— Лічы, што я табе пазычаю. Аддасі, калі ў самога з’явіцца лішняя капейка. Калі б гэта ні было. — І засмяяўся: — Можа, хоць гэта будзе табе напамінкам, каб не забываў школу, сваіх настаўнікаў.
З афіцыянткай таксама, відаць, шчодра разлічыўся, бо тая некалькі разоў падзякавала і папрасіла прыходзіць яшчэ.
— Не, мілая, я адсюль далёка жыву, а вось гэтага маладога чалавека добра запомні. Калі часам будзе ў яго нявыкрутка, фінансы будуць спяваць рамансы, то, як загляне сюды і сядзе за гэты столік, не дай яму памерці з голаду.
— Ну, вы скажаце, Аляксей Мітрафанавіч, — зноў засаромеўся Вадзім.— Гэтага... ну. каб вось так. на дармаўшчыну. не, такога не будзе.
Ужо на вуліцы, якая стрэла іх грукатам машын, гулам і гамам людскіх галасоў, Вадзіму закарцела папытацца пра лёс сваіх сяброў, а таксама пра Тамару Пятроўну. У сталоўцы ён не схацеў заікацца пра тое. Ці мала ў каго доўгія вушы? Можа, дырэктар школы што ведае пра іх? Божа, як бы ён хацеў сустрэцца з імі! Увесь час, куды б ні ішоў, што б ні рабіў, думка пра іх свідравала яго мазгі. Што, што такое злачыннае яны ўчынілі, каб звезці невядома куды школьнікаў, адарваць ад вучобы, бацькоў, ад родных людзей? Якая «чорная кошка» прабегла між ім і хлопцамі, што яны пачалі пазбягць яго, знарок ігнараваць? Тады, год назад, калі Мятліцкі наведваў яго ў бальніцы, яму не ставала часу як мае быць выгаварыцца, хоць трохі аблегчыць душу. Як жа зараз гэта зрабіць? Добра было б пасядзець у якім скверыку ці парку, і каб побач не было люду, таўкатні, толькі каб яны ўдвух. Вадзім агледзеўся і ўбачыў прыстанцыйны сквер, але і там кіпеў чалавечы мурашнік. Ні пра якую адасобленасць не магло быць і гаворкі.
— Ты, відаць, хацеў нешта сказаць? — здагадаўся Аляксей Мітрафанавіч. — Ведаю ці здагадваюся, што табе муляе, але нічым пакуль што не магу парадаваць. Зрэшты, я і зараз прыехаў па справе сваіх выхаванцаў. Пасля абеду я папрасіўся на прыём да намесніка міністра ўнутраных спраў. Як што стане вядома, я знайду цябе, хлопча. А цяпер будзем развітвацца, бо мне шмат куды трэба. Карацей, дарогу да храма навукі ты ведаеш, не заблудзішся. Зычу табе поспехаў!
Яны цёпла развіталіся. У Вадзіма на вачах ажно выступілі слёзы.
2
Дакументы яго прынялі без праблем. Малады мужчына, з бародкай і кароткімі вусікамі, пазнаёміўшыся з Вадзімавым атэстатам, адно заўважыў:
— Што ж ты так з алгебрай і геаметрыяй падкачаў? Дакладныя навукі цябе, відаць, мала цікавяць. Вядома, тут трэба асаблівае цярпенне. Адно не думай, што і філалогію можна як плюнуць адолець. Ні адзін зубы зламаў аб гэты граніт. Гэта табе не школьная праграма, дзе ўсё распісана ад «А» да «Я». Тут у нас і дацэнты, і прафесары, нават два акадэмікі ёсць, якіх на мякіне не правядзеш.
— Навошта вы мне ўсё гэта кажаце, — перапыніў, набраўшыся смеласці, Вадзім. — Я хачу паступіць, каб усур’ёз вучыцца, а не бібікі біць.
— Пахвальна, малады чалавек, пахвальна. Хай гэта будуць не пустыя словы. — Чалавек з вусікамі і бародкай яшчэ, відаць, павучаў бы, ды падышлі дзве дзяўчыны, а ўслед і хлопец, якія таксама прынеслі дакументы. Вадзім адступіўся ад століка, маючы намер падысці трохі пазней. Трэба ж было высветліць, калі першы экзамен, як паведамяць пра гэта, дзе паселяць на час здачы. Жыллё больш за ўсё хвалявала Вадзіма. Трэба спытаць, ці ёсць у іх інтэрнат, можа ж яму, сіраце, не адмовяць.
Дзяўчаты ля століка весела шчабяталі, гаварылі толькі на рускай мове. Па вопратцы, па манеры трымацца Вадзім адразу вызначыў, што яны гарадскія, мо нават з самога Мінска. У хлопца, наадварот, усё паказвала на яго вясковасць. Дашчэнту стаптаныя чаравікі, а на штаны дык наогул накладзены дзве прыкметныя латкі, але юнака гэта, відаць, ані не турбавала. Твар яго быў прасветлены і адухоўлены. Ён сыпаў, бы з рэшата, жарты, прачытаў дзяўчатам якісь дасціпны куплет. Але тыя не ацанілі ні гумару, ні верша, адкапыліўшы губы, адышліся.
— А вы на якое аддзяленне, рускае ці беларускае? — звярнуўся вусаты да вясёлага хлопца, чамусьці не тое што да Вадзіма, звяртаючыся да яго на «вы».
— А я што — не беларус? Вядома ж, на беларускае.
— О, дык у вас жа ў атэстаце адна толькі чацвёрка, астатнія — пяцёркі. Вы можаце куды заўгодна паступаць, усюды вас прымуць.
— Мне не трэба куды заўгодна, я прыйшоў па поклічу сэрца, — хлопец тэатральна стукнуў сябе кулаком у грудзіну. «Вось бы з такім пазнаёміцца бліжэй і таварышаваць. Ад яго так вее сілай і ўпэўненасцю, не тое што я», — падумалася Вадзіму. Ён зноў падышоў да стала, за якім сядзеў чалавек з прыёмнай камісіі.
— А калі першы экзамен? — папытаў ужо смялей. — І па якім прадмеце? А яшчэ. — Вадзім завагаўся, казаць ці не казаць пра інтэрнат, пасля рашыўся: — Дзе ж жыць у час здачы?