Выбрать главу

Верка абрадавалася, цмокнула брата ў шчаку.

— Але ж дырэктар можа хутка вернецца і без капейкі ў кішэні. Няўжо ж так доўга будуць трымаць недзе такога чалавека? Божа міласэрны!

— Я аддаў паглядзець новыя вершы. І яшчэ напішу. Так што ў даўгу перад ім не застануся.

Позна вечарам, калі Юзік быў ужо дома, за сталом, сёрбаючы кіслае малако з накрышаным туды маласольным агурком, Вадзім закінуў першы пробны каменьчык.

— Мне трэ на колькі дзён адлучыцца. Я дагэтуль нічога не казаў, бо не было пэўнасці з паступленнем Рыгора. А зараз, калі ўсё высветлілася, мы павінны стрэцца і прайсціся па наднёманскіх сёлах, паслухаць людзей і запісаць тое-сёе ад іх. Гэта заданне нам, першакурснікам, такое.

Наўздзіў, яго зразумелі.

— Трэба дак трэба. Усё адно мусім прывыкаць без цябе. Буду сама ўжо неяк поркацца. Горш, што Юзік гэтак заняты, — Верка, пасёрбаўшы, пачала мыць посуд, пасля пайшла паглядзець малую.

— А есці як будзеце? — папытаў Юзік. — І начаваць жа давядзецца прасіцца да каго.

— Го, каб большага клопату не было, — усклікнуў Вадзім. — Цяпер і ягады, і грыбы, і бульбы можна ноччу ў каго разжыцца. На рыбу таксама спадзяёмся. А начаваць. Хе, стажкоў сена хіба мала па-над Нёманам? А не будзе сена, то і будан як раз плюнуць зрабіць.

Юзік, нічога не кажучы, схадзіў у свіронак і вярнуўся адтуль з ладным скруткам.

— Што гэта? — папытаў Вадзім.

— А ты разгарні і паглядзі. Шкадаваў у гаспадарцы скарыстаць, а табе даю. Толькі беражыце, не прапаліце дзе ля вогнішча. Яшчэ са свае Альшоўкі прывёз.

Гэта быў ладны, як не на ўвесь пакой, кавалак брэзенту, з якога можна было скроіць і пашыць і заплечнік, і ўжыць для палаткі.

— Во здорава! — прыйшоў у захапленне Вадзім.

— Армейскі, — удакланіў швагер. — Як адступалі чырвонаармейцы, адзін афіцэр абмяняў на два дзесяткі яек, сыр і пляшку жытнёўкі.

Заплечнік, нават з дзвюма кішэнькамі, Вадзім скроіў сам. Верку папрасіў адно прашыць на машынцы швы. Лямкі таксама зрабіў з брэзенту.

У поўдзень у суботу ён ужо стаяў на мосце пры поўнай амуніцыі. Шкадаваў, што няма гадзінніка. Праўда, можна па сонцы арыентавацца, а ноччу па зорках. Горш будзе, калі захмурыцца. Аднак надвор’е пакуль радавала.

Па вуліцы ў бок моста ішла нейкая дзяўчына. «Няўжо Галя? — ёкнула ў Вадзіма сэрца. — А я ж, свіння, так і не дапяў да яе на хутар. Пэўна, не ведае, што ездзіў здаваць экзамены. Што хутка, праз два тыдні, пакіну гэтыя мясціны».

Цяпер, пасля ўсяго перажытага, ён не быў упэўнены, ці хоча бачыць Галю, была ўспышка нейкага пачуцця, але — добра гэта ці не вельмі — далё­ка ў іх не зайшло. Мо таму, што жылі не побач, слабавата ведалі адно аднаго. Вадзім, праўда, не сумняваўся, што каб першы падаў дзяўчыне руку, яна куды заўгодна пайшла б з ім. Аднак з яго боку не было такіх памкненняў. Ці хоць думала пра яго, успамінала?

Хацеў быў не падымаць галавы, быццам звычайны прахожы глядзіць на плынь ракі, але ў апошні момант не вытрымаў, развярнуўся і зіркнуў у вочы незнаёмцы. Погляды іх сустрэліся, і Вадзім, не верачы сабе, усклікнуў:

— Міронава, ты?! Якім ветрам занесла цябе ў нашу глушэчу? Во дык сюрпрыз!

Ён не бачыў Люську амаль тры гады. І за гэты час дзяўчына пасталела, стала яшчэ больш гожая. Пульхныя вусны яе былі трошкі падмаляваныя, чорныя стужачкі броваў надавалі асаблівае хараство твару. Яна была ў лёгкай бэзавай кофтачцы, чорнай спаднічцы, на нагах — белыя лодачкі.

— Ты што, замуж сюды за каго выскачыла? — Вадзім усё яшчэ ніяк не мог ачомацца ад гэткай нечаканай сустрэчы.

Люся таксама, мусіць, не думала, што так проста стрэне яго ў Мікулічах. Паправіўшы валасы, сказала з выклікам:

— Ну й выскачу, мой кавалер збег ад мяне, нават адраса не пакінуў. Добра, што брат твой падказаў, дзе ты асталяваўся. І зараз, відаць, некуды навастрыў лыжы, — яна кіўнула на заплечнік, які стаяў ля Вадзімавых ног.

— Як бачыш, не сядзіцца ў хаце хлопчыку малому.

Люся хіхікнула:

— Малы хлопчык. Дубца б гэтаму малому хлопчыку. — Пасля, пасур’ёзнеўшы, спытала: — А й праўда, куды сабраўся марсянуць?

— Нешта мы не пра тое гаворым, — пасур’ёзнеў Вадзім. — Я то тут жыву, гэта мая школа, — ён махнуў рукой у бок двухпавярховай камяніцы, якая добра бачылася з моста. — Закончыў сёлета дзесяцігодку і цяпер вольны, бы вецер. А вось ты не адказала на маё пытанне.

— Якое? — у Люсьчыных вачах заскакалі чорцікі. — Калі наконт вяселля, то вечарам прыходзь, усё сам пабачыш. Недзе ў вас тут ёсць цагляны завод, там у клубе будуць танцы.

Вадзім верыў і не верыў у тое, што казала Люся. Адчуў адно, як штось заскрэбла на сэрцы. Няўжо тое даўняе пачуццё, якое грэла, давала сілы ў іх абяздоленым жыцці, ніколькі не пагасла, а зараз, калі ён бачыць гэтую зусім іншую дзяўчыну перад сабой, выбухнула, прачнуўшыся, з новай сілай? Ён не ведаў, як быць, пра што яшчэ пытацца. Хутка павінен прыйсці Сініца, а ён, Вадзім, пакіне яе цяпер, можа, ужо назаўсёды.