Рассыпаліся па выгане: Лабунева жонка з дзецьмі, Анця, Антонава жонка з малымі, Франця, Найдзёніха з унукамі, а ля яе — трое Бліноў, Стэфусіха. Шмат занялі пракосаў.
Гаптар паглядзеў, як робяць людзі. Усе разбівалі добра: рыжаватае, ломкае сена паварочвалася на зямлю, а наверх трапляла зялёным бокам. Як і мае быць. Ззаду за ўсімі корпалася старая Стэфусіха, сагнуўшыся і шуруючы сваім кійком. Гаптар моўчкі пайшоў. За ім падаліся Суніцкі, Адась, Гэлька з Антанінаю.
Раса ўжо высахла; было цёпла, нават парнавата. Налятаў ветрык. Якраз усё для таго, каб добра сохла сена. У кустах жа, у цяні, як туды зайшлі, было яшчэ расяна, халаднавата.
Усе моўчкі паразыходзіліся, пачалі грэбці. Праўда, потым не ўсе маўчалі: былі адна ля адной Гэлька і Антаніна, смяяліся, нешта адна адной расказваючы.
Нехта з дзяцей віскнуў на прагаліне: ці не наступіў на жабу ці вужа? Вось там збегліся ўсе, пачалі таўчы граблямі.
«Цяпер усё ж не той сенакос...— падумаў Гаптар.— А некалі ж, як было шмат маладых, дык чаго толькі не было на лузе! Звінеў луг! Жартавалі, барукаліся мужчыны і хлопцы. Качалі дзяўчат, купаліся. Хлопцы падглядалі за дзяўчатамі, адкрадалі іх адзежу, тыя вішчалі, бегалі за хлопцамі з крапівою... А на Шубін, кажуць, і цяпер едуць і як на работу, і як на свята. Там жывуць у буданах, ловяць рыбу, паляць вогнішчы, дурэюць. Увесь дзень там звіняць песні, смех, жарты. Потым усе вёскі цэлае лета пра той сенакос гавораць...»
Загудзеў матацыкл. Ехаў сюды. Стаў.
Гаптар выйшаў з кустоў, пайшоў насустрач. Ведаў: прыехаў іхні, пільніцкі брыгадзір.
Сустрэліся пасярод лугу.
— Разбіваеце ўжо? — усміхнуўся Сцяпан. Сярэдніх гадоў мужчына, невысокі, поўны, чырвоненькі. У сандалях, картовых штанах і ў тэнісцы, у капелюшы.— Я думаў, што спіце яшчэ, прыйдзецца вас па хатах шукаць ды выправаджаць на работу.
— Здароў табе,— адказаў Гаптар. Ведаў: Сцяпан жартаўнік.— Позна ты надумаўся заказваць на работу. Добрыя брыгадзіры яшчэ б учора наказалі: пагода стала добрая, дык ідзіце, людзі, заўтра разбіваць і грабці.
Парукаліся.
— А што — высахне сёння? — запытаўся Сцяпан.
— Высахне,— адказаў Гаптар.— Калі не на зямлі, дык дасохне ў копах. Назаўтра вунь там,— кіўнуў на высокія вольхі, дзе ўжо мітусілася гарачае паветра,— ссянуем. Паслязаўтра кончым на Гаптаровым раўку. А там паслязаўтра будзем ставіць стагі.
— Дык хто тут брыгадзір: вы ці я? — усміхнуўся Сцяпан.
— Я толькі раблю тое, пра што і ты думаеш...— з усмешкаю адказаў і Гаптар.
Сцяпан нічога не адказаў, стрэльнуў позіркам на кусты: з іх з ахапкам травы выходзіла Гэлька. Гаптар усміхнуўся, зразумеўшы гэты позірк. Сцяпан зачырванеўся. Але абодва маўчалі.
— І ваша нявестка засталася? — запытаў Сцяпан, акідаючы позіркам ужо і Антаніну.
— Засталася.
— Хадзі сюды,— паклікала Сцяпана Антаніна,— памажы троху, згані лішні тлушчык.
— Ды магу,— не збянтэжыўся Сцяпан.— З абедзвюма вамі гатоў...
— Не, дарагі,— не здавалася Антаніна,— з намі дваіма табе не справіцца. Жывот на гэта завялікі ў цябе.
— А ты не бойся, не глядзі па мой жывот...
— Дзеці ж кругом,— папікнуў Гаптар.— А вы...
Але адчуў: вось гэтага і не хапае цяпер. Жартаў. Але не падабалася, што жартуе з чужымі мужчынамі іменна яго нявестка. Няхай бы гарэзнічала Гэлька. Але тая маўчыць. Ведае: што змоўчаць замужняй, дык ёй, удаве, не даруюць. За ўдавою заўсёды пільна сочаць.
— Гэта я вот чаго прыехаў,— збянтэжыўшыся, прамовіў Сцяпан.— Трава сёлета тут ураслася, сена будзе многа, дык, можа, і не хваціць вашай сілы. Кажыце — пазваню дырэктару, дык падашле сюды канторскіх кабет з Налібак.
— Не трэба,— махнуў рукою Гаптар,— і самі справімся. Ну я пайшоў.
«Тыя гады, як быў простым інжынерам, і мой Гіполь прыязджаў на сенакос з жонкаю. А гэтыя гады не прыязджае, едзе з сям'ёю да мора...»
З кустоў насустрач выйшаў Суніцкі. Нёс перад сабою вялізны ахапак зялёнай травы.
Горача во, усе ў лёгкім — кабеты ў светлых сукенках, а яны, мужычыны, у штанах і кашулях — а ён, Суніцкі, у суконным галіфэ, пінжаку. Няголены, аброслы, шапка насунута на вочы. Рослы. Дык як мядзведзь. Аднагодак, але, здаецца, старэй намнога выглядае.
— Са-прэ-еш! — крыкнуў яму Гаптар па складах. Той так лепш разумеў. І паказаў — скідай пінжак.
Суніцкі квола ўсміхнуўся. Усмешка была як хваравітая, вінаватая. Запыніўся, стаіць і пазірае, як па-дзіцячаму рады, што яго запынілі.