Гаптар прыпыніўся каля Франці, бачачы, што госці паскручвалі гаспадыніны ходнікі, натрэслі пяску. І не толькі накурылі, але і накідалі на падлогу шмат шалупіння ад сланечніку. Толькі Франця во збірала шалупінне ў далонь. Гаспадаровы меншыя дзеці сядзелі з бабаю на печы і цікавалі адтуль сюды. Гаптар падаў ім па яблыку. Яблыкі былі ўжо зморшчаныя, не надта сакавітыя, але ўсё роўна ў такую пару былі як дзіва.
— Дык вы кажаце: у горадзе трэба званіць ці пастукаць у дзверы...— загаварыла гаспадыня, якая сядзела каля печы і абірала бульбу.— Як жыў тут Блін, дык ён меў не раз моду стукаць. От сяджу я аднаго разу гэтак каля печы неяк, нешта раблю і чую: нехта ідзе, а потым і стукае ў дзверы. Хто ж гэта? Ды Блін, канечне, думаю. Ды і кажу: а ты галавою стукні. Адчыняюцца дзверы — і божа! — заходзіць Сцепановіч. Я і абамлела. Ізвінеця, прашуся. І тады ўжо Блін, ці не Блін, ці дзеці свае стукалі, пацяшаліся, дык усім адказвала...
Усміхнуліся. Але Тамаш не-не дый усё зірк ды зірк сюды.
— І з мяне Блін гэтак пацяшаўся,— усміхнулася Франця,— дык і я раз папалася. З Адамцавічам...
— І дзе цябе Адась злавіў?— бліснуў адным вокам гаспадар, Антон.
— Дурны ты! — зачырванелася.— Няма Бліна, дык ты яго выхілю падабраў... Стары, а ў галаве блазнота...
Гаптар чакаў, калі скончацца гэтыя пярэліўкі. Хацеў загаварыць пра самае важнае — пра тое, на калі ім папрасіць у Пільніцы коней. Гной вывозіць. Сёння ж брыгадзір пытаўся ў яго пра гэта, бо «складае графік».
— Дык вы, дзядзька, аказваецца, скрытныя сталі! — вось загаварыў і Тамаш, пазіраючы на яго.
— І што я таю? — усміхнуўся Гаптар.
— Не прызнайцеся ж, што нявестку з сынам у Налібакі адпраўляеце...
— Няхай едуць, калі хочуць,— адказаў з жартам.— Хоць на старасці пажывём з бабаю ў цішыні ды ў спакоі...
— Ніколі не думаў, што вы такі, дзядзька,— сказаў Тамаш,— Употай ад нас пачалі ўсё рабіць... І Найдзён, і вы... Антон толькі што вярнуўся з Налібак, дык там яму сказалі, што ваша нявестка магазін прымае. А Сцепановіч ёй і кватэру дае...
Гаптар зірнуў: жартуе, кепікі строіць? Здаецца, не.
Глянуў на Найдзёна: праўда гэта, сват?
— Кажуць жа во...— той паціснуў плячыма, зноў адвёў позірк. Значыць, нешта ведае, не дагаворвае. Можа, і не хоча ўсё перад усімі гаварыць. Але чаму тады нічога яму не сказаў? Яны ж не чужыя, а свае людзі. Раз усе гэтыя дні Антаніна бегала да іх, дык, пэўне, і нешта гаварылі пра гэта.
— Нічога не ведаю,— прамовіў Гаптар, схмурыўся. Быў і не рады, што прыйшоў сёння сюды.
— Паглядзім яшчэ, як ты сваіх дзяцей тут утрымаеш...— сказала Тамашу гаспадыня. Яе старэйшыя дзеці жылі і працавалі ў Баранавічах, у Мінску. Дык яна нібы і заступалася за яго, Гаптара.
— Што я?! — прамовіў Тамаш.— Я адно кажу: няўжо трэба гэта ўпотайкі рабіць? Ад каго хавацца? Блін, як збіраўся выязджаць, дык не таіўся.
— Кажу ж табе як на споведзі: нічога я не ведаю пра гэтыя пераборы...— сказаў Гаптар.— Думаў скора ўжо вокны, дзверы ў новую хату ставіць. Печніка ў Хатаве апытаў...
— Значыць, без вас усё рашано...— сказаў Тамаш, дастаў з кішэні карты,— Кожнаму свая воля. Давайце, пакуль хапае кампаніі, згуляем «у дурня». А то, можа, скора і не хопіць кампаніі.
Гаптар не пайшоў да стала.
— Я не буду,— прамовіў, а потым яшчэ і зманіў: — Забыў акуляры дома,— і, нібы ў пацвярджэнне, ляпнуў сабе па грудзіне. І засаромеўся: акуляры ляжалі іменна там, у сподняй кішэні пінжака. Селі ўсе астатнія мужчыны. І Суніцкі гэтаксама. Адчуваючы сябе нібы лішнім, Гаптар дзеля прыліку пагаварыў пра тое-сёе з кабетамі і хутка сабраўся дадому.
Анця корпалася на кухні; унучка, распавітая, ляжала ў калысцы, гудзела; Антаніна ляжала на ложку і чытала кнігу. Наўмысна паставіла каля сябе на табурэціку лямпку.
— Слухай, дзеўка,— запыніўся каля яе, прамовіў з хваляваннем,— кажуць, што ты на работу хочаш пайсці...
Антаніна падняла абгорнутую ручніком галаву (нядаўна, відаць, памыла валасы), зірнула на яго нібы са спалохам. Нічога не гаварыла, лэпала рукою каля шыі, нібы стараючыся абмацаць на халаце гузік.
— А хто вам казаў? — ці то ўсміхнулася, ці то старалася схаваць сваю разгубленасць.
— Мала што хто казаў,— прамовіў.— Дык праўда гэта ці не?
— Праўда,— прызналася, апусціла галаву, пачала разглядаць кнігу. Вокладку. Маўчала, але губы яе нібы нешта мармыталі. А на лбе ўсё большала-большала маршчына.
— І чаго ты спяшаешся ад нас уцячы? — пачаў ён здалёку.— Яшчэ ж дзіця зусім малое. І нашай, і тваёй маці зараз, як трэба будзе садзіць картофлю, многа работы будзе, дык яны не могуць паехаць за табою, сесці і сядзець з дзіцем. Вот як пачне хадзіць, па восені якой, дык тады і ідзі сабе на работу...