Выбрать главу

В. Б. Я думаю, што катэгорыю ідэалу ў мастацтве трэба разумець крыху іначай, чым гэта было прынята ў эпоху сацыялістычнага рэалізму. Проста значна шырэй разумець. Мы ўжо пражылі тыя часы, калі ідэалы вызначаліся органамі ўлады. Натуральна, на кожным гістарычным этапе яны былі розныя — і органы, і ідэалы. Час паказаў усю беспадстаўнасць такой метадалогіі. У мастацтве ідэал павінен вынікаць з агульначалавечых каштоўнасцей, і такім мне бачыцца толькі гуманістычны ідэал. Кожны мастак, калі ён гуманіст, павінен бачыць перад сабой перш за ўсё чалавека — канкрэтную асобу ці ўвесь народ, якому патрэбна праўда. Прытым трэба памятаць, што нярэдка чалавецтву кепскую службу служыла імкненне рамантызаваць, таксама як і ідэалізаваць, сучаснасць і будучыню. Звычайна імкненні такога роду не апраўдвалі спадзяванняў людзей. Так было амаль з усімі сацыялістычнымі ідэаламі, не кажучы ўжо пра камуністычныя. Сапраўды гуманістычнае мастацтва павінна ўмець гаварыць праўду. Чалавеку патрэбна праўда, якая і з'яўляецца сутнасцю мастацкага ідэалу. Але вядома, што выяўленню праўды ў мастацтве найбольш верна служыць прынцып адмаўлення. Справа ў тым, што мастаку рэдка калі шчасціць вывесці нейкі дадатны вобраз, вобраз для пераймання. Звычайна атрымліваецца ідэалізаваная фігура, у якой заўжды будзе прысутнічаць прыблізнасць і фальш. А вось пра чалавечыя заганы, ад якіх павінен пазбавіцца чалавек ці грамадства, аб тым сапраўдны мастак ведае значна лепш. Па сутнасці ўся рэалістычная літаратура пабудавана менавіта на ідэале адмаўлення. Ідэал адмаўлення служыць мастацтву з найлепшым вынікам. І таму не трэба патрабаваць ад мастака «рашэння задач» і стварэння мастацкіх куміраў. Мастацтва зусім не павінна таго рабіць. Мастацтва павінна даць праўдзівы вобраз жыцця, паказаць складанасць чалавечага існавання ў ім. Чалавек сам зробіць выбар і, зыходзячы са свайго пераканання, вызначыць, як трэба ладзіць тое жыццё. Не трэба яму нічога навязваць, усё роўна навязанага ён не прыме. На гэтыя самыя важныя, самыя элементарныя для мастацтва прынцыпы мы, на жаль, проста забыліся, мы грэбавалі імі. Дзесяцігоддзямі для нас найважнейшым было стварыць ідэалы, сімвалы веры, тое, да чаго мы павінны імкнуцца. Жывое жыццё мы падтасоўвалі менавіта пад гэтыя сімвалы. А жыццё супраціўлялася, вельмі неахвотна падладжвалася пад нашыя шаблоны. Ну, а пра мастацтва і гаварыць няма чаго. Яно проста гінула ў абсурднай атмасферы тых патрабаванняў, яно пераставала быць мастацтвам. У тым ліку і літаратура. Прыгадайце, колькі было «выдатных» па тым часе твораў, адзначаных прэміямі, твораў, пра якія пісалі вельмі станоўча, якія шырока распаўсюджваліся, якімі захаплялася начальства ды і грамадства таксама. Але многія з гэтых твораў проста не перажылі нават фізічнае жыццё іх аўтараў. Звычайна бывае так: як толькі пакідае жыццё аўтар, абсалютна адразу забываюцца і яго творы. І толькі нямногія творы сапраўдных гуманістаў вытрымліваюць выпрабаванне часам.

В. Н. Будзем спадзявацца, чытачы зразумеюць, што пісьменніку сёння, у сённяшніх умовах, безумоўна, складаней, але і магчымасці іншыя. Час патрабуе не меншых намаганняў душы, намаганняў сэрца, самааддачы. Мне здаецца, што і сёння можна, паўтараючы радкі вядомых сучасных рускіх паэтаў, пісьменнікаў, сказаць, што «поэт в России больше, чем поэт» і — «отечественная литература — отечественная война».