Выбрать главу

— Мне бачыцца вельмі незайздроснай доля нашай парламенцкай апазіцыі, якая рупіць нялёгка і ў значнай ступені марна. Уціск партыйнай большасці праяўляецца штодня — у вялікім і малым. Гэта мы бачым на шматлікіх прыкладах — ад выключэння мікрафонаў перад дэпутатам Сямдзянавай да агідных персанальных нападкаў на нібыта валютныя «заробкі» дэпутатаў на радыёстанцыі «Свабода», якая, як вядома, ганарару не плаціць. Ні ў марках-доларах, ні нават у «драўляных» рублях.

Сюды ж адносіцца і шалёны дэпутацкі націск на друк, у прыватнасці на самую, можа, дэмакратычную цяпер «Народную газету». Прывучаная за шмат гадоў да безумоўнай паслухмянасці «рэптыльнай прэсы», пэўная частка дэпутатаў бачыць гэтую прэсу толькі ў ролі абслугі, песняра і апалагета менавіта той партыі, да якой сама належыць. Безумоўна, у тым адзнака пэўнага ўзроўню дэпутацкай маральнасці, не кажучы ўжо пра дэмакратызм, побач з якім такія норавы не стаялі і блізка. Мабыць, да тых жа метадаў адносяцца і запалохванні наконт таго, што будзе, «калі вы прыйдзеце да ўлады». Тое, што тады будзе, вельмі няпэўна і праблематычна, а вось што было пры іхняй уладзе — у тым выдатна пераканаўся ўвесь белы свет. Прынамсі, дагэтуль дзякуючы тэлебачанню і асабліва радыё беларускі люд мог назіраць і слухаць, як і што робіцца ў ягоным парламенце.

Але менавіта тое надта ж напалохала некаторых дэпутатаў, якія ўрэшце дамагліся шчыльна зачыніць дзверы Дома ўрада, каб ніхто нічога не чуў і не бачыў. Але ж добрыя справы ад людзей не хаваюць.

Зрэшты, падобны метад «самаедскага парламентарызму» знайшоў сваё перайманне і ў саюзным Вярхоўным Савеце. З апошніх падзей такога роду можна нагадаць абмеркаванне тэлевізійнага выступлення Барыса Ельцына, калі тое абмеркаванне набыло форму нястрымнай жаночай істэрыі, зададзенай, дарэчы, выступленнем менавіта беларускай дэпутаткі. Або выступленне маршала Ахрамеева з настойлівым дамаганнем адмяніць тэлетрансляцыю сесіі, бо, ці бачыце, яна пагражае моцы савецкай сям'і.

Па ўсім відаць, дэмакратычны рух у сучасным посттаталітарным грамадстве не шмат што здолее. Мабыць, сучасныя варункі абавязваюць дэмакратаў да адзіна магчымага — не даць канчаткова скампраметаваць сябе антыдэмакратычным сілам, неяк зберагчы свае ідэалы, да якіх калі-небудзь можна будзе вярнуцца.

Калі для таго прыйдзе час...

ВЫСТУПЛЕННЕ НА КАНГРЭСЕ ЗГУРТАВАННЯ «БАЦЬКАЎШЧЫНА»

Красавік 1991 г.

Вялікі і ўсёмагутны Божа стварае чалавека па вобразу і падабенству свайму — строга індывідуальна, паасобку, з уласным жыццём і адметным ад іншых лёсам. Так бы і жыць паасобку. Ды паасобку нельга, надта нас шмат, і трэба неяк дамаўляцца, каб жыць гуртам і ў згодзе. Жыць па справядлівасці.

На жаль, нават пасля столькіх стагоддзяў чалавечай гісторыі, пасля мора людской крыві і слёз чалавецтва ўсё не навучылася згодзе і тае справядлівасці. Яшчэ ў нядаўнія часы здавалася, што прынцыпы згоды знойдзены на асновах класавасці і сацыяльнасці. На краявідзе замаячыў зваблівы прывід сацыялізме, які спакусіў многіх. Але амаль стогадовы вопыт урэшце ацверазіў чалавецтва: аказалася, што сацыялізм не можа не толькі ашчаслівіць людзей, але і элементарна іх накарміць. Ён можа хіба спарадзіць таталітарызм і новую, яшчэ больш дасканалую форму заняволення.

Тут, мне здаецца, варта звярнуцца да банальных ісцін. Ад алгебры дзяржаўных адносін да простай арыфметыкі, улічыць вопыт здаровага сэнсу. А ён сведчыць: добрыя людзі найбольш згодна жывуць на прынцыпах крэўнасці: сваёй сям'ёй, сваім племем, сваёй нацыяй. Вядома, не ідэальна, не райскім чынам, затое аптымальна. Мабыць, найлепей з усяго магчымага. Там, дзе гэта даўно зразумелі, там ужо і лад, і згода. І яшчэ дабрабыт. Незалежна ад памеру нацыі, ад яе рэлігіі. Ад яе здольнасцей ці дадзеных Богам прыродных рэсурсаў. Датчане, напрыклад, наўрад ці разумнейшыя за літоўцаў, а фіны за нас, беларусаў. Але ў іх няма картак-візітак і няма тых праблем, якія ў нас выклікаюць жах. Нават такая надзвычайная па сваім лёсе нацыя, як яўрэйская, добра навучаная сваім горкім вопытам, зрабіла адназначную выснову і згортвае сваю дыяспару. Толькі нам, беларусам, Бог ці гісторыя ўпарта не даюць таго, што мы заслугоўваем. Ці, можа, таму, што мы самі не хочам — не можам узяць.

Мы не нацыяналісты, І нам зусім не ўласціва адчуванне нейкай свае вышэйшасці над іншымі. Хутчэй наадварот. Мы ўсё жыццё былі прыдушаны комплексам нашае непаўнацэннасці. Напэўна ж, шмат якія нацыі лепшыя за нас і варты большага. Але ўсё ж нечага варты і мы таксама. Хоць бы за сваё доўгацярпенне. За свае бясконцыя ў вяках пакуты. За сваю спрадвечную немату. І за сваю шматгадовую падлегласць сатанінскаму злу і гвалту.