«Загадка Багдановіча» — важны для разумення эстэтычнага ідэалу М. Стральцова твор. Нам здаецца, што наогул некаторымі эстэтычнымі і этычнымі поглядамі, характарам таленту, асаблівасцямі светаўспрыняцця М. Стральцоў блізкі да М. Багдановіча. Відаць, таму кніга М. Стральцова разам з многімі літаратуразнаўчымі якасцямі адначасова ўяўляе сабой пранікнёнае, тонкае, хвалюючае слова аднаго паэта пра другога. Безумоўна, многае, што хвалявала М. Багдановіча, знята часам, новымі гістарычнымі ўмовамі, але галоўныя, карэнныя палажэнні яго эстэтычнай тэорыі, эстэтычнай праграмы — фундамент вялікага будынка беларускай літаратуры.
М. Стральцоў разглядае творчасць М. Багдановіча ў ракурсе гістарычнага і эстэтычнага вопыту беларускага народа. Ён піша: «У асобе, у адзінкавым лёсе — загадка. У жыцці народа і літаратуры — вырашэнне яе». Апавяданне пра трагічны, але высокі лёс паэта становіцца ў М. Стральцова роздумам аб служэнні мастака пароду, аб прызначэнні літаратуры ў грамадстве.
Пра М. Багдановіча М. Стральцоў піша ўсхвалявана, часам аўтарскае апавяданне, асабліва ў пачатку кнігі, пераходзіць ва ўнутраны маналог самога Багдановіча. Ад «еднасці душ» ідзе, відаць, лірычнае хваляванне, эмацыянальная ўзнятасць, жывасць, дынамічнасць стральцоўскага даследавання. І разам з усім гэтым — сапраўды павуковая аргументаванасць, глыбокі літаратуразнаўчы, псіхалагічны і гістарычны аналіз. Што ж прыцягвае ў асобе М. Багдановіча пісьменніка і крытыка М. Стральцова? Мы лічым мэтазгодным высветліць гэта для лепшага разумення самога М. Стральцова.
Ідэалам М. Багдановіча была «гарманічна развітая чалавечая асоба, надзеленая здольнасцю чуйна ўспрымаць прыгожае ў прыродзе і ў свеце». Гэта квінтэсэнцыя эстэтычнай праграмы М. Багдановіча. У асобе Багдановіча-чалавека і Багдановіча-паэта прывабіла М. Стральцова душэўная цэльнасць, багацце ўнутранага свету, гармонія пачуццяў і поглядаў, у аснове якой — глыбокая, усёабдымная, усёперамагаючая ідэя Радзімы, народа. Так М. Стральцоў і раскрывае «загадку» М. Багдановіча — праз гэту ідэю.
Па прынцыпу ўзыходжання ад хаосу да гармоніі будуе М. Багдановіч свой цыкл «У зачарованым царстве» і наогул усе «прыродаапісальныя вершы». Такімі ж пастаяннымі парываннямі «да гармоніі і красы» прасякнуты і яго інтымна-лірычны цыкл «Мадоны», з'явы, як лічыць М. Стральцоў, унікальнай ў беларускай літаратуры. М. Багдановіч шукаў і знаходзіў паэтычнае ў навакольным свеце, у чалавечых адносінах, імкнуўся да цэласнасці, знітаванасці з прыродай, з народам, з Радзімай. «Радзімай васілька,— піша М. Стральцоў,— назаве М. Багдановіч сваю старонку — Беларусь. ён хацеў сказаць, што гэта тая зямля, якая нараджае паэтаў». Паступова, часам з цяжкасцямі, ішоў малады адукаваны чалавек да свайго народа, да роднай мовы. Па сутнасці, як лічыць М. Стральцоў, гэта было прадвызначэннем часу, гістарычнай і мастацкай неабходнасцю для беларускай літаратуры, калі «гісторыя як бы ўзнагароджвае нас за мінулыя страты». Параўноўваючы бацьку і сына Багдановічаў, М. Стральцоў адзначае: «Мусіць, і «кліч продкаў», і талент, і воля маюць значэнне тады, калі іх прыводзіць у рух якая-небудзь вялікая, па-грамадску значная ідэя. Для Багдановіча такой ідэяй была ідэя нацыянальнага і сацыяльнага разняволення роднага народа. А падказаў яе Багдановічу час... Слухайце час! — гаворыць нам сваім прыкладам Багдановіч. Запомнім гэта». Сапраўды, варта запомніць, тым больш што думка гэтая становіцца галоўнай у творчасці М. Стральцова.
М. Стральцоў умее слухаць час, адчувае яго рытм і патрабаванні, добра ўгадвае тэндэнцыі літаратурнага развіцця, ёсць у творчай індывідуальнасці М. Стральцова рысы, якія родняць яго не толькі з Я. Брылём, але і з пісьменнікамі-равеснікамі з іншых нацыянальных літаратур — з В. Ліханосавым, А. Айліслі, М. Чабатару, Г. Матэвасянам. Усіх іх хвалююць праблемы, шмат у чым агульныя. Яны звяртаюцца да ўнутранага свету сучасніка, да яго духоўнага жыцця, да маральных прынцыпаў эпохі, да філасофскага іх асэнсавання. Агульнае ў іх і тое, што яны, можа, больш, чым пісьменнікі іншых стылёвых напрамкаў, заклапочаны парываннем сувязяў чалавека з зямлёй, з прыродай, з народным бытам. Адсюль і лірычнасць, пяшчота да таго, што непазбежна страчваецца ў наш бурны век, імкненне адлюстраваць у сваіх творах паэзію прыроды, паэзію працы на зямлі. Агульныя праблемы хвалююць пісьменнікаў-лірыкаў з розных нацыянальных літаратур, але кожны з іх праблемы гэтыя нібы растварае ў глыбіні свайго пачуцця, надае ім новыя аспекты. «Народнае — гэта аснова,— піша М. Стральцоў у «Загадцы Багдановіча»,— гэта дух і «асаблівы склад». Не паўтараць народ, а ўзяць лепшае ад яго і аздобіць у формы, адпаведныя народнаму духу і складу». А каб перадаць «народны дух і склад», пісьменнікі заканамерна звяртаюцца да нацыянальных традыцый, вытокаў нацыянальнай культуры. Такім чынам, зацікаўленасць творчасцю М. Багдановіча і іншых беларускіх пісьменнікаў, пра якіх піша М. Стральцоў літаратурна-крытычныя артыкулы, эсэ, не выпадковасць у яго творчасці.