У лесе запыніўся. Пайшоў паціху. Гулка білася сэрца.
Наперадзе нібы шуснуў агонь. Напружыў свае старыя вочы: што такое? Разгледзеў: бегла рыжая ліса з лісянятамі. Учулі яго, на хвілінку прыпыніліся, зірнулі, а потым вільнулі ўбок і схаваліся за ўзгоркам.
Стары лес радзеў; зазелянеўся наперадзе алешнік. За алешнікам — абгароджаны луг. Там пчалярня. Там ён, Сівы, быў днямі, пакуль Гаптар з жонкаю бралі мёд. Потым вазіў бітоны ў вёску, на склад.
Сівы збочыў, углыбіўся ў алешнік. Тут было мокра. Лічы, балотца. На высокіх купінах раслі кусты лазы, дзікіх парэчак.
Як абышоў пчалярню, павярнуў улева — бліжэй да вёскі. Вось нехта падхапіўся і адскочыўся. Падняў галаву: непадалёку стаіць знаёмы стары лось. За ім далей — прыгожая ласіха і ўжо адужэлае ласяня. Лось пазнаў — перастаў нервова дрыгаць пярэдняю нагою і з пагрозаю настаўляць рогі. Супакоіўся, нават нібы фыркнуў з прывітаннем.
І Сівы фыркнуў: здароў, стары дружа! Бягу вось дадому. З прочак.
Лось пазіраў сумнавата. І Сівы зразумеў гэты позірк: маўляў, бяжы ці не бяжы, але ты, гэтаксама звер, не будзеш вольны, усё роўна цябе зловяць, паставяць у канюшню, зашчэмяць у хамут. Вольнымі можам быць толькі мы, дзікія звяры!
Ужо ў маладым хвойніку ўспароў з ляжанкі сям'ю дзікоў. Першая падхапілася мацёра, за ёю з піскам пабеглі рабенькія парасяты, а за імі, на хвілінку запыніўшыся і агледзеўшыся, хто ж патрывожыў іхні адпачынак, павалюхаў вялізны, чорны ад смалы і балота, дзік-самец.
Канюшня была ўжо непадобная па канюшню. Аднаго канца яе, таго, дзе ляжалі звычайна сена, салома, не было. Там кідалася ў вочы толькі падмуроўка, труха; побач ляжала складзенае бярвенне, абломкі. Другі канец канюшні яшчэ быў такі, як і раней.
Спачатку ён пабаяўся заходзіць у гэты абрубак. Пастаяў, з самотаю паглядзеў, а потым асмеліўся, ступіў цераз падмуроўку і пайшоў да свайго стойла.
Пастаяў з хвіліну, ткнуўся ў яслі — там ужо не пахла травою, а патыхала павуціннем і пылам. І на дне ляжала некалькі белых яек — адбіўшыся ад свайго седала, тут неслася ўжо нейчая курыца, каб потым, можа, і сесці тут, вывесці кураняты.
Адчуў нейчы позірк. Падняў галаву: з гарышча, блішчучы зеленаватымі вачымі, пазіраў на яго са здзіўленнем стары Найдзёнаў кот-валацуга.
...Пасля полудня, калі падрамаў крыху стоячы, пачуў: сюды ідуць людзі. Гамоняць. Здаецца, сярод іх не было Бліна: не чуваць яго жартаўлівага, звонкага голасу.
Вось нехта залез на страху, заляскаў сякераю. Потым злез, усе загаманілі, нібы штосьці цягнучы. І праўда, валаклі: з піскам і з рыпам папаўзла долу палавіна страхі. І ў стойле стала светла-светла. А ён не ведаў, што Блін перабраўся ўжо ў Налібакі і што саўгас аддаў канюшню Бабчынаму Скону на дровы, дык вось цяпер людзі яе і разбуралі.
— Глядзіце! — пачуўся Гэльчын голас.— Сівы стаіць!
І ўсе — мужчыны, кабеты — рушылі да яго. Запыніліся каля стойла і моўчкі пазіралі. І ён глядзеў на іх, адчуваючы, як слязяцца вочы, зацягваюцца павалокаю.
— Тыя не прыйшлі, а Сівы прыйшоў...— прамовіла Гэлька.
— Тыя маладыя, так сказаць, дык ім і лягчэй адвыкнуць...— адказаў Гаптар,— А Сівы стары, Сівы ўжо, так сказаць, да смерці не забудзе гэтай канюшні. Скаціна — надта конь, сабака, кот — разумная.— Паківаў галавою, потым зайшоў у загарадку, пагладзіў яго па шыі. У Сівога капнулі долу слёзы.— Глядзіце, людзі, плача! Далібог, конь плача!..
— А божа ж мой,— усхліпнула і Гэлька.
— Але ж нам трэба, Сівы, раскідаць гумно,— прамовіў Гаптар, узяў яго за грыву. Павёў.— Ідзі назад, так сказаць, у Пільніцу. Там цяпер твой дом. Прывыкай да яго. Старайся ўжо забыцца пра гэтую канюшню...
12. «МАЛАДЫЯ»
У жніўні, калі ўжо мінулася часіна высокага блакітнага неба, калі па ім усё ніжэй і гусцей паплылі шэрыя воблакі, калі парыжэла сена ў стагах і сцукраваліся яблыкі ў садах, Гэлька і Альфонс Блін ішлі дадому з Налібак, з сельсавета.
«Вось і зноў я мужняя! — думала яна.— Блін — мой муж...»
Блін — у новым раскашнаватым касцюме, пры белай кашулі і пры модным гальштуку, у насунутай на лоб брылёўцы нёс у сетцы з паўдзесятка боханаў хлеба, пачкі макаронаў, цукру, пляшку віна. Яна ж несла ў руках гаспадарчую сумку, дзе ляжалі запалкі, дзецям цукеркі, а самаму меншаму і чаравікі. Ужо разам з Блінам выбіралі.
Чамусьці цяпер хацелася Гэльцы пабыць адной. Яна хацела, каб ён застаўся ў Налібаках ці ў Прудах, так і пыталася: «Можа, табе трэба тут застацца?» — але Блін не адставаў, моўчкі ішоў побач. Выпраміў плечы, задраў галаву. Як малады певень.