Выбрать главу

Так, спадзяванак у нас няшмат, і можа, апошняя наша надзея на несмяротную сутнасць народа. Усё ж дзеля чагосьці ён быў створаны Богам на гэтай благаславеннай зямлі. І мы цешым сябе думкаю, што Беларусь яшчэ неяк паслужыць на ёй, калі не нам, дык наступным пакаленням, а можа, і сусветнай цывілізацыі. У гэтым сэнсе мы і вызначаем наш абавязак і бачым нашу святую надзею, якія мы і ажыццяўляем, наколькі тое нам дадзена бязлітасным лёсам і не меней жорсткай гісторыяй.

ГУТАРКА З КРЫТЫКАМ ВАНКАРЭМАМ НІКІФАРОВІЧАМ

1991 г.

Ванкарэм Нікіфаровіч. Васіль Уладзіміравіч, здарылася так, што нашу гаворку пра сённяшні стан і шляхі далейшага развіцця беларускай нацыянальнай культуры мы вядзём адразу пасля параўнальна добра арганізаваных на вашай радзіме, на Віцебшчыне, першых усесаюзных дзён, прысвечаных жыццю і творчасці вашага выдатнага земляка, славутага мастака Марка Шагала. Ці не сімвалічна гэта? Бо мы, калі можна так сказаць, неўзабаве пераступім парог новага, дваццаць першага стагоддзя. Што з духоўных здабыткаў пяройдзе туды, што чалавецтва возьме з сабой? Такое пытанне, натуральна, не можа не цікавіць усіх дзеячаў культуры. Мне здаецца, што Марк Шагал — менавіта той мастак, які сваім жыццём і сваёй творчасцю, той культурна-сацыяльнай аурай, якая складалася і будзе складвацца вакол яго, якраз вызначае сутнасць нашага, дваццатага стагоддзя, яго, так бы мовіць, аблічча.

Васіль Быкаў. Будучы на Шагалаўскіх днях у Віцебску, я думаў вось пра якую з'яву. Час — гэта бязлітасны фактар у нашым жыцці, дый наогул у гісторыі. Час робіць вялікі адбор з таго, што існуе ў мастацтве. Дык вось, я думаю, што з усяго нашага мастацтва, не сказаць — беднага, хутчэй наадварот — развітога і багатага, час адбярэ для будучыні вельмі нямногія імёны. Але ў ліку іх абавязкова ў наступнае стагоддзе пяройдзе імя Марка Шагала. Таму што ён — эпахальны мастак, якому будучыня належыць гэтак жа непадзельна, як і мінулае. Не часта так здараецца ў мастацтве, што прызнаны пры жыцці мастак карыстаецца такім жа прызнаннем і ў будучым. Часта бывае наадварот. Мы ведаем з гісторыі мастацтва мноства прыкладаў, калі вялікае прызнанне прыходзіла да мастака толькі пасля яго смерці. І вельмі рэдкія выпадкі, як з Маркам Шагалам. Ён быў прызнаны пры жыцці, увесь свет пакланяўся перад яго талентам. Гэта, канечне, шчаслівы лёс. Хіба што гэты лёс мае прыкрае выключэнне на яго радзіме, дзе М. Шагал даволі доўгі час, прынамсі пры яго зямным жыцці, быў не толькі не прызнаны, проста яго не ведалі нашы людзі. Хоць гэта і вельмі дзіўная з'ява. Ну, але што рабіць, наш час багаты на такія дзіўныя з'явы. Марка Шагала не прызнавалі на Беларусі, не прызнавалі ў Віцебску, ды і ўвогуле не прызнавалі яго ў нашай магутнай дзяржаве. Таму было многа прычын. А галоўная з іх — гэта наш дзяржаўны таталітарызм, наша, так бы мовіць, вузкая, недарэчная ідэалагізацыя ўсёй культуры. Будзем спадзявацца, аднак, што ўсё гэта мінула. Марк Шагал навечна прапісаны ў Беларусі, у Віцебску, і яго слава будзе расці так, як яна таго заслугоўвае.

В. Н. Будзем спадзявацца, што так і будзе, што сапраўды ў нас сёння змяніліся адносіны многіх кіраўнікоў і чыноўнікаў культуры да Шагала, да яго творчасці. Тым не меней, мне здаецца, што праблема вяртання спадчыны, праблема сённяшняга выкарыстання тых духоўных здабыткаў, якія ствараліся і ствараюцца на гэтай зямлі, стаіць перад намі вельмі востра і актуальна. Калі мы звернемся да нашай беларускай культуры, беларускай літаратуры, мы павінны нагадаць, што толькі зусім нядаўна мы пачалі на ўвесь голас называць імя выдатнага паэта Алеся Гаруна. Мы пачалі знаёміцца з творамі, напрыклад, яшчэ аднаго найцікавейшага пісьменніка, драматурга Францішка Аляхновіча. Але знаёмства чытачоў з ім чамусьці пачалося з яго лагерных запісах, зразумела, з запісаў вельмі хвалюючых, але Францішак Аляхновіч — гэта перш за ўсё драматург, аўтар вельмі многіх цікавых п'ес. Ёсць яшчэ некалькі імёнаў, якіх не ведаюць сённяшнія і чытачы і гледачы. І трэба абавязкова вярнуць іх у наш культурны кантэкст.