Выбрать главу

В. Б. Безумоўна, у нас усё так. У нашай краіне паэт заўсёды быў «больше, чем поэт», літаратура на пэўным этапе ў нас зрабілася рэлігіяй. Гэта адбывалася ва ўмовах, калі не было іншай рэлігіі, калі хрысціянская або мусульманская рэлігіі былі адхілены ад грамадства, а тая «рэлігія», якую нам узмоцнена насаджалі, адтаргалася грамадствам на працягу дзесяцігоддзяў. І тады духоўную нішу так ці інакш заняла літаратура. У тым ліку і сапраўдная, высокая літаратура. Мы ведаем, якую выратавальную ролю ў галіне маральнасці выканала наша класіка, багацейшая скарбонка нашага фальклору. Калі-небудзь даследчыкі вызначаць іх ролю і значэнне ў маральным выратаванні нацыі, яе духоўнага клімату. Але ж, відаць, маюць рацыю тыя крытыкі і тыя філосафы, якія сцвярджаюць, што мастацтва павінна выконваць у грамадстве чыста мастацкія функцыі, літаратура — літаратурныя, палітыка ж — гэта справа палітычных спецыялістаў: палітолагаў і палітычных функцыянераў. Усё гэта, безумоўна, нармальна і натуральна, але ва ўмовах дэмакратычнага грамадства. Мы ж да гэтага грамадства яшчэ не дажылі, і я не ведаю, калі тое здарыцца. Таму значэнне мастацтва і літаратуры ў бліжэйшы час будзе яшчэ даволі вялікім, не трэба таго недаацэньваць.

В. Н. Што ж, сапраўды добра было б: мастацтву — мастацкае... Але ж апошнім часам у пас распачалося пэўная работа па аднаўленню беларускай мовы, па аднаўленню цікавасці да нацыянальнай гістарычнай спадчыны, да культуры, да мінулага, увогуле, пачалі тое, што мы сёння называем нацыянальным адраджэннем, новай хваляй нацыянальнага адраджэння. Прыняты быў і дзяржаўны Закон аб мовах. Але прайшоў час, і мы бачым, што Закон аб мовах не дзейнічае, не выконваецца, нічога істотнага не адбываецца. Праблема існавання, выжывання беларускай мовы як была, так і засталася, нават горш таго: асіміляцыйныя працэсы, што пачаліся некалькі дзесяцігоддзяў назад, не спынены, наадварот, яны паскорыліся. Беларускамоўныя раней выданні пераходзяць на паўмоўе, друкуюць нават цэлыя палосы на рускай мове. Уплыў асіміляцыі добра адчуваецца, напрыклад, у тэатры імя Я. Купалы, куды прыходзіць усё меней і меней гледачоў, якія ведаюць беларускую мову, і ў неабходным кантакце «сцэна — глядач» гэта адразу адчуваецца. Мне здаецца, калі прымалі ў нашым Вярхоўным Савеце Закон аб мовах у Беларускай ССР, народныя дэпутаты зыходзілі з памылковага навуковага разумення такой з'явы, як білінгвізм. Па-рознаму складваецца білінгвізм на тэрыторыі Савецкай краіны, розных рэспублік. Скажам, у рэспубліках, дзе мовы далёкія адна ад адной, мовы розных лінгвістычных груп, сітуацыя зусім іншая. Напрыклад, там, дзе далёкія мовы — грузінская і руская або латышская і руская, — там можа быць сапраўднае раўнапраўе моў. Там і павінны быць усім мовам створаны адны і тыя ж умовы існавання. Але ж білінгвізм роднасных моў, блізкіх моў — гэта зусім іншае, іншая сітуацыя. І тут — я упэўнены ў гэтым, — калі не будзе — я скажу канцылярскую фразу — «рэжыму найбольшага спрыяння» нацыянальнай мове, дык мы яе не захаваем. Мова колькасна вялікага парода з моцна развітай культурай, як бы мы эмацыянальна да гэтага ні ставіліся, хацелі б ці не хацелі, яна ўрэшце выцесніць роднасную мову народа меншай колькасці, яго культуру.

В. Б. Як вядома, нашымі заканатворчымі органамі прымаецца вельмі многа законаў. Законы прымаюцца парламентам у Маскве, парламентам у Мінску і ў такой колькасці, што іх не толькі немагчыма выканаць — іх немагчыма вывучыць, як гэта належыць зрабіць выканаўчым органам. Ствараецца ўражанне, што пасля доўгага перыяду беззаконня грамадства кінулася забяспечыць усе свае накопленыя заканатворчыя патрэбы. Але справа ў тым, што ў грамадстве ахвотна выконваюцца тыя законы, у якіх ёсць арганічная патрэба, калі грамадства саспела для пэўнага закона. Калі закон, так бы мовіць, кладзецца на душу грамадства, тады яно яго лёгка выконвае. Вядома, такое — у ідэале. У нас жа кожны закон сустракае супраціўленне пэўных сфер або эканомікі, палітыкі, або ўсяго грамадства. Тады вярхоўныя заканадаўчыя органы імкнуцца да дэталізацыі закона, каб абсалютна ўсё прадугледзець — усе дробязі, нюансы, і закон становіцца вельмі вялікім, вельмі складаным. Такім складаным і супярэчлівым, што яго наогул немагчыма прымяніць на практыцы. Ніжэйшыя выканаўчыя органы да гэтых законаў прымаюць уласныя інструкцыі, так званыя падзаконныя акты, і ўрэшце закон ператвараецца ў пустую паперу. Нешта падобнае атрымалася, напрыклад, з Законам аб мовах. Вядома, што ў Беларусі вельмі наспела вострая праблема захавання беларускай мовы. Мабыць, заканадаўча яе можна было вырашыць проста: узяць нейкія кардынальныя моманты і абгрунтаваць іх у заканадаўчым парадку. Гэтага зроблена не было. Былі зноў-такі распісаны ўсе падрабязнасці, усе дэталі выканання. Была выдадзена, як вы памятаеце, пастанова аб увядзенні ў дзеянне закона. Я ўдзельнічаў у абмеркаванні гэтай праблемы ў Вярхоўным Савеце на заключным этапе. Калі я адчуў, што гэты падзаконны акт будзе прыняты, дык зразумеў, што ён — не што іншае, як канчатковы помнік беларускай мове. Узяць хоць бы тэрміны ўвядзення закона ў дзеянне, якія расцягнуты аж да наступнага стагоддзя. А як вы ведаеце, усе нашы вялікія праграмы, вялікія замахі на вялікія справы і на доўгі час заканчваюцца нічым. Як гэта здарылася з той жа Харчовай праграмай. Праз два-тры гады пасля ўвядзення ў дзеянне гэтая праграма забылася, пра яе ўжо ніхто і не ўспамінае. Такі ж лёс чакае і Закон аб беларускай мове. Мабыць, уся справа ў тым, што грамадства яшчэ не саспела для таго, каб прыняць з рук улады гэты закон і тут жа ўзяцца за яго выкананне. Асабліва калі ўлада і не настойвае на тым выкананні. Болей таго, калі ў кожным артыкуле між радкоў нібы гаворыцца, што і не трэба нічога выконваць. Таму натуральна, што з беларускай мовай адбываецца тое, што рабілася з ёю даўно: яна патроху і памалу гіне, сфера яе ўжытку катастрафічна звужваецца. Зноў жа ва ўмовах новага гаспадарання, калі многія культурныя ачагі пераходзяць на кааператыўныя, рыначныя адносіны, калі сродкаў на культуру выдзяляецца вельмі мала, зусім ужо можна прадказаць, на колькі гадоў хопіць нашае мовы. Нават на колькі месяцаў. Калі не будуць прыняты дзейсныя меры (я нават не ведаю, якія меры, гэта нават цяжка зразумець), то ўжо ў самы бліжэйшы час пачнецца ліквідацыя многіх асяродкаў беларускай культуры: газет, часопісаў, тэатра, і пачнецца заключны этап нашай беларускай культуры і нашай мовы.