Абодва памаўчалі. Праз хвіліну Адась зноў марсянуў вудаю — зноў падчапіў ладнага акунька. Але на кручок новага чарвяка не чапляў.
— Хваціць,— прамовіў.— Хадзем шыкавацца да вечара. Зараз і падыдуць хлопцы.
— Хлопцы-пенсіянеры...— усміхнуўся Блін.
— Такая стацця...— паківаў галавою Адась.— Але ўсё роўна сябры-партызаны. А гэта...— і не дагаварыў, замаўчаў.
Маўчаў, калі ўжо ішлі па тупкай сцежцы ўздоўж яго сотак.
За бульбаю, перад прыгуменнем, пахла вуглём. Тут стаяў курганок: у ім Адась і сёлета выпальваў для сваёй кузенькі вугаль. Кузня — старая, у зямлянцы — стаяла непадалёку. Збоку Адасёвай сядзібы.
— Сказаць табе навіну? — запытаў Блін.
— Ну,— буркнуў Адась.
— Коней ад нас забіраюць...
Адась толькі са здзіўленнем зірнуў на яго раз-другі, але нічога не прамовіў. Пазіраў некуды ўвысь, вышэй сваёй сядзібы. Здаецца, толькі чагосьці моршчыўся.
Вось так ён маўчаў, калі забіралі адгэтуль школу, магазін, калі абарвалі тут драты і перасталі даваць сюды электрыку. Усе гулі, а ён як вады ў рот набраў.
— Я ўжо Гаптару казаў: напрарочыла-такі бабка...
— Мне твая бабка ніколі не сніцца...— нарэшце азваўся Адась, але не пра яго навіну.— Баіцца мяне ці...— і зноў не дагаварыў.
Праз дзверы ў дрывотні — у ёй амаль поўна ўжо было бярозавых і сасновых сухіх дроў — увайшлі ў двор.
Непадалёку, паблізу калодзежа, дымелася нізенькая, на два кружкі, пліта. Пахла смажаным салам і варанаю бульбаю.
Ля пліты на невялікім столачку сядзела спіною сюды гаспадыня і пераварочвала нажом сала на патэльні, насупраць, абапёршыся аб частакол, стаяў Адасёў брат, пастух Антон.
Антон быў апрануты па-святочнаму: у хромавых ботах, у новым галіфэ і ў светлым — ці не сынавым — пінжаку. На грудзіне — ордэн і радок медалёў. Адно рукаво пустое. Кішэня галіфэ адтапыраная — там, канечне, пляшка.
«І праўда ж, падобныя браты, як блізняты. Абодва высокія, тонкія. Невялікія, даўгаватыя галовы, вострыя насы».
— Злавілі што? — бліснуўшы на іх адным вокам, запытаў Антон.— Ці вуда была ў руцэ, а рыба засталася ў рацэ?
Адась паставіў каля жонкі вядро.
Антон зазірнуў у яго.
— Дык чаго,— усміхнуўся, з хвіліну падумаў. Каб, мусіць, сказаць далей вершам: — Вядро не пустое, хоць вадою налітое!
Адасёва жонка, Франця, зірнула з лагодаю. На ўсіх. Усміхнулася, хоць нічога не сказала.
«І на мяне не злуе,— падумаў Блін.— А ўчора гэтак крычала! Думаў, вочы выдзера. Дык каб за што! Пасмяяўся, што да яе фінагент падходжвае... Як перастрэла ўчора ды як дала, дык ледзьве жывы ўцёк...»
Пачуўся вясёлы гоман. Блін зірнуў на брукаванку: ішлі ў Янковічы яго сыны і дочкі. Адны з усяго Бабчынага Скону.
Параўняліся.
— Салют ветэранам!
— Слава партызанам!
Жартавалі меншыя сыны. З яго, бацькавым характарам, ахвотаю да кепікаў. Падаліся далей. Запыніўся, завярнуў у двор толькі Альфонс. У выпрасаваных штанах, у тэнісцы, з белаю патыліцаю.
«Не малады ўжо,— падумаў Блін пра сына.— Маршчын вунь на лбе і ля вачэй ужо многа...»
— На, ваяка,— падаў бацьку пляшку гарэлкі.— Віно-то мы апрыходавалі, а гэта тваё... Ну, добрай вам чаркі, партызаны!
Блін узяў ад сына пляшку.
— Не задзірайцеся там,— сказаў,— Без сінякоў, хай на яго халера, вярніцеся.
— А вы гуляць сваё гуляйце, але толькі не плачце...— адказаў жартам Альфонс і пабег даганяць сваіх.
— Вясёлыя ў цябе дзеці! — усміхнуўся Антон.— Мае большыя прыедуць з горада дадому, дык усё нечага квокчуць і квокчуць. Усё ім нечага мала. А твае вясёлыя...
— А чаму не жыць весела? — запытаў Блін.— Не бачу прычыны, як кажа Сцепановіч, жыць без аптымізму!
Адась за гэты час зайшоў у хату, вярнуўся з кружком ды з нажом.
— Пакуль суд ды справа, дык і зварыцца юшка,— усміхнуўся.— Пад чарку добра пойдзе.
Зноў нехта затупаў па сцежцы. Ішоў сюды.
Стары Гаптар. Гэтаксама ўжо ў святочным касцюме, выгалены, пры медалях. Нёс пакуначак, у звязанай за рагі хустцы. Пад пахаю другой рукі — міска.
— Сышліся ўжо? — усміхнуўся.— А Франця яшчэ, так сказаць, і не наварыла нам булёну? Тады, у лесе, заўсёды паспявала. Усё ў час рабіла...
— Не я вінаватая,— усміхнулася ў адказ Франця.— Рыбак наш запазніўся. Я б даўно ўжо тую юшку зварыла.
— Не адгаворвайся,— махнуў рукою Гаптар.— Тады дзяўчынаю была, дык і хацела ўпадабацца. А цяпер хіба будзеш старацца? Дзеля каго?
Франця ўсміхнулася. І ўсе ўсміхнуліся.