Выбрать главу

Пад самы вечар Антаніна і Гэлька паціху сунуліся да рэчкі. Астатнія людзі, мужчыны, кабеты і дзеці, падаліся ўжо дадому — ухаджацца па гаспадарцы.

Луг быў яшчэ шэры, ад пакошы, а мясцінамі пачынаў ужо зелянець. Ад маладой атавы. Сям-там чарнеліся парытыя кратом і раскіданыя касілкаю горкі пяску.

Ледзь заплюшчышся — у вачах сена, сена. Валкі, копы, стагі. І вакол дурманісты пах. Ім, здаецца, запалонена ўсё: прастор, паветра, неба.

За прудскі лес садзілася вялікае, ужо не слепкае сонца. Клаўся цень ад лесу, поўз пакрысе шэры морак.

— Здаецца, больш не магла б і рукою махнуць,— усміхнулася Антаніна,— ні рук не чую, ні спіны. Каб вярнуўся Уладак, дык сёння адвярнулася б ад яго...

Гэлька ўсміхнулася.

— Вот табе...— толькі прамовіла.— Гэта ж сенакос!

Падышлі да рэчкі. Ад яе дыхала свежасцю.

Азірнуліся: нідзе нікога. Ды хто можа дзе быць? Хоць і можа нехта затаіцца. Лабуня ці Альфонс Блін. Грэблі ж таксама, употай абодва зіркалі на Гэльку.

Антаніна пачала распранацца першая. Скінула халат, засталася толькі ў маленькіх белых трусіках і ў белым станіку.

— Ну як я? — усміхнулася Антаніна.

— Файная! — прамовіла Гэлька, неяк з сорамам сцягваючы з сябе сукенку. Саромелася быць і ў белай сарочцы, як і любая вясковая жанчына.— Самая спрытная і харошая ў Бабчыным Сконе.

— А ты! Гавораць жа, мы абедзве такія...

— Я не такая,— адказала Гэлька.— Ты вышэйшая, танчэйшая, дык і спрытнейшая. А я нізшая, таўсцейшая, дык і не такая спрытная. Ды я ўжо і старая.

Антаніна, задаволеная, усміхнулася, скінула з сябе ўсё астатняе. Следам за ёю, саромеючыся, раздзелася і Гэлька.

— Не гавары: і ты маеш добрае цела...— усміхнулася Антаніна.— А каторыя мужчыны больш паўнейшых любяць, чым тонкіх ды худаватых.

Гэлька пайшла да яміны. Усунула нагу, пабоўтала, а потым, сцепаючы плячыма, пайшла ў ваду. Белая-белая, як снег. Не тое што Антаніна, загарэлая ўжо да чарнаты.

Антаніна дагнала яе, піхнула, і яны абедзве з піскам схаваліся ў цёплай вадзе. Вынырнулі. Засмяяліся. Вада, здаецца, мігам адбірала стому, улівала сілу, здароўе, бадзёрасць.

Антаніна гарэзавала — лавіла Гэльку, з жартам тапіла яе пад ваду. Тая ўцякала, смяялася.

Гэлька першая вылезла на бераг. Прысела. Хоць, можа, нікога нідзе няма, але ўсё роўна жаночы сорам прымушаў асцерагацца. Абсыхала.

Выйшла і Антаніна. Ішла спакойна, паказалася ўся як ёсць.

— Ну, цяпер і не адмовілася б, каб вярнуўся Уладак...— пацягнулася, пагладзіла сябе па тугіх грудзях.— Здаецца, як і не было стомы.

— Амаладзіла вада...

— А ты? — усміхнулася Антаніна.

— Што я? — Гэлька мігам азірнулася на яе і гадала-гадала: пра што не дагаварыла суседка?

— Ці будзеш сягоння каго чакаць? — Антаніна хітра ўсміхнулася.

— Вось гаворыш абы-што,— ціха сказала Гэлька, апусціла галаву.— Каго ж мне чакаць?

— Няўжо думаеш — я нічога не ведаю?

Гэлька залілася чырванню. Галавы не падымала. Узяла ў рукі сподняе сваё адзенне.

— Усё ведаю,— усміхнулася Антаніна.— Ночы цёплыя, свёкры, дзіця спаць лягуць, а мне не спіцца. Выйду калі і пасяджу на лаўцы. Дык чую: калёсы да твайго гумна пад'едуць... Але сабака не брэша... Нехта падыдзе, пастукае ў тваё акно, і ты выйдзеш. Усміхаецеся абое... Ці ў хату ідзяце, ці ў гумно... І доўга вас нідзе няма... А потым калёсы ад'едуцца і зноў ціха... Ці во тут сёння на сенакосе. Сышліся вы. І адно на аднаго не зірнеце, не загаворыце. Нават позіркамі стараецеся не сустрэцца. Але ж відаць: наўмысна ўсё гэта. І яшчэ адна кабета ўсё ж бачыла, аж бялела на твары. Таму і яна ні разу не загаварыла... А як выпала вам удваіх у кустах застацца, дык і загаварылі, гэтак адно на аднаго назіралі... І каб я не пайшла, дык, можа, і пацалаваліся б...

Гэлька гарэла ад сораму. І не толькі ад сораму. Але і ад адчування, што яе тайна больш не тайна. Пазірала долу. І маўчала. Здаецца, магла вось-вось заплакаць.

Антаніна мігам усё гэта адчула.

— Ды не бойся, Гэлечка, я нікому нічога не скажу,— супакоіла,— Ты ж маладая. Нічым не горшая за другіх кабет. І ці ты вінаватая, што нешчаслівая? Не. Не вінаватая. Але дзякуй богу, што ўсё яе шчасце зусім не адвярнулася ад цябе...

Антаніна ўжо каялася: нашто сказала пра тое, што ведала? Можа, Гэльцы было б лягчэй ад думкі, што ніхто пра яе тайну не ведае. А цяпер будзе пакутаваць: не пойдуць плёткі па вёсцы, але ж нехта ўжо ўсё ведае.

— Ну, не ўбівайся,— папрасіла Антаніна, прысела побач.— Хочаш, і я табе скажу сваю тайну? Сказаць? Дык ведай: я хаджу дзіцем... Ужо два месяцы... Словам, недарэмна мне сніліся баравікі, а потым усё рыба ды рыба...