Выбрать главу

В. Н. Песімістычная думка, песімістычныя словы, і ўсё ж: няўжо нашы ўлады і Вярхоўны наш Савет не могуць карэнным чынам змяніць адносіны да праблемы, каб знайсці сапраўды дзейсны механізм ратавання нацыянальнай мовы і культуры?

В. Б. Ёсць дзейсны сродак выратавання, але, мабыць, не той, які пакуль што мае на ўвазе наш Вярхоўны Савет. Калі гаварыць пра мову, дык мы лечым не прычыны яе хваробы, а сімптомы тае хваробы. Мы стараемся пазбавіцца ад сімптомаў. І я думаю, што толькі ў тым выпадку захаваецца наша культура, наша мова, калі Беларусь набудзе сапраўдны суверэнітэт. Толькі суверэнітэт і незалежнасць могуць выратаваць нашу нацыянальную культуру. Цяпер ужо пэўна, што калі мы не даможамся суверэнітэту, дык можна будзе навек развітацца з усёй нашай нацыянальнай асобнасцю.

В. Н. Мне здаецца, што падыход да праблемы з гэтага пункту гледжання можа даць свае вынікі. Прынцыпамі сапраўднага суверэнітэту павінна вывярацца ўсё, што мы робім. Многае залежыць канкрэтна ад нас саміх, ад кожнага, ад таго, як мы непасрэдна, з малога пачынаючы, мяняем свае ранейшыя адносіны да надзённых праблем развіцця культуры. Хочацца зазначыць, што ў апошнія гады на вашай радзіме, на Віцебшчыне, склалася даволі невялікая, але моцная група таленавітых людзей, паэтаў, мастакоў, артыстаў, музыкантаў. Дзякуючы іх намаганням прайшлі па ўсёй вобласці цудоўныя дні Уладзіміра Караткевіча і тое свята, якое было ў Віцебску, а потым у Оршы. Вось і Шагалаўскія дні, своеасаблівае вяртанне майстра на Віцебшчыну — я думаю, што вы згодзіцеся са мною, — гэта вялікая непасрэдная заслуга паэта Давіда Сімановіча. Значыць, не ўсё яшчэ страчана, трэба змагацца, верыць і думаць пра тое, што яшчэ многа можна зрабіць, захаваць многае, вярнуць каштоўнасці і нашы, нацыянальныя, і каштоўнасці іншых народаў, якія павінны арганічна ўвайсці ў наш духоўны здабытак.

В. Б. Што ж, як кажуць, дай Бог... Толькі я б хацеў зазначыць, што ў культуры не трэба змагання, у культуры трэба жыць, спажываць і тварыць яе, а не змагацца. У палітыцы, відаць, патрэбна змаганне, а тут важна адпаведная дэмакратычная атмасфера, у якой павінна натуральна існаваць чалавечае грамадства. А вось тое, што ў нас звычайна робіцца ў культуры, нагадвае менавіта няспыннае змаганне. Таму многія культурныя з'явы ў нас набываюць форму кампанейшчыны і штурмаўшчыны. Праводзяцца мерапрыемствы (звычайна яны праводзяцца і няблага, у тым ліку і на Віцебшчыне). Бывае нават з помпай, большай ці меншай. Усё гэта вельмі эфектна пачынаецца і вельмі эфектна заканчваецца. Пасля наступае доўгая паўза. Усё ж гарманічна развітае грамадства павінна мець паўсядзённую патрэбу ў культуры. Уся вытворчая дзейнасць у нармальным грамадстве — прамысловая, сельскагаспадарчая, інтэлектуальная — павінна адбывацца ў ауры культуры. Культура павінна пранізваць усё. Пачынаючы ад тэхналогіі і заканчваючы побытам, паўсядзённым жыццём. Але для таго патрэбна, па-першае, сама культура, па-другое, неабходна пэўнае стаўленне да гэтай культуры. Мы бачым, што цяпер, ва ўмовах нашых палітычных і грамадскіх катаклізмаў, масы, якія не былі падключаны да сапраўднай культуры, не авалодалі ёю, усё больш і больш аказваюцца пад уплывам касмапалітычнай масавай культуры. Масавая культура — таксама культура, хаця і са сваімі асаблівасцямі, і з ёй таксама змагацца не трэба. Усякае адміністрацыйнае, валявое, валюнтарысцкае змаганне з масавай культурай, нават з эрзацамі гэтай культуры, відаць, безвыніковае і недапушчальнае. Натуральна, масы павінны падняцца і паднімуцца з ніжэйшага прыступка культуры на больш высокі. Але ўсё павінна адбывацца паслядоўна і без дыктату. У нас жа хочуць адразу ад балалайкі перайсці да Моцарта. Такога, відаць, не бывае. Таму павінны быць нейкія прамежкавыя стадыі, адной з якіх і з'яўляецца маскультура. Але зноў жа, каб масы навучыліся і авалодалі высокімі здабыткамі высокай культуры, для таго патрэбны пэўныя ўмовы, час і сродкі, якіх у нас пакуль гэтак мала.