад тое было немагчыма.

У атмасферы таталітарнай рэгламентацыі, змярцвелага сну афіцыйнай філасофіі і паўсюднага паліцэйскага нагляду над грамадскай думкай, здавалася б, немагчыма ніякае іншадуманне, ніякае адступленне ад зацверджанага высокаю воляй, аднойчы і назаўжды вызначанага. Іншага і не было. Думкі імкнуліся загнаць у глыбіню душы, у падкорку паралізаванага мозгу, каб яны нідзе і нічым не праяўляліся не толькі ў выглядзе друкаванага слова, але і ў размовах. Ды гэта не значыць, аднак, што яны не існавалі, не бруілі ў чалавечых душах і галовах лепшых, разумнейшых сыноў нацыі. Тая нацыя ніколі не пакідала жадання жыць лепш. Ладзіць жыццё па-людску.

Цяпер тое прарвалася шырокім патокам, як прарывае веснавая паводка хоць бы і бетанаваную і адмыслова збудаваную плаціну. Стыхія мацней за разліў, за самы хітры рукатворны бар'ер на шляхах жывога жыцця. У тым ліку стыхія сумленнай, энергічнай, неспатольнае думкі. Яна шукае. Няхай не заўсёды знаходзіць, часам марна блукае па блытаных сцежках жыцця ў пошуках ісціны. Ніхто з аўтараў гэтай кніжкі не абсалютызуе знойдзенае, ведаючы, што ўжо знойдзенае, вызначанае, — гэта перш за ўсё спыненае. Жыццё ж заўжды няспыннае. Жыццё ў спрадвечным руху. Гэтак жа ў руху і сумленны няўрымслівы пошук аўтараў.