Выбрать главу

«Усё было, як і ўчора, і ўсё пачыналася спачатку» — гэта фраза-лейтматыў апавядання «На вакзале чакае аўтобус». Герой яго Юновіч незадаволены будзённай руцінай, хоць работа ў яго цікавая: ён журналіст. Можа, у тым і справа, што ён журналіст, што яго цягне да цікавых людзей, а даводзіцца пісаць артыкулы за вельмі занятых дырэктараў заводаў ці збітымі, надакучлівымі штампамі перапісваць ужо даўно вядомае пра цікавых людзей. Для пісьменніка важна паказаць мары і парыванні Юновіча, яго пастаянныя думкі пра адно: «У горадзе ёсць вакзал, і калі пайсці туды, купіць білет і сесці ў аўтобус — спачатку будзе чаканне, ціхія, стрыманыя размовы, потым — штуршок; на момант абарвецца трапяткая нітка часу і — паехалі, паехалі... Будуць прыпынкі на далёкіх кіламетрах, будзе бязладная гамана ў аўтобусе, дым, хоць сякеру вешай, будуць нязлосна лаяцца жанчыны, а дзядзькі ў суконных паддзёўках скаліць зубы і ўсё адно курыць; будзе падсаджвацца да самотнай дзяўчыны салдацік, а глухаваты дзядок з пяньковай бародкай паказваць суседу боты, што вязе ад сына. А потым наперадзе выплывуць маленькія домікі раённага цэнтра — Юновіч выйдзе з аўтобуса і не паспее агледзецца, як на яго насядзе, нібы мядзведзь, высокая, шырокая, такая шаматлівая, аж да звону ў вушах, нязвыклая цішыня...»

Так часта маніў сам сабе Юновіч, і, здавалася, усё ў паездках было сапраўды так, як у марах, а лірычны настрой хутка прападаў.

І Марусаў з апавядання «Там, дзе зацішак, спакой» едзе ў вёску, але знаходзіць там не спакой, а бясконцы дождж, цяжкія размовы з бацькамі і ўспаміны, знаходзіць не ідылію, а жыццё з яго надзённымі клопатамі і трывогамі: «А за акном усё ліў і ліў дождж, шарахцеў па сценах хаты вецер, і Сяргей думаў: «Зацішак, спакой... Які я быў наіўны... Зацішак, спакой!.. У галаву зноў лезлі розныя думкі, ён гнаў іх ад сябе, варочаўся... ліў дождж».

Пятро з апавядання «І зноў, зноў горад» ехаў дадому ў вёску, «ахвотна і лёгка верачы, што ўсё ўладзіцца як найлепш, і многа, многа паўставала ў памяці напаўзабытага, свайго, і ўжо, здаецца, не разумеў, як мог жыць, абыходзіцца без таго роднага, свайго, спазнанага яшчэ з дзіцячых гадоў». Але ў вёсцы яго ўспрынялі толькі як госця, ён і быў госцем, і хутка зразумеў гэта.

І ўсё ж душэўнае ачышчэнне, вынесенае з падарожжа, з вяртання да «карэнняў», адчуванне свайго дачынення да людзей, радасць чалавечых кантактаў, няхай кароткіх, выпадковых, стварае своеасаблівую атмасферу стральцоўскіх апавяданняў. Вёска не ратуе ад душэўнага неспакою, але само перакананне героя ў сваёй наіўнасці прымушае яго задумацца, як жыць далей.

Стральцоў, на нашу думку, прыхільнік суіснавання розных супрацьлеглых прыхільнасцей у душы чалавека. Гэта яднае яго з вядомым рускім пісьменнікам таго ж пакалення — В. Ліханосавым. Абодва яны даследавалі ў той час псіхалогію маладых людзей, якія выйшлі з вёскі і прадаўжаюць цягнуцца да яе душой, а самі ўсё больш урастаюць у гарадское жыццё. Адзін з герояў В. Ліханосава думае: «А ведь уходит целое поколение...,— поколение русских крестьян. А я уже не такой... да, не такой, как они...» Праўда, героі Ліханосава добра аналізуюць уласныя пачуцці, ведаюць, што адбываецца з імі і да чаго яны імкнуцца. Ім таксама не сядзіцца на месцы, але іх гоніць у падарожжа туга па хараству, імкненне зрабіцца мастком паміж гарадской і вясковай культурай. Стральцоў таксама сочыць за нарастаннем у душы свайго героя прагі гарманічнага ўнутранага жыцця.

Пісьменніку вельмі хочацца «прымірыць» у душы чалавека самыя розныя, часам супрацьлеглыя прыхільнасці. Нездарма ж з такога светла-радаснага, прасякнутага адчуваннем гармоніі свету, апавядання «Трыпціх» пачынаецца кніга выбраных твораў М. Стральцова. Такое і апавяданне «Сена на асфальце» і эсэ «Дзень у шэсцьдзесят сутак» з падзагалоўкам «Згадка пра Поўнач».

«Сена на асфальце» — цікавае па сюжэту, кампазіцыі апавяданне ў пісьмах, нібы разведка перад пераходам да больш буйных форм. Апавяданне — мажорнага ладу, у ім пануе атмасфера радасці і паўнаты жыцця, асабліва ў дачыненні да маладых герояў — Лены і Віктара. Звычайна пісьменнік не дазваляў сваім героям выказвацца дэкларацыйна, тут жа наадварот — Віктар неаднаразова гаворыць: «Я ведаю, што без вёскі нельга, але і без горада нельга таксама. Што я думаю, дык гэта — каб тое і другое ў чалавечай душы прымірыць...» Такія ж думкі не пакідаюць лірычнага героя «Трыпціха», ды і самога аўтара ў паўночным дзённіку. І ўсё ж галоўная думка стральцоўскіх апавяданняў у наступных словах Віктара: «Я думаю, што кожны чалавек павінен добра ведаць сваё месца на зямлі, што кожны, урэшце, мае права любіць нешта асабліва моцна,— няхай так: гэта ўсё ж лепш, чым не любіць нічога».