— Ну што ж, чаму быць, таго не мінуць, — паніклым голасам сказаў ён. — Толькі ж хто ён, твой суджаны? І акурат з Мікуліч?
Люся адчула, што трохі перайграла. Па яго змрочным твары здагадалася, што трэба даць адбой, не цвяліць хлопцу душу. Яна ж гэтак марыла пабачыць яго, яшчэ раз зірнуць у вочы і шчыра сказаць: «Даруй, што я цябе тады, у Радаве, гэтак пакрыўдзіла. Пазней ужо разабралася, што ты ні ў чым не вінаваты...»
— Дурненькі, няўжо ты думаеш, што гэта маё вяселле? Шаферкай быць папрасіла сяброўка. І я, калі даведалася, што хлопец яе з вашых Мікуліч і там у бацькоў ягоных адбудзецца вяселле, не знаходзіла сабе месца ад радасці. Калі прыбылі сюды, я адбілася ад усіх і ўжо трэці раз прыходжу на мост у надзеі стрэць цябе.
Не вытрымаўшы, Вадзім кінуўся да дзяўчыны, моцна ашчаперыў, пацалаваў у саменькія вусны.
— Вой, бачаць жа! Нехта ідзе. Мо па мяне? Шчасліва! — яна адбеглася да другой парэнчы, а Вадзім пачаў углядацца ў чалавека, які ўзыходзіў на мост. Пазнаў адразу. Вадзім трохі засмуціўся, што давядзецца хутка развітацца з дзяўчынаю. У Рыгора не было заплечніка, але ён нёс у адной руцэ даўжэзнае самаробнае вудзільна, у другой — досыць ёмкую торбачку. Прывітаўшыся, папытаў:
— Я не спазніўся? — зіркнуўшы ў бок дзяўчыны, дадаў: — Го, лепш бы я зусім не прыходзіў. Іду сабе па вуліцы, а з хаты вывальваецца ў двор вясёлая кампанія. Дзяўчаты крычаць, каб далучаўся да іх, бо хлопцаў ім не стае. А тут і гарманіст выходзіць, як урэзаў польку, то ногі самі ўскокі, здэцца, пайшлі б.
— То й паскакаў бы, наша ад нас нідзе не дзенецца. Я б не вытрываў.
— Каб не пуга і трошкі больш фарсіста выглядаў, то, пэўна, гопнуў бы нагой, — засмяяўся Рыгор. — А то хто з пастухом знацца захоча.
— Не выпендрывайся перад дзяўчынай, — Вадзім клікнуў Люсю, адрэкамендаваў: — Яна на вяселле прыехала, ажно з Радава. Я выкраў яе. Была пагоня, але мы хутчэй на мост і во стаім над вадой, чакаем. Гатовы адбівацца да апошняга ўздыху.
— Вясёлыя вы хлопцы, — сказала, саромеючыся чужога чалавека, Люся, — але мне і праўда трэба ісці.
Вадзім, пакінуўшы рэчы на мосце, падрадзіўся хоць трохі правесці дзяўчыну.
— Вы некуды і праўда сабраліся? — папытала яна.
— У паход па Нёмане, да самых вытокаў. Я ж не паспеў пахваліцца, што здаў экзамены і паступіў на філфак універсітэта. Вось перад ад’ездам на вучобу і ўдумалі з сябрам прайсціся, праветрыць мазгі. Каб ведаў, што ты будзеш тут, у Мікулічах, адклаў бы на колькі дзён наш паход, а цяпер позна. Рыгор жа дабіраўся з глухога хутара, пэўна, кіламетраў дваццаць адмахаў.
— Харошыя тут мясціны, — павяла вачыма вакол Люся. — Але я звыклася са сваімі і нічога іншага не хачу.
Развітваючыся, яны дамовіліся, што наступны раз сустрэнуцца ўжо ў Мінску.
5
Інтэрнат абодвум далі без затрымкі, нават пасялілі ў адным пакоі. Акно выходзіла на шумную вуліцу, спрэс забітую транспартам. Нават ноччу не сціхаў гул машын. Звыкшыся з цішынёй, свежым паветрам, Вадзіму цяжка было прызвычаіцца да новых умоў. Яны з Рыгорам, паколькі камендант ім першым даў ключы, занялі лепшыя ложкі. На другі дзень зранку прыехаў хлопец з Петрыкава, а пасля абеду і чацвёрты жылец уваліўся ў пакой. Петрыкаўскі назваўся Кастусём, а апошні, з якім не паспелі пазнаёміцца, адразу ж некуды знік. З’явіўся ён толькі позна вечарам, калі хлопцы рыхтаваліся спаць. Быў ён нашмат старэйшы за астатніх, з вялікім рубцом на левай шчацэ. Адчувалася, чалавек шмат перажыў, мо нават ваяваў. На фронце ці ў партызанах. Паклаўшы ў вольную тумбачку ўсё сваё, дагала распрануўшыся (на спіне ў яго таксама была зацягнутая рана ад асколка), мужчына выцягнуў з рэчмяшка і паставіў на стол паўлітэрку, весела абвёў вачыма хлопцаў, сказаў:
— Ну што, аднапакойнікі, замочым нашу і вучобу, і гэтыя вуглы, і за знаёмства чарку падымем. У мяне ёсць сала, цыбуля, кансерву зараз успорам, хлеба толькі не паспеў купіць. А татка з мамкай ахрысцілі мяне Сенькам. Неяк прачыталі пра Разіна, спадабаўся гэты разбойнік і, паколькі я з першых дзён свайго жыцця пачаў здорава брыкацца, далі гэтае імя. Так што я салавей-разбойнік.
Хлопцы, усаджваючыся за стол, назвалі свае імёны. Нават Вадзім, які зусім не піў, гэты раз прыгубіў кубак з пякучай вадкасцю, пасля, каб не сарамацілі, кульнуў у рот усё аж да дна. І. перахапіла дыханне, з вачэй ручаём пацяклі слёзы.