— Мы вам паможам, — сказаў Вадзім. — Праўда, касец з мяне не вельмі, але касу трымаць у руках магу.
— Дармо ўжо, — падзякавала гаспадыня, — але ж неяк да гэтага часу ўпраўлялася, то і зараз не застануся без корму. Вам адпачываць трэба, дзетак глядзець.
І ўсё ж сумленне не дазволіла Вадзіму застацца ў баку ад сенакоснай справы. На другі ж дзень, раніцай, пачуўшы шоргат мянташкі аб лязо касы, ён падхапіўся з пасцелі, працёр вочы і, папіўшы вады, выйшаў на ганак. На свежым паветры пацягнуўся, дыхнуў на поўныя грудзі і аглянуўся, шукаючы вачыма, скуль ішоў гэты звон. Гаспадыні блізка нідзе не было, і ён, вярнуўшыся ў залу, дзе жонка з дзецьмі яшчэ соладка спалі, надзеў кашулю, знайшоў гумавыя боты і падаўся за хлеў. Было росна, з вечара прайшоў добры грыбны дожджык, і паветра, насычанае пахамі зямлі, блізкага лугу, ранішняй волкасцю, незвычайна бадзёрыла, надавала пругкасць рукам і нагам.
За хлявом, прывязаная доўгай вяроўкай да сасны, пасвілася Лыска, а трошкі далей, кінуўшы на траву кофту, прымервалася стаць у новы пракос Таццяна Пятроўна. Вадзім падышоў, павітаўся, як бы вінавата сказаў:
— Добрыя людзі працуюць, а мы, лайдакі, спім у шапку, акурат пшаніцу прадаўшы.
Яна, усміхаючыся, дала касу, Вадзім папрасіў мянташку, падвастрыў і, стаўшы на пачаты пракос, узяў касу ў рукі. Калі трава лягла роўным шнурам, спазнаў такую асалоду, якую даўно не адчуваў ад фізічнай працы.
— О, дык жа ў вас добра атрымліваецца, — пахваліла гаспадыня. — А прытварыліся, што не ўмееце.
— Я ж сялянскі сын. У вайну, як не стала бацькоў, усё даводзілася рабіць — баранаваць, часам касіць, накладваць вазы. Жыццё ўсяму вучыла.
— І жонка ваша, адчуваецца, працавітая жанчына.
— А то як жа! Інакш бы развод, — засмяяўся Вадзім. — Яна таксама спазнала ліха. Гадавалася без бацькі, рана пайшла на цяжкую працу. Так што мы аднаго поля ягадкі.
— То шчасця вам. Хоць цяпер пацешцеся адно адным. І дзеткі вашы будуць харошыя. А ў майго няма дзіцяці. Жыў з адной, пасля з другой звязаўся, а яна, зязюля, якіх свет не бачыў. Толькі і ведае, што строі, губная памада, смачна паесці і доўга паспаць. Дачка нейкага маёра. Прыехала неяк да нас з сынам і ўсё носам чмыхала: музыкі няма, якую б хацела, яда вясковая, не па ёй, то пчолы раздражняюць. І хоць бы які грыб падняла. А іх было процьма — падасінавікаў, баравікоў, сыраежак. Дык жа не, нагінацца трэба, а пасля чысціць, мыць. Усё сын рабіў. Упікала яго, што не паехалі ў Крым, а завёз яе на час адпачынку ў глушэчу несусветную. Таццяне Пятроўне даўно, відаць, карцела выказацца пра тое, што муляла, цяжкім каменем ляжала на душы. Пакуль ён вёў пракос, яна ішла побач, любавалася яго хваткай і спавядалася:
— Пра дзіцянё, калі мой Віця заікнуўся, то і слухаць не схацела. Кажа, буду маладосць сваю губіць, пэцкацца з пялёнкамі, ночы не дасыпаць. Тады яна бразнула дзвярыма і праз лес пачасала ў Мікуцічы на аўтобус. Уцякла ў Мінск. Ён, пахапаўшы такія-сякія рэчы, — услед. Кажу, пабудзь, сынок, дзе дзенецца, як міленькая прыбяжыць назад. Ды дзе там? Кажа, не магу, мама, без яе, люблю. Хай яна спрахне, з такой любоўю. Некалі мой, царства яму нябеснае, на руках мяне насіў, але ж я і гадзіла яму, выконвала любое жаданне. На край свету магла б пайсці за ім, не тое, што гэтая шалахвостка. Божа міласэрны, уродзяцца ж такія.
Пакуль яна расказвала, Вадзім скасіў немалы ўчастак і ўжо трохі змакрэў. Таццяна Пятроўна спахапілася, забрала касу.
— Я зубы загаворваю, а вы работу робіце. Ідзіце, паглядзіце, як там вашы. Прачнуцца, спахопяцца, а вас нямашака. І вуды на месцы. Не будуць ведаць, дзе і што.
Покуль сняданак, ён рашыў схадзіць на раку. Чарвякі яшчэ засталіся з учарашняга дня, так што капаць не давядзецца. Вечарам яны зноў схадзілі з дачкой разам, зноў прынеслі нямала рыбы. Гэты раз, калі зловіць, аддасць частку гаспадыні, астатняе пачне саліць і сушыць. У яго ўжо добрая торбачка сабралася такой рыбы. А пасля абеду сходзіць у Мікуцічы, мо ўдасца купіць там піва. Зноў жа карцела даведацца пра лёс дырэктара школы і яго сям’і, а таксама сяброў сваіх, аднакашнікаў і іншых, якіх ноччу схапілі невядома за што і звезлі, пэўна, чорт ведама куды. Бо ў Мінску нікога з іх не знайшоў, колькі ні рабіў спробаў адшукаць хоць якія сляды нявольнікаў. Ужо ж была амністыя, дык няўжо яна не тычылася палітычных, бо што ўсім ім шылі палітыку, гэта бясспрэчна, як двойчы два. Дзе цяпер Тамара Пятроўна? Куды лёс закінуў яе? Як ні добра было Вадзіму, але напамінак пра гэтых людзей не-не дый адгукаўся ў ім пякучым болем. А Аляксею Мітрафанавічу ён так і не паспеў вярнуць пазычаныя грошы. Хто ж тады ведаў, што іх наступная стрэча расцягнецца на гады?