Выбрать главу

М. Стральцоў піша знешне проста, «традыцыйна», але адчуванне свежасці і навізны пакідалі ўжо самыя першыя яго публікацыі. Некаторыя яго творы, такія, як «Роздум», «Трыпціх», наогул трымаюцца на адзіным настроі, хоць тут пісьменнік не грэбуе, асабліва ў апісаннях прыроды, яркім тропам, каларытным словам. Аднак усё гэта даецца як бы мімаходзь, «ненаўмысна». Пісьменнік умела перамешвае «дзелавыя» апісанні з надзвычайнай эмацыянальнасцю, іронію з наіўнай споведдзю, бытавую складанасць з вытанчанымі нюансамі псіхалагічнага аналізу.

М. Стральцоў прагне натуральнай цэласнасці свету. У ім жыве пошук стыкоўкі ўсіх духоўных праблем нашага стагоддзя. Цікавыя і своеасаблівыя ў гэтым сэнсе яго адносіны з прыродай. Пейзаж нібы паглынаецца лірычна-філасофскім роздумам аб прыродзе. Ад залішне сухога пейзажу зборніка «Блакітны вецер» пісьменнік у далейшым пераходзіць да «настраёвага пейзажу», калі ўсе сродкі падпарадкоўваюцца ўвасабленню няяснага, часам трывожнага і ледзь улоўнага стану душы, якое К. Паўлоўскі называў «адчуваннем прыгажосці і чаканнем сустрэчы з ёй»:

Адчуваннем прыгажосці і нязведанага цуду жыве М. Стральцоў у лірычным дзённіку-падарожжы «Дзень у шэсцьдзесят сутак». Свабодна і шчыра цудоўныя малюнкі суровай Поўначы, абрыс Мурманска, сцэны жыцця на караблі змяняюцца разважаннямі пра мастацтва — тут пераважаюць рамантычныя інтанацыі, але не менш добрага гумару, іроніі (у дачыненні да крытыкаў) і самаіроніі. «Згадка пра Поўнач» нібы падводзіць у пэўным сэнсе вынікі таго цыкла апавяданняў, пра якія ішла гаворка вышэй.

М. Стральцоў — лірык-філосаф, і цікавяць яго праблемы гарманічна развітай, багатай духоўна чалавечай асобы, адносін прыроды і чалавека, мастацтва і народнай творчасці. Ён піша: «Мы па-рознаму разумеем сябе ў прыродзе і ў жыцці: чалавек індывідуальны, прырода безасабовая і да таго ж абыякавая да нас. У жыцці мы перш за ўсё адчуваем сябе як асобу, усё ідзе ад нас, і ўсё вяртаецца да нас, мы як бы пасылаем сігналы і самі прымаем адказы на іх. Калі ж нешта псуецца ў гэтай добра адладжанай сувязі, яна перастае быць зваротнай: мы чуем свае сігналы, але перастаём прымаць, разумець чужыя сігналы на іх. Магчыма, усе чорныя меланхоліі, усе мерліхлюндыі бываюць ад гэтага. Бяжы тады, чалавек, бяжы, хутчэй ідзі да прыроды: яна безупынна шле табе свае сігналы, як сонца праменні, але ёй не трэба твой адказ. Няхай цябе не бянтэжыць гэта. У яе абыякавасці не пагарда да нас — толькі вялікі спакой і паўната жыцця». Погляды М. Стральцова на прыроду далёка адышлі ад таго пантэістычнага, антрапамарфічнага яе ўспрыняцця, якое было характэрна для народнай творчасці і ранняй літаратуры. Чалавек, аддзелены ад прыроды, адчувае яе быццам аб'ектыўна і ў той жа час, узброены найноўшымі навуковымі звесткамі пра заканамернасці многіх прыродных з'яў, ведае пра больш глыбокую, чым проста утылітарная, сувязь з ёй. Адносіны сучаснага чалавека з прыродай яўна ўскладніліся. Ні героі М. Стральцова, ні сам ён не шукае поўнага забыцця ў прыродзе: «...У рэшце рэшт мы разумеем: наш шлях да вялікай еднасці з жыццём, са светам другі, чым у прыроды». Але ўсё ж у душэўным неспакоі, на жыццёвым раздарожжы чалавека цягне да прыроды. Невыпадковае і падарожжа самога пісьменніка на Поўнач.

М. Стральцоў — празаік, не пазбаўлены драматычнасці ўнутранага развіцця. У стылі апавяданняў «Трыпціх», «Сена на асфальце», у паўночным дзённіку адчуваецца эмацыянальная раўнавага. Апавяданне ж «Свет Іванавіч, былы донжуан», думаецца, адлюстроўвае душэўны неспакой самога аўтара. Свет Іванавіч, Жэня — чалавек цікавы, духоўна багаты, шчыры з самім сабой, але адначасова слабы з-за няведання свайго месца ў жыцці. Як піша Д. Бугаёў, «Стральцоў не судзіць і не ўзвышае героя, а даследуе яго складаны характар, паказвае, як чалавек спрабуе пераадолець свой душэўны крызіс, душэўную неўладкаванасць. Разам з тым пісьменнік вызначае акалічнасці, што спрыяюць гэтай хваробе».

Стыль Стральцова таксама сведчыць пра душэўны неспакой. Ён і яго героі часта ў хваляванні, у турбоце, увесь час імкнуцца наперад, і гэта непасрэдна адбіваецца на рытме, мове твораў. Лёгкасць, натуральнасць інтанацый, своеасаблівы, трохі нервовы, рытм, агульная ўсхваляванасць — усё гэта адзнакі лірычнасці стральцоўскай прозы. Яго лірычная інтанацыя грунтуецца на складанай гаме пачуццяў, на агульным жыццялюбным пафасе, на лаканізме і цэласнасці знешняй формы. Для стральцоўскай манеры характэрны простыя па структуры фразы, паўтарэнне асобных слоў, стрыманасць у выкарыстанні лірычных сродкаў. Строй фразы размераны і музыкальны: «А лес, цяперашні лес, быў і знаёмы нейкі, і незнаёмы, ён пачаўся, як толькі прывяла да яго дарога, з невялічкага балотца, а потым ужо быў малады сасоннік, і завіляла, то спадаючы ў хмызовыя нізінкі, то ўзлазячы на верасовыя палянкі, ужо не такая зялёная, як у полі, дарога. І маўчаў лес». Пісьменнік любіць галосныя гукі, часта з іх пачынаецца сказ, і гэтыя галосныя бягуць па радку, ствараючы асаблівы, блізкі да вершаванага, рытм, меладычнасць кожнага асобнага сказа. Пісьменнік падбірае эпітэты і параўнанні, кіруючыся сваімі асацыяцыямі, шукае такога адлюстравання і праламлення паняццяў, якое было б жывым і дзейсным, якое пераадольвала б стэрэатыпнае, стандартнае значэнне слова. Стральцоў шукае не незвычайных слоў, а такога выкарыстання іх, якое прыводзіла б слова да сапраўды дакладнага канкрэтна пачуццёвага вобраза: «Нечакана азвалася сонца», «навіваць думку на папяровыя папільёткі», «яблык, пераспелы і светлы, як даўняя журба», «снягі, ружовыя і чыстыя, як радасць». Гэта характэрна для Стральцова — увасабленні, параўнанні тых ці іншых рэальных з'яў з чалавечымі пачуццямі, напрыклад, пра дзялянку ў лесе: «Быў тут нейкі тужлівы настрой, як на старым, забытым дворышчы, і ўсё тут было, як бывае ў чалавечым жыцці».