Выбрать главу

М. Стральцоў марыць аб гарманічна развітым чалавеку камуністычнага грамадства, і мара аб гармоніі становіцца асноўным лірычным пафасам творчасці пісьменніка. Аўтар не хавае свайго «я» ў творы, а, наадварот, пераадольваючы аб'ектывізацыю апавядання, імкнецца да споведзі і самавыяўлення, укладвае многа свайго ў душы сваіх герояў.

Рознае бачанне навакольнай рэчаіснасці ў першую чаргу адбіваецца на стылі. З гэтага пункту гледжання цікава параўнаць стылі М. Стральцова і І. Пташнікава. І. Пташнікаў піша «густа» і дакладна — рэчыўнасць свету ўспрымаецца ім усімі органамі пачуццяў, што дае ў агульным плане рэалістычна праўдзівую карціну асяроддзя. Тое ж і ў дачыненні да чалавека: скрупулёзная фіксацыя ўсіх душэўных парываў, адчуванняў і думак у канечным рахунку раскрывае самыя складаныя сферы чалавечых адносін, прыроды чалавека ў яе біялагічна-сацыяльным адзінстве. Ужо самой пабудовай фразы, перанасычанай разнастайнымі эмацыянальна-сэнсавымі і выяўленчымі элементамі, Пташнікаў перадае драматызм адносін чалавека з асяроддзем, змаганне з абставінамі, дыялектычную супярэчлівасць і ў характары чалавека, і ў жыцці. Сімвалічныя вобразы, метафары нібы «абапіраюцца» на «намёкі» прыроды, асяроддзя, пісьменнік пазбягае ў параўнаннях адцягненых паняццяў. У М. Стральцова ў многім наадварот. Вобразы яго нясуць на сабе адбітак суб'ектыўнасці, больш характэрнай для паэта, чым для празаіка. Пісьменнік піша пра тое, што прайшло праз яго пачуццё. Таму ён ідзе не ад з'явы ці прыкметы прадмета, а ад настрою, які выклікае ў яго гэтая з'ява ці прадмет. Асаблівасцю стылю М. Стральцова з'яўляецца тое, што ўнутранае «я» аўтара праяўляецца праз знешнюю канкрэтыку асяроддзя. Але ў рэалій, прадметных вобразаў адзіная задача: перадаць складаную дынаміку пачуццяў аўтара. Лірычны пачатак становіцца асновай і ў адборы матэрыялу, і ў асвятленні яго. У той жа час М. Стральцоў вельмі стрымана ставіцца да сакавітага, яркага слова, да будовы фразы, да тропаў. Яго творчая ўстаноўка — шчырасць і праўдзівасць у выяўленні пачуццяў, а не стыль дзеля стылю.

У стылях І. Пташнікава і М. Стральцова аб'ектыўны і суб'ектыўны пачаткі па-рознаму ўзаемадзейнічаюць, суб'ектыўнае па-рознаму ўваходзіць у аб'ектыўны змест вобраза. Некаторыя даследчыкі — В. Новікаў, С. Пятроў, Я. Эльсберг — разглядаюць лірычную прозу як своеасаблівы тып мастацкага абагульнення, сутнасцю якога з'яўляецца непасрэдная прысутнасць у творы «я» аўтара. Акрамя ранніх твораў, гэтае «я» ў Пташнікава прыхавана, пачуцці праяўляюцца хіба толькі ў рытме, тоне паведамлення. У той жа час Пташнікава і Стральцова яднае цікавасць да маральна-этычных праблем, імкненне сцвердзіць спрадвечныя каштоўнасці і адначасова прасачыць, як сучаснасць у яе няспынным руху праходзіць праз псіхалогію чалавека, не такога ўжо зменлівага па сваёй прыродзе. Пры гэтым успрыняцце жыццёвых супярэчнасцей у Пташнікава даволі драматычнае, што, безумоўна, накладвае адбітак на ўсе элементы яго стылю. Вытокі такой драматычнасці — і ў жыццёвым вопыце, і ў светапоглядзе, і ў асаблівасцях характару пісьменніка. М. Стральцоў марыць пра гармонію, але і ў яго марах ёсць нейкая ўнутраная канфліктнасць, пакутлівы роздум аб шляхах да такой гармоніі.

У пачатку 60-х гадоў, калі прыйшоў у літаратуру М. Стральцоў, творы яго быццам і не выходзілі з агульнага рэчышча апавядальнай творчасці беларускіх пісьменнікаў яго пакалення, схільнага да лірычнага апавядання, і ўсё ж вылучаліся нейкім адметным, своеасаблівым «стральцоўскім» лірызмам, што адразу звярнула на сябе ўвагу чытача ўжо ў першым зборніку «Блакітны вецер».

Пра апавяданне «Блакітны вецер», якое дало назву зборніку, многа ў свой час пісалася, крытыка адзначала няпэўнасць агульнай думкі, неакрэсленасць кампазіцыі, ішлі нават спрэчкі аб правамернасці вобраза «блакітнага ветру». Але ж асацыяцыі, якія выклікае ў пісьменніка тая ці іншая з'ява, вельмі цяжка бывае ўвесці ў выразна акрэсленыя рамкі, рацыяналістычна іх вызначыць. Пісьменнік сам гаворыць, чым быў для яго герой «блакітны вецер»: «У ім было ўсё: трывожная смуга даляглядаў і незабыўнае святло маленства; дажджы, густыя, як вецер, і пах суніц; шчымлівая радасць у сэрцы і непрыкрытае, вясёлае здзіўленне перад светам. Якраз усё тое, чаго не хапала зараз Лагацкаму».