Выбрать главу

— Усё будзе залежаць ад палітычнай волі грамадства.

І тут узнікае пытанне: ці валодае наша беларускае грамадства якой-небудзь выразнай палітычнай воляй? І нават так: ці ёсць у нас тое палітычна свядомае нацыянальнае грамадства? Прынамсі, дагэтуль не было ніколі. Улада цвёрдай рукі, дыктатура, пра якую марыць наменклатура і добрая частка людзей працоўных, адкіне нас не ў эпоху «класавых баёў», а ў адзін вялікі канцлагер, Дзе будзе выдатны лагерны парадак, лагернае аднадумства, лагерны тэрор. І будзе парадак — роўны і дакладны. Кожны будзе жыць строга па рэгламенце — гадзіна ў гадзіну: жыць, працаваць і паміраць. Усё — строга па норме, у свой час. Пры поўнай згодзе. І ні табе мітынгаў, ні забастовак, ні нефармалаў, ні апазіцыі. Затое будзе Вялікі, Шаноўны, Усімі Любімы Правадыр — Дыктатар. Як, зрэшты, ужо і было. Мабыць, у нас інакш, не бывае.

Зноў жа варта зазначыць «з усёй бальшавіцкай праматой», як некалі прынята было гаварыць, што падзел грамадства даўно страціў класавы характар. Класавая і нават партыйная прыналежнасць ужо нічога не азначаюць, бо сапраўдны антаганізм, як гэта слушна заўважыў нядаўна Алесь Адамовіч, праходзіць па лініі «сексоты-несексоты», і цяжка сказаць, каго цяпер у нас болей. Напярэдадні вайны, паводле сведчання сына Георгія Малянкова, вучонага А. Малянкова (часопіс «Журналіст», № 2, 1991 г.), сексотаў было ў нас 10 мільёнаў. Цяпер, трэба думаць, болей, і яны складаюць магутную дзейсную сілу тых, хто выйшаў з акопаў на свой апошні і рашаючы бой.

— Вы сказалі, што пра дыктатуру трызніць не адно толькі чыноўніцтва. Сапраўды, ад простых людзей часам чуеш: хопіць гэтага вэрхалу, патрэбна моцная рука. Людзі, здаецца, згодныя на любога Сталіна — толькі б хлеб у крамах быў. Нездарма ж кажуць — кожны дыктатар прыходзіць у абліччы выратавальніка. Як вы лічыце, цяперашні эканамічны развал — заканамерны вынік сацыялістычнай сістэмы, следстве нейкіх першапачатковых памылак 1985 года альбо — правакацыя з мэтай укараніць у псіхалогію чалавека неабходнасць «жорсткай рукі»? Ці — усё разам?

— Толькі каб быў хлеб у крамах... Хлеба яшчэ трохі ёсць — не хапае дыктатара... Але ён будзе.

Мне думаецца, што цяпер, у святле ўсяго, што адбываецца, толькі дурны ці зламыснік можа сцвярджаць, што сацыялізм яшчэ не вычарпаў сябе, што недзе ёсць добры, лагодны, з чалавечым тварам сацыялізм, да якога трэба імкнуцца. Яно, можа, дзе і ёсць, але ўжо ў нас ніякага быць не можа. У нас не атрымліваецца інакшы, чым той, які мы мэнчылі сем дзесяткаў гадоў, і на тым выдахліся дашчэнту.

На добры розум, дык, пасля ўсяго перажытага, нам трэба б абвясціць па-за законам усё сацыялістычнае словаблудства, таксама як і тых ідэолагаў, якія зрабілі з яго сабе пажыццёвую прафесію, каб яны сваёй ідэйнай парнаграфіяй не разбэшчвалі людскія душы. Нават і ў выпадках, калі тое разбэшчванне мае «не вельмі высокі інтэлектуальны ўзровень».

Звычайна палітычныя партыі ладзяць жыццё калі не на карысць усяго народа, дык хоць бы дзеля ўласных інтарэсаў, дзеля дабрабыту сваіх членаў. Камуністы ж — ні для сябе, ні для народа. У лепшым выпадку дзеля вузкага кола кіраўнічай эліты. А так — дзеля мёртвых утапічных ідэй, дзеля бясконцага множання ракет і танкаў, касмічнай прапаганды, дзеля Кубы, Анголы, Афганістана. Зноў жа, не ў інтарэсах жабрацкіх народаў гэтых краін, а дзеля ўладных амбіцый мясцовых імператараў-авантурыстаў, якія за БМП і аўтаматы Калашнікава гатовы часова прыняць камуністычную веру. У той жа час уласны народ працягвае гібець у голадзе і нэндзе. І пасля ўсяго сказанага ў некаторых з нашых кіраўнічых камуністаў хапае наіўнасці пытацца: завошта народ так ненавідзіць сваю кампартыю, якая першай пачала перабудову.

Перабудову-то пачала, ды ў які кірунак яе павярнула?

Увогуле можна зразумець нязрушную прыхільнасць камуністаў да «сацыялістычнага выбару» (калі толькі можна «выбарам» назваць узброены захоп улады). Іх яўны, фантасмагарычны сацыялізм, арганічнае непрыняцце прыватнай уласнасці — гэта тое адзіна магчымае асяроддзе, пры якім і можа існаваць кампартыя; без таго яна не можа знайсці ніякай жыццёвай асновы ў грамадстве. Гэта партыя ўяўнага, «бібліятэчнага» сацыялізму, з адменай ці пагібеллю якога рассыпаецца ўшчэнт яе няўклюдны прагматызм і яе змярцвелая ідэалогія. Таму, пакуль яна будзе пры ўладзе, яна не пацерпіць побач ніякую іншую ідэалогію, іншы грамадскі лад. Яна будзе ўпарта будаваць усё той жа сацыялізм, бо нічога іншага будаваць не хоча і не ўмее. Але ўся справа ў тым, што і з гэтым будаўніцтвам у яе нічога не атрымліваецца. У тым і бяда нашай гісторыі, трагедыя нашага народа. Краіна апынулася ў вузкай цеснай нары, з якой няма ходу ні ўзад, ні ўперад.