Блін прыпыніўся. Пад навіссю алешын, ужо ў прыцемку, жаўцеліся пад промнямі вячэрняга сонца акуні — пікіравалі. Вось усё заціхла — пачулі, канечне, яго крокі. Толькі булькала, спяшалася ўперад вада.
Пачуў усплёск. Лічы, насупраць сваёй хаты: там была вялікая яміна, і там любілі купацца дзеці, а то і сталыя. Цяпер, пэўне, купаюцца яго сыны.
Падышоў. Убачыў: купаюцца мужчына і кабета. Ага, Гаптаровы Уладак і Тося. Гарэзуюць, абліваюцца, абдымаюць адно аднаго, адбягаюцца і зноў далонямі б'юць на вадзе, абпырскваюцца. І смяюцца. Маладым, радасным смехам.
Блін стаіўся, паглядзеў на іх. Каб іншым разам, дык мог бы схаваць іхняе адзенне, што ляжала вось тут, спехам скінутае, але цяпер не захацелася гэтак жартаваць.
«Во дзе ўдалая сям'я!» — пазайздросціў.— Добра, на зайздрасць усім жывуць!»
Ціха, каб не перашкодзіць маладым Гаптарам гарэзнічаць, патупаў далей. Крышку адышоўся ад берага, прыгнуўся. І прытрымаў далонню медалі. Каб не звінелі.
Вось так, каля гародаў, мінуў сваю сядзібу. Падышоў да сотак і гарода Адася Даргевіча.
Якраз насупраць была яшчэ адна, самая вялізная, яміна — тут некалі стаяў панскі млын. Млына даўно ўжо няма: яго спалілі ў вайну. Засталіся толькі ўмакрэлае парэзанае слупоўе ды вось гэтая, нашмат абмялелая, яміна. Гэтае месца так і называлася — Яма. Тут не купаліся. І самі, і госці лавілі вудачкаю рыбу. Мясціны былі рыбныя: было дзе — пад берагам, у карчах,— схавацца рыбе, і Адась кідаў сюды вараную бульбу, хлеб, проса.
Далей злева, за Ямаю, быў стары мост. Яшчэ панскі. Па ім спачатку ездзілі на машынах, потым, як мост абсунуўся, на калёсах, а пазней толькі хадзілі. Але вось гадоў сем назад зусім абсунуўся ў рэчку, запрудзіў яе. Дык прыйшлося разабраць яго. Ездзілі ў Янковічы, у Налібакі і адтуль сюды на машынах і на калёсах ужо каля яго, па тупкай плыці. Але год за годам размяшалі бераг, дно рэчкі, дык на машынах і калёсах тут перасталі перабірацца, пачалі, робячы вялікі круг, выязджаць на стаўбцоўска-налібацкую дарогу, паўз Лабуні. Праз лес. А калі сапсавалі і тую дарогу, пачалі тады ездзіць праз Пруды.
Вось так, думаючы, хацеў дайсці да былога моста — да цяперашняй кладкі. І пастаяць на ёй, паглядзець на ваду. Чамусьці заўсёды, калі было трывожна на душы, любіў прыйсці да кладкі, стаць пасярод і пазіраць, як цячэ вада — роўна плыве па жоўтым жвіры, круціцца, булькоча каля абзелянелых камянёў, з-пад якіх не-не дый выплыве то галоўка, то хвост сліжыка — як маніць за сабою, у далёкі свет, рачную траву. Пазіраў — і супакойваўся.
Але вось убачыў: не дойдзе да кладкі. Уперадзе на яго дарозе сядзіць Адась Даргевіч. Босы. У штанах і ў кашулі. Але відаць, што нядаўна купаўся: мокрыя чорна-сівыя валасы былі гладка зачасаны назад. Цяпер абсыхаў, лавіў рыбу — адну вуду трымаў у руцэ, яшчэ дзве вуды былі ўторкнуты побач у зямлю.
Вось пачуў крокі — павярнуў галаву. На хмурным, цёмным твары ані ажыўлення. Маўчун. Як і нямы. Быццам Суніцкі. Адзін з самых загадкавых людзей у вёсцы. Працавіты, майстра на ўсе рукі — каваль, сталяр, бондар, механік па машынах, матацыклах і радыё, кравец — маўчун і горкі п'яніца. Калі п'яны, дык невыносны. І для жонкі, і для ўсёй вёскі. Запыніць любога, чапляецца, успамінаючы і пазалеташнія грахі, ці невядома чаго плача. «Я табе скажу...— бубніць тады.— Але я нічога табе не скажу... У мяне такая крыўда, але я не скажу табе якая...» І вось так без канца. Не дагаворвае і плача, як бабёр. Нарэшце прагоніць жонку з хаты і ўкладзецца спаць адзін. Можа, каб каму іншаму, дык не даравалі б, абгаворвалі, а яму ўсё даруюць. І жонка ўсё даруе. Нават і тады, калі ёй прыходзіцца і не начаваць дома. Толькі калі-нікалі ўсе здзіўляюцца: ну чаму амаль заўсёды вялікія майстры так гарэлку любяць?!
— Звудзіў што? — падышоўшы, запытаў Блін.
— Ды будзе на юшку,— адказаў Адась, зірнуў на ваду, падхапіўся, асцярожна ўзяў вудзільна, ірвануў уверх. Над вадою заблішчаў ладны акунёк.
Адчапіў, апусціў рыбіну ў зялёнае эмаліраванае вядро, што стаяла па той бок куста, начапіў на кручок чарвяка і зноў, замахнуўшыся, апусціў кручок на яміну, уторкнуў вудзільна ў зямлю.
І больш ні слова. Сеў. Блін апусціўся на зямлю непадалёку. Зірнуў на паплавок — той адразу ж пачаў мітусіцца. З ім дражнілася дробязь.
— Быў у Налібаках,— першы парушыў маўчанне Блін.— Даклад паслухаў, пенсіённую ксёнжку, загарак у дар палучыў...
— Дык пенсіянер ужо, кажаш? — нібы ўсміхнуўся Адась.
Цяпер ужо Блін змаўчаў.
— Што зробіш! — уздыхнуў Адась.— Такая стацця: ад старасці не адкупішся! І нам з Антонам праз пару гадоў ужо трэба будзе ісці на гэтую пенсію. З васьмі нашых хат тады ў шасці гаспадары будуць пенсіянеры...