Выбрать главу

Так уж в нашей жизни заведено, что мы не часто встречаемся, а при тех редких встречах, что нам дарит случай, не имеем обыкновения говорить друг другу, может, о самом главном, что живет в сердце, — о нашем дружеском расположении, любви и преклонении перед мужеством и талантом. Чаще всего это лучшее уносим с собой, чтобы тихо пестовать в душе до новой, как правило, нескорой встречи. Пользуясь настоящим, действительно очень подходящим поводом, хочу нарушить эту не самую лучшую мужскую традицию и передать замечательному певцу братской Украины, честному художнику страны, мыслителю и брату выражение моей искренней любви и уважения.

Живи долго, Иване, и пиши много. Мы тебя любим!

ВЫСТУПЛЕННЕ НА СХОДЗЕ, ПРЫСВЕЧАНЫМ 150 УГОДКАМ З ДНЯ СМЕРЦІ А. ПУШКІНА

Студзень 1987 г.

Пушкін — адна з вяршынь сусветнай культуры, нязгасны светач духоўнасці — пражыў недаўгое, складанае жыццё, надзвычай багатае ўрокамі для людзей і для чалавецтва ў цэлым.

Ён належаў да тых волатаў духу, якіх у свой час або шчыра любілі, або гэтак жа шчыра ненавідзелі. У адносінах да яго размежаванне было гранічнае: або — або.

Дзеля справядлівасці трэба зазначыць, што гэтаксама адносіўся да свету, у якім жыў, і сам Пушкін. Адных ён усім сэрцам любіў (сяброў па ліцэю, некаторых разумных дам і немітуслівых літаратараў, проста шчырых, адкрытых людзей), другіх ненавідзеў (пустых царадворцаў, безгаловых чыноўнікаў, цэнзараў, традыцыйна ўсёмагутную ў Расіі тайную паліцыю).

Вядома таксама, што Пушкін недалюбліваў сентыментальныя раманы і велерэчывыя гістарычныя сачыненні. «Ни наших университетов, ни наших театров Пушкин не любил», — сведчыць адзін з яго блізкіх сяброў Павел Воінавіч Нашчокін. Дзіўна, але чалавек высокай культуры, майстра слова, ён не так ужо шанаваў прозу. Ёсць яго асабістае сведчанне, якое ў перадачы ягонай сяброўкі Аляксандры Андрэеўны Фукс гучыць так: «Как жалки те поэты, которые начинают писать прозою; признаюсь, ежели бы я не был вынужден обстоятельствами, я бы для прозы не обмакнул пера в чернила». Калі гэта сапраўды так, дык чалавецтва ўдзячна тым яго «обстоятельствам», якія так ці інакш былі ім перажыты; мы нават удзячны тым невясёлым абставінам, якія затрымалі паэта на некалькі тыдняў у далёкім Болдзіне і тым садзейнічалі нараджэнню бессмяротных радкоў ягонай прозы — маленькіх аповесцяў і маленькіх трагедый. Цяпер ужо няважна, як да гэтага ставіўся сам аўтар, які, дарэчы, схаваўся тады за прыдуманым іменем Івана Пятровіча Белкіна і нават сачыніў яго псеўдабіяграфію, няважна, што некаторыя з сяброў сустрэлі паяўленне ягонай прозы ў друку без асаблівай радасці, нават малаважна і тое, што разумны і праніклівы Бялінскі назваў іх нявартымі ні таленту, ні імені Пушкіна. Час паказаў, што Пушкін стварыў шэдэўры, значэнне якіх ніколі не зменшыцца.

Пушкін з'явіўся вялікім рэфарматарам літаратуры, усіх яе жанраў. Ён пераўтварыў тагачасную літаратурную мову, паэзію і, канешне ж, не мог абысці сваім наватарствам прозу.

Вядома, што проза — гэта перш за ўсё мова ў яе жывой натуральнасці, не перасаджаная з французскай ці якой-небудзь іншай, не штучны сурагат, а народная і жывая, якой тады не шмат было ў пецярбургскіх салонах, — затое ёю поўнілася народная стыхія, расійская глыбінка. Пушкін быў першы з расійскіх літаратараў, хто не пабаяўся шырока пусціць яе, занядбаную і пагарджаную, у расійскую славеснасць, у сваю паэзію, а затым і ў прозу — ад «Арапа Пятра Вялікага» да несумненнага пушкінскага шэдэўра, знакамітай «Капітанскай дачкі». Ён жа затым і сфармуляваў яе славутае неўміручае крэда: «Точность и краткость — вот первые достоинства прозы. Она требует мыслей и мыслей — без них блестящие выражения ни к чему не служат».

Урокі Пушкіна-празаіка так ці інакш адбіліся на творчасці геніяў сусветнай літаратуры, але найперш рускай. Лермантаў, Гогаль, Талстой, Чэхаў, Бунін тварылі пад несумненным уплывам Пушкіна. Ягонага ўплыву ў гэтым сэнсе не абмінуў ніводзін з сур'ёзных беларускіх пісьменнікаў, асабліва ў ранейшыя дзесяцігоддзі. (Гэта цяпер мы распісаліся, і не столькі думак у нашай прозе, колькі слоў. І тамоў.)

Але Пушкін вялікі не толькі паэтычнымі ці празаічнымі ўрокамі. Усё ягонае жыццё — змястоўнейшы ўрок этыкі, годнасці і маралі. Нават ягоныя чалавечыя слабасці — урок для многіх пакаленняў пісьменнікаў, дзеячаў культуры.