З непрыемнасцю ён зірнуў і на новую паліраваную шафу, на тэлевізар ды на сервант з дарагою пасудаю. Сёння чамусьці гэты дабрабыт вельмі прыгнятаў яго, яму да болю хацелася ў драўляную бацькавую хату, да бацькі, маткі, да сына (а ён цяпер, на канікулах, там), дзе яму было заўсёды ўтульна, улежна і ўежна, хораша, спакойна ды міла.
Але пачакай. Ці заўсёды яму было добра? Ці не там усё гэта сённяшняе і пачалося? Можа, не пачалося, а падрыхтоўвалася да сённяшняга? Ці не ён сам вінаваты ў тым, што здарылася? Ці недарэмна ён гнаўся на вялікія грошы, дзеля іх з'язджаў на працу, як кажуць, за свет, пакідаў Антаніну з дзіцем (а пазней і з дваімі дзецьмі) пры бацьках, гэта значыць пры яе свёкрах, наязджаў зрэдку, не зважаў, што яна скардзіцца на нялёгкае жыццё. Думаў: прывозіць добрую плату — яна і радая. Скардзіцца на адзінокасць, самоту — ат, чаго варты жаночыя капрызы!
Чаму, чаму ён у свой час не зважаў на тыя яе скаргі? Чаму ў свой час не пакінуў Бабчын Скон, не паехаў з Антанінаю да людзей, чаму не адмовіўся ад далёкіх паездак ды ад вялікіх грошай, не быў з сям'ёю побач? Хай бы меў меней, але быў бы заўсёды разам. Можа, яна праўду кажа: ён сам змусіў яе адвыкнуць, адбіцца ад яго. Але ж ён хацеў, каб усё было як найлепей. Дык чаму ж тады выйшла найгорш? Чаму Антаніна не зразумела яго? Чым яе той спакусіў? Маладосцю, розумам, далікатным абыходжаннем?
Ён думаў, разважаў, пакутаваў і паволі пачынаў разумець, што ўсё гэта павінна было рана ці позна здарыцца. Можа, і з-за Антанінінага характару. Бо яна заўсёды жыла нібы ні на гэтай зямлі, хацела нечага незвычайнага, лічачы, што яна не жыве, а толькі існуе, а вось жыве нехта іншы і недзе там, далёка ад Бабчынага Скону. Тое, што яна трымалася дагэтуль, гэта было часовае. Вось тут, на новым месцы, усё ў яе і выбухнула, яна кінулася ў іншы свет, у які хацела трапіць. І таму, можа, яе каханне да гэтага хлапчука — каханне ўяўнае, прыдуманае, адухаўлёнае найперш ёю самою.
Ён, Уладак, заўсёды адчуваў: яна, Антаніна, у нечым болей адухаўлёная, чым ён. І не таму, што ён скончыў восем класаў школы і СПТУ, а яна дзесяць класаў.
Яна была адна дачка ў Найдзёнаў, таму была заўсёды дагледжаная, адлучаная ад работы, спешчаная. Аднагодкі яе працуюць, а яна ляжыць у садзе ці каля рэчкі з кніжкаю. Найдзёны ўсім казалі: іхняя дачка скончыць школу і паедзе ў Мінск «вучыцца на доктара». У тое лета, калі ён вярнуўся з арміі, яна і ездзіла паступаць. Але не паступіла. Хацела ўсё роўна з'ехаць у горад, уладкавацца там на любую работу, але Найдзёны яе неяк прытрымалі.
І, можа, не былі рады. Бо ў тое ж лета прыехаў у іхняе лясніцтва практыкант, будучы ляснічы, стаў у Лабуні на кватэру і пачаў заляцацца да іхняй дачкі. Яна быццам учадзела, прыліпла да таго, шустрага, бойкага, бадай, сама бегала за ім. У Бабчыным Сконе пачалі тады пагаворваць, што «Найдзёнава дачка можа прынесці скора ў прыполе».
Калі той практыкант паехаў, Антаніна хадзіла сумная, пісала таму доўгія лісты, казалі, хацела паімчацца за ім услед, але Найдзёны не пусцілі. Былі рады, калі да Антаніны пачаў хадзіць ён. Спачатку яна была зусім абыякавая да яго, казала, што не пойдзе замуж ні за яго, ні за іншага каго, бо на другое лета зноў паедзе паступаць. Пазней, супакоіўшыся ды перастаўшы атрымліваць ад практыканта лісты, падабрэла, пачала адказваць на яго заляцанні ўзаемнасцю. А неўзабаве і замуж за яго выйшла. Выйшаўшы замуж, ужо не збіралася далей вучыцца, хоць часта гаварыла, што і хацела паехаць у горад, і змагла б паступіць ды «мець адукацыю», ды ён «завязаў ёй свет».
Ён не крыўдзіўся, пасміхоўваўся з гэтых яе гамонак, казаў, што ёй добра і тут, у вёсцы, без той вялікай адукацыі, бо ў іх усяго хапае. Аж ёй, бачыш, не ўсяго хапала...
Можа, нават яна не кахала яго. Прывыкла, прызвычаілася, жыла як набяжыць, а вось тут, сустрэўшы таго хлапчука, не вытрывала, дала волю паўзабытым і новым марам, жаданням. Можа, і не спадзяецца на нешта вялікае, доўгае, глыбокае, не гоніцца за жураўлём у небе, але чэпка трымае сініцу ў руцэ...
Ці гэта ўсё, што адбываецца, яму за кару? За Вераніку.. Калі там і што там некалі было — ат, штосьці несур'ёзнае, дзіцячае ці зусім юначае,— але вось і зноў, як і часамі дагэтуль, абзыўнулася востраю віною, сорамам, а то і, бадай, здрадаю. Вераніка — Даргевічава дачка, яго аднагодка. Яны разам канчалі восем класаў у Прудах, ёй ён пісаў лісты з арміі. Казалі, дзеля яго засталася яна пасля дзесяцігодкі ў Бабчыным Сконе, чакала з арміі. Але вярнуўшыся дадому, ён адчуў: не кахае яе і не можа кахаць. Як кажуць, адразу ж яму засланіла свет Антаніна, якая за гэтыя два гады, што ён не бачыў яе, падрасла, расцвіла і стала красуняю. Казалі, Вераніка вельмі перажывала, што ён занядбаў яе і перакінуўся да Антаніны, плакала на іхнім вяселлі і прадракала, што яны, Уладак і Антаніна, шчаслівыя не будуць...