Кабінет быў шыкоўны. Новыя, з паліраваным рудаватым верхам доўгія сталы літараю «Т», новенькія крэслы пад ім і абапал светла-зялёных сцен тэлевізар, канапа. Справа, у кутку, высокае лімоннае дрэва, каля яго журнальны столік, два нізкія мяккія крэслы. Акно — адно, але шырознае і высокае — завешана дарагою фіранкаю. На падаконніку Ларыса паставіла вазонаў з кветкамі. На сценах — карціны.
Распрануўшыся, пайшоў да свайго стала. Сеў. Зірнуў на крышку пацёртае ўжо сшыткамі, кнігамі, запонкамі ад манжэтаў кашулі шкло, на кадоўбчык з усякімі самапіскамі і алоўкамі, на кіпку часопісаў і кніг, на сіненькі тэлефон з белым, звітым у спіраль дротам. Нібы прывыкшы да знаёмых рэчаў, падсунуў бліжэй да сябе тоўсты разгорнуты блакнот — на блакітнай разлінеенай старонцы яшчэ раней было запісана тое, што трэба яму зрабіць. Вось яго клопат на сёння:
1) Далей пісаць даклад для педсавета;
2) Схадзіць на ўрок беларускай мовы ў восьмы клас і на ўрок прыродазнаўства ў чацвёрты;
3) Праверыць планы самаадукацыі ў настаўнікаў мовы і літаратуры;
4) Камсамольскі сход у дзесятых класах. Выступіць. Пагаварыць, каб лепш авалодвалі прафесіямі шафёраў і трактарыстаў;
5) Акаловіч. «Інтымная» размова;
6) Пазваніць у раён. Пра новае абсталяванне для інтэрната;
7) Майстэрня (як паляпшаецца работа), поле і гарод (падрыхтоўка да зімы), сталоўка (як харчуюцца дзеці);
8) Справаздача для райана. Пра ўдзел школы ў выстаўках, конкурсах, у спорце;
9) Сустрэча ў 19.00 у сельсавеце з выбаршчыкамі;
10) Прыкінуць тэзісы выступлення на саўгасным сходзе.
«Вось колькі чаго на сёння! І ўсё трэба зрабіць! І так кожны дзень, кожны месяц. Адно толькі і ведаю: праца ды праца! Як пабудавалі, абсталявалі гэтую школу, у навучанні перайшлі на новыя праграмы, звыкліся крыху, дык здавалася: неўзабаве павінна палягчэць, быць больш вольнага часу. Ажно ні на кропельку не палягчэла. Бо вось заявіўся новы вялікі клопат — навучальна-вытворчы камбінат... Хочаш ці не хочаш, а трэба зрабіць усё так, як трэба! І ці апошні гэта вялікі клопат?!»
— Ну, хопіць уздыхаць і адчайвацца!— сказаў уголас.— За работу!
Адчыніў шуфляду, дастаў чыстыя і спісаныя ўжо лісты. Паклаў перад сабою, прачытаў, што пісаў раней. «Злавіў» думку і «павёў» яе далей. Пачаў пісаць. Захапіўшыся, забыўся пра ўсё на свеце. Пры добрым настроі ды калі яшчэ нешта трэба было хутка і мусова зрабіць, ён умеў, як кажуць, сціснуцца ў кулак, папрацаваць усмак, што пасля ўсе толькі здзіўляліся: калі ён паспеў усё так абдумаць, напісаць?
Калі праз пэўны час падняў галаву, пачуў: у школе заявіўся знаёмы гул. Чуліся настаўніцкія, дзяціныя галасы. Звыклы, дарагі сэрцу шум! Школьнае жыццё! Бо якая ж гэта школа без здзіўлення, без смеху і весялосці?!
Зноў угнуў галаву, папісаў яшчэ з паўстаронкі — пачуўся ўжо рэзкі званок. На «трохвілінку» — падрыхтавацца да першага ўрока.
Можна было і не выходзіць з кабінета. Завуч, Лілія Іосіфаўна, як і заўсёды, павінна была ўсё добра дагледзець. І планы ў настаўнікаў праверыць, і прасачыць, як дзеці рыхтуюцца да ўрокаў. Ён прывучаў сябе не кідацца на ўсё, што толькі трапляе пад руку, стараўся перакласці каторыя клопаты і на завучаў, настаўнікаў. Калі сам будзеш толькі рабіць усё, дык урэшце і стомішся, і іншых адвучыш ад сур'ёзнай работы. Але цяпер рашыў усё ж выйсці, зірнуць, хто з якім настроем прыйшоў сёння ў школу.
Падняўся, пайшоў з кабінета.
Гул па калідорах улягаўся: дзеці разыходзіліся па класах. Да іх ужо ішлі настаўнікі.
У клас кабінета біялогіі спяшалася Ірына Васільеўна — маладая, але мажная жанчына. Яна заўсёды робіць усё хутка, здаецца, амаль не думаючы, але, бадай, нічога не дарабляе да канца. Зашмат у яе спеху, мітусні, збянтэжанасці.
— Добры дзень, Павел Мікалаевіч,— першая павіталася. І сёння чагосьці разгубілася, аж спалохалася. Запынілася, цяжкавата задыхала і ні то з віною, ні то з бояззю пазірала яму ў вочы — густыя яе бровы насунуліся, вейкі раз-пораз нервова міргалі, вусны нібы штосьці мармыталі.
— Здарылася што, Ірына Васільеўна? — насцярожыўся.
— Не, не!— хутка адказала.— Прабачце...— і паспяшалася ў клас.
Ён жа паціснуў ад здзіўлення плячыма: што з настаўніцаю? Можа, здарылася нешта непрыемнае дома? Ці саромеецца за ўчарашні свой урок батанікі, дзе ён быў і не знайшоў, за што пахваліць? Няўжо яе пакрыўдзіў? Здаецца ж, гаварыў спакойна, без зняваг. Ці гэта толькі яму аднаму думаецца, што ўсё было добра, а на самай справе не зусім добра?