Векавечна шапталіся між сабою высокія хвоі. Прырода нібы сачыла за імі.
— Не злуйся, Тамаш... Толькі так трэба...
— Ды што ты мне гаворыш! — без крыўды адказаў ён.— Не малы ж. І сам усё бачу. Але ўсё роўна перасіліць сябе не магу... Іду па лесе — і здаецца мне: вунь ты пайшла. Кінуся, а цябе там няма. Бярозка стаіць. Зірну ўдалячынь: а ты ўжо далей стаіш...
— Адвыкнеш. Я ж во пакрыху прывыкла да яго...
Тамаш застагнаў. Не тое сказала яна. Балюча зрабіла яму.
«Але ж, праўда, усё мяняецца,— падумала.— Як прыйшоў да мяне Альфонс у прымы, дык я і не ведала, дзе дзецца. Зірну на яго — і страх мяне бярэ. Пудзіла нейкае. Маленькі, вочы вялікія, лупатыя, нос востры, ніжняя губа як вывернутая... Стаіць мне ў вачах высокі, файны Тамаш... Спаць ляжам, дык я бога прашу: хоць бы ён мяне не чапаў... Але праўду людзі кажуць: хто прылашчыць, да таго і прыгорнешся. І нямілы стане мілы. Пажылі крыху, і ўбачыла я: спакойны, працавіты, не п'е, дзяцей маіх любіць, глядзіць, бытта сваіх. Мяне шануе, галубіць, як дзяўчыну якую. Дык пакрыху і забыла я Тамаша, прывыкла. А як дачка ў нас нарадзілася, дык і зусім інакшая стала. І не брыдкі ён ужо для мяне. Мужчына як мужчына. Вочы як вочы, губы як губы. І ўжо, бывае, гарэзуем, як маладыя, абдымаю, цалую яго без памяці, ужо не думаю, што абдымаю не яго, а Тамаша... Але ж Тамашу гэтага не скажаш...»
— Скажы ты мне,— нібы ўгадаўшы яе думкі, прамовіў Тамаш, — толькі чэсна скажы: забылася ты пра ўсё тое наша?
— Не...— адказала.
— І яшчэ скажы: любы ён табе ці не?
— Як табе адказаць, дык і не ведаю...
— Толькі чэсна гавары.
— Прывыкаю... Ды і... муж жа ён мне. А калі...— і не дагаварыла.
Хацела сказаць: «А калі маеш сям'ю, дык трэба за яе і трымацца», але пасля ўспомніла — а Тамаш і сямейны ж да яе хадзіў, і яна прымала яго. Вось і прыкусіла язык.
— А што — «калі?» — запытаў ён.
«Усё-ўсенечкае паняў...»
— Тады я была ўдава, дык сама сабе была гаспадыня. А цяпер я сама сабе не гаспадыня...
Памаўчалі. І маўчанне было цяжкае, пакутлівае.
Сеў, пільна зірнуў на яе. І адвёў вочы.
— Ну што ж...— прамовіў.— Дай бог, каб ты была шчаслівая. Як ты ні будзеш паводзіцца са мною, але я табе зычу толькі добрага.
— Дзякую табе, Тамаш,— прашаптала.— І я табе благога не зычу.
— Ну, выбачай...— падняўся і, не зірнуўшы на яе, моўчкі падаўся з бярэзніку. Услед за вожыкам.
Як падышла да сваёй хаты, Гэлька пачула: там вэрхал. Прытулілася да акна. Закрыла далонню левую шчаку: па падлозе поўзаў на каленях і руках Альфонс, а на яго спіне сядзела яе і Сцяпана-нябожчыка дачка, Стася. І Альфонс, і Стася рагаталі. Каля іх паходжваў сярэдні сын, усміхаўся. А большы сын ляжаў на ложку і чытаў кнігу. Найменшая дачка, ужо Блінава, гуляла сама з сабою ў калысцы.
У яе ад замілавання сціснула сэрца.
«Добра, ой як добра, што нічога не было ў нас з Тамашам у лесе! — парадавалася.— І праўда: як бы я цяпер зірнула Альфонсу і дзецям у вочы?»
Пайшла ў хату.
— Падурэлі ўсе! — усміхнулася.
Убачыла: згледзеўшы яе і пачуўшы гэтыя словы, Альфонс аж расцвіў. Як яна бог ведае што ласкавае прамовіла.
Дачка саскочыла з Альфонсавых плячэй, падбегла да яе. Выцягнула рукі — каб абвіць яе за шыю.
— Мамачка! — усклікнула.— Гэта ты прыйшла?
— А хто ж? — лагодна ўсміхнулася Гэлька.— Я, маці-каза. Каза-дзераза. А вы, казляняткі, тут без мяне ўсю хату перавярнулі...
Альфонс падняўся.
— Назбірала што?
«Далібог, мужчына як мужчына,— падумала,— невысокі, аднаго росту са мною, і ў плячах вузкі, але гэта не бяда. Вочы вунь цяплом свецяцца, на губах усмешка. І сэрца добрае...»
— А вы травы нарвалі? — запытала ў дзяцей,— Вады нанасілі паліваць грады?
— Нарвалі...
— Нанасілі...
— Усё зрабілі,— адказаў і Альфонс.
— Малайцы!— пахваліла.— Мыйце рукі і садзіцеся за стол. Палуднаваць будзем.
Пасля полудня Гэлька ўзяла на рукі меншанькую дачку і пайшла ў Налібакі. У магазін.
Паціху і дайшла.
У магазіне цяпер, у рабочы час, нікога з пакупнікоў не было. Сядзела за прылаўкам Антаніна — у белым халаце і ў белай, завязанай на патыліцы, касынцы, здаецца, за гэты час яшчэ пахарашэлая, а насупраць, сагнуўшыся, абапёршыся на локці, нібы стаяў, нібы напаўляжаў Жэня Стэпановіч — высокі, са светлымі валасамі, у светлых, амаль белых, штанах і ў беленькай тэнісцы.
Абое ўсміхаліся. Як яна зайшла, заціхлі. Але ўсё роўна яшчэ ўсмешка была ў іхніх вясёлых вачах. Толькі Жэня пасунуўся да сцяны.
Гэлька падышла, стала якраз насупраць вагаў.