Выбрать главу

— Дак навошта, Яўменавіч? Раман, як тэй таго...

— Ета ён ляпнуў, бы з пастала,— палічыў патрэбным азвацца Сілка Хрупчык.

Але Зазыба ўсё нібыта не жадаў вырвацца з чортавых зубоў:

— Не, няхай ужо будзе па закону! — не слухаўся ён. Намесніку старшыні калгаса не тое каб вельмі хацелася распачынаць сярод поля сход ды хахлы вязаць у людзей, але матыліцу выгнаць з дапамогай салдатак з такіх вось гарлапанаў, як Раман Семачкін, варта было б».

Безумоўна, не ўсе старонкі рамана так густа перасыпаны сакавітымі слоўцамі, народнымі выслоўямі, але ўвогуле для мовы герояў характэрна іменна такое напаўненне. Агульны ж тон апавядання — спакойны, дыхтоўны, ясны, важкі. Насычанасць метафарамі ў аўтарскім тэксце параўнальна невялікая, але затое калі ўжо сустракаюцца параўнанні, то яны запамінаюцца надоўга. Дэталь у Чыгрынава мае вялікае сэнсавае напаўненне, нібы выпуклая. Як правіла, адна дэталь дае ўяўленне пра агульнае, настройвае чытача на адпаведны лад: «У Верамейкі немцы чамусьці не спяшаліся, і непатрывожаная жнівеньская ноч усё кружыла над саламянымі стрэхамі стоенай вёскі, як зацяты птах»; Зазыба «цяжкімі вачамі» глядзеў у спіну новаўтворанай уладзе — паліцаю Брава-Жыватоўскаму; «У горкім палыне за Зазыбавым дваром даспявала патрывожанае лета»; «Зазыба ехаў амаль безуважны да ўсяго, што абступала дарогу,— думкі варочаліся ў галаве так, як варочаюцца колы, калі патанаюць па калодкі ў пясок».

Увогуле ў стылі твораў пераважае канкрэтная лексіка, словы часцей ужываюцца ў першародным сваім значэнні. І тут Чыгрынаў адрозніваецца ад Пташнікава з яго шырокім ужываннем дыялектызмаў, этнаграфічных дэталяў і ад Стральцова з яго выразнай эмацыянальнай афарбаванасцю вобраза. Чыгрынаў жа вельмі свабодна аперыруе як сакавітымі слоўцамі сялян, так і простай, канкрэтнай лексікай. У яго вельмі развіты менавіта апавядальны стыль, стыль аб'ектыўнага паведамлення, а агульная структура раманаў мае ярка акрэсленую тэндэнцыю да сінтэтычнасці, да маштабнасці, да адлюстравання паўнаты гісторыі сваёй Радзімы.

Сінтэтычны, эпічны характар стылю І. Чыгрынава дае шырокі прастор для выяўлення творчых магчымасцей аўтара. Нідзе ў яго не парушаецца праўдзівасць сітуацый і вобразаў, стыль нібы разгортвае перад чытачом жыццё ў яго паслядоўным працяканні.

Элементы сінтэзу ў дылогіі І. Чыгрынава — перш за ўсё ў паўнаце выяўлення супярэчнасцей жыцця, у натуральнасці паводзін герояў, усебаковым праяўленні іх сутнасці, у сацыяльнай і чалавечай значнасці вобразаў, у мастацкім асэнсаванні гісторыі.

Як пішуць аўтары зборніка «Беларуская савецкая проза. Раман і аповесць», «гістарызм кожнага мастацкага твора выяўляецца ў яскравай і пераканаўчай матывіроўцы канкрэтных сувязяў кожнай з'явы з іншымі з'явамі, характару з абставінамі, ва ўменні пісьменніка будаваць твор галоўным чынам на глыбокіх сацыяльных канфліктах, ад чаго ён атрымлівае значэнне карціны гістарычна праўдзівага жыцця». Гэтыя словы можна поўнасцю аднесці да дылогіі І. Чыгрынава. Важкія па мастацкіх думках, цікавыя і своеасаблівыя па пабудове, па жанравай структуры, адначасова і традыцыйныя, і наватарскія па стылю, раманы І. Чыгрынава з'яўляюцца значным дасягненнем беларускай сучаснай прозы.