Выбрать главу

Народная воля беларусаў, іхняе імкненне да свабоды і нацыянальнага самавызначэння праявіліся пазней, калі быў створаны Беларускі народны фронт «Адраджэнне», сойм якога па праву ўзначаліў Зянон Пазьняк. У жахлівых варунках маральнага тэрору, упартага супрацьдзеяння партыйных улад, цкавання, судовых і адміністрацыйных праследаванняў гартавалася палітычная воля фронтаўцаў і ягонага лідэра. Фронт за кароткі тэрмін распрацаваў шмат якія праграмы беларускага нацыянальнага адраджэння — у галіне эканомікі, права, культуры і іншыя. Большая частка тых праграм, на жаль, застаецца малавядомай для шырокай публікі, бо афіцыйны друк іх адвяргае, а ўлады дагэтуль вядуць шалёную барацьбу як з іхнімі палажэннямі, так і з іх аўтарамі персанальна. Не зважаючы на тое, апазіцыя БНФ у Вярхоўным Савеце рэспублікі са сваім лідэрам, народным дэпутатам Пазьняком працягвае несканчоны паядынак за праўду і справядлівасць. Далёка не заўсёды, калі-нікалі яна ўсё ж дамагаецца поспеху. Прынамсі, радыё- і тэлетрансляцыі з сесій даюць магчымасць людзям меркаваць, на чыім баку праўда. Не глухі — чуе, не сляпы — бачыць.

Шмат гадоў Зянон Пазьняк вядомы на Беларусі як выдатны мастацтвазнаўца, а таксама як вучоны-археолаг. Ягоныя публікацыі па праблемах нацыянальнай культуры даўно пазначылі сябе як самыя важныя і прынцыповыя ў беларускім друку. Не так даўно ў эстонскім часопісе «Радуга» з'явілася надзвычай цікавая праца Пазьняка аб вострых праблемах нацыянальных моў. Тады для пэўных колаў беларускай інтэлігенцыі некаторыя палажэнні тае працы здаваліся спрэчнымі, можа, трохі заўчаснымі і празмернымі. Але жыццё затым пераканала ў іх неабвержнасці: Пазьняк глядзеў далей і бачыў болей. Зрэшты, так яно і мае быць. Сапраўдны апостал праўды і справядлівасці заўжды апераджае час. Ягоныя ідэі скіраваны ў будучыню і далёка не заўжды карыстаюцца прыхільнасцю і прызнаннем сучаснікаў. Але ўрокі гісторыі вучаць, што час тых людзей прыходзіць і з ім прыходзіць прызнанне. Ім ставяць помнікі на ўтульных пляцах, выдаюць зборы іх твораў, на якіх вучацца жыць і служыць дабру новыя пакаленні. Мне думаецца, што наш сучаснік Зянон Пазьняк менавіта з ліку такіх людзей. І я жадаю паспеху і чытацкай увагі гэтай яго кнізе — збору дум і светлых памкненняў аднаго з самых сумленных сыноў кашай пакутніцы Беларусі.

ВЫСТУПЛЕННЕ НА ІІ З'ЕЗДЗЕ БЕЛАРУСКАГА НАРОДНАГА ФРОНТУ

Сакавік 1991 г.

Прынята лічыць, што нашае грамадства празмерна палітызаванае. Можа, і так. Але бяда ў тым, што гэтая палітызацыя не перасягае характару бытавой свядомасці, што ўвогуле маніпулюе ім партыя КПСС якая па-ранейшаму ўсім кіруе. Хіба толькі з некалькі іншымі вынікамі, чым раней. Нядаўні рэферэндум, не зважаючы на яго шмат у чым шулерскі характар, усё ж пацвердзіў пэўны палітычны ўзровень мас. Пераважная большасць народа так і верыць, як ёй убілі ў галаву партыйныя газеты і тэлебачанне, што ў выпадку ажыццяўлення суверэнітэту Беларусі пражыць у ёй будзе неяк, бо ўвесь хлеб і тавары да яе ідуць з іншых рэспублік, а паехаць да радні за межы Беларусі будзе быццам гэтак жа цяжка, як цяпер выехаць у капіталістычную краіну. І пашпарт патрэбны, і віза, і грошы невядома як абмяняць.

Людзі дагэтуль болей слухаюць таго, хто крычыць гучней, а вядома, што найлепшым голасам заўсёды валодае начальства. Культ начальніка (пана, сакратара, генеральнага дырэктара), які ўбіваўся ў народную свядомасць на працягу стагоддзяў, па-ранейшаму вызначае веру, светапогляд, мараль і ўчынкі сучаснага беларуса. І тут мала што пераламала ў народнай свядомасці дзейнасць і палітыка нашага БНФ, які пакуль яшчэ не стаў усенародным, нацыянальным рухам. Пакуль што ён уяўляе сабой цяжкія, часам пакутныя, хоць і гераічныя, высілкі нацыянальнага авангарда пераважна з ліку нацыянальнай інтэлігенцыі.

Ну, а што ж народ, ягоныя шырокія масы? Што ягоныя класы? Яго старадаўняе апірышча і ўвасабленне — наша гаротнае сялянства?

Здаецца, аднак, у нас не стала сялянства. Калгасны лад за шмат гадоў свайго разбуральнага панавання дарэшты вынішчыў самы шматлюдны народны пласт з ягоным старажытным земляробчым укладам, стабільным бытам, з яго хрысціянскай мараллю. Сялянства вырадзілася ў клас сельскагаспадарчых люмпенаў, пазбаўленае і традыцыйнага ўкладу, і людскай маралі. Уся сучасная сельскагаспадарчая вытворчасць грунтуецца на працы вузкага кола сельскагаспадарчых спецыялістаў-механізатараў, якое і нясе галоўны цяжар паратунку ад усесаюзнага голаду і якім кіруе грувасткі паразітычны пласт аграрна-партыйных цівуноў усіх рангаў.