Выбрать главу

У Мікуцічы ішоў лясной дарогай, не ведаючы, што праз тры дні ён подбегам будзе шыбаваць па ёй зноў жа ў мястэчка, пытаючыся, дзе які медпункт ці амбулаторыя. На руках будзе несці свайго сыночка. А зараз у Мікуцічах, куды ён выйшаў ля цагельні, было пустынна і глуха. Быў той пасляабедзенны час, калі цягнула на дрымоту, а хто і не спаў, хаваўся ў хаце ці на вуліцы ў ценю дрэў, каб перажыць лютую спякоту недзе за трыццаць, якая валіла з ног і сабак, і людзей. «І чаго ў такую задуху мяне паперла сюды? — думаў Вадзім. — Там пры лузе, сярод бярозак, гарачыня так не даймае». Выпусціўшы тэніску паверх штаноў, каб разгарачаную спіну хоць трохі кранаў ветрык, ён дайшоў да школы, пры якой у часе летніх канікул было пуста, заглянуў у двор, дзе яны некалі маршыравалі на ваеннай падрыхтоўцы, і дзе зачынаў песню «В далекий край товарищ уезжает.» нязменны запявала Янка Шакурны, а яму пасаблялі Коля Горчак і Валодзя Родзік. «Дарагія і мілыя сябры! Дзе вы? Якімі ходзіце зараз сцяжынамі, як складваецца ваша жытка?» Не думаў Вадзім, што гэтак балесна нахлынуць на яго ўспаміны, гэтак растрывожыць сэрца. Ён зайшоў у туалет, дзе некалі быў намаляваны вершнік з высока ўзнятай шабляй, быццам ён адну за адной касіў долу галовы ворагаў Бацькаўшчыны. Вядома, ад тых малюнкаў і надпісаў зараз не засталося і следу. Вабіў да сябе мост, на якім увечары яны збіраліся разам, зноў жа спявалі песні, глядзелі, як унізе чарнее і пеніцца нёманская плынь, разбіваючыся аб палі. Мілыя сэрцу краявіды і незабыўныя ўспаміны! Ён не ведае, колькі так стаяў, абапёршыся аб парэнчы, пасля, яшчэ раз акінуўшы поглядам наваколле, паціху пайшоў назад. У краме яму пашанцавала. Купіў учора завезенае піва, ажно пяць бутэлек, малым цукерак, тры селядцы, два боханы досыць ужо нясвежага хлеба, і пайшоў, нікога не стрэўшы са знаёмых, назад, у свае Лядзіны. Спёкі ўжо амаль не адчувалася, таму ішлося лёгка. Ён зноў падаўся лесам — хацеў па шляху знайсці колькі грыбоў, каб вечарам адварыць і падсмажыць. Люся ўжо чакала яго, баязліва паглядаючы на яблыню бліз іхняга акна, на якім нешта клубком чарнелася. Гаспадыні не было, пайшла ў лес, і жонка не ведала, што рабіць з тым клубком.

Вадзім адразу ацаніў абстаноўку.

— То ж рой вылецеў. Трэба хуценька браць рэшата, сетку на галаву і які ручнік. Зараз будзем зграбаць, каб рой не паляцеў куды далей. Доўга ён тут не затрымаецца. У швагра бачыў, як той аднойчы ўпраўляўся з роем, які заляцеў да іх, таму пачаў рабіць усё так, як бачыў у Юзіка. Спачатку накінуў на галаву драцяную сетку, апырскаў венікам, памачыўшы яго ў вядры з вадою, затым адзеў рукавіцы (дзякаваць богу, што ўсё патрэбнае гаспадыня не хавала далёка) і пачаў нахіляць галінкі і страсаць у падстаўленае рэшата. З вялікім клубком, туды, відаць, трапіла матка, бо пчолы пасля гэтага самі пачалі падаць да астатніх. Вадзім акуратна акрыў рэшата ручніком, завязаў па баках і занёс у цёмную кладоўку. Люся з Ірынкай наглядалі за яго работай здаля, баючыся ўкусу выпадковай пчалы.

Гаспадыня, калі дазналася пра рой і што яго злавілі, вушам сваім не паверыла. А калі схадзіла ў кладоўку і глянула, вочы яе засвяціліся ад радасці.

— Вы мне цэлы вулей уратавалі. Ну, з мяне магарыч, але, паколькі вы не п’яце, то трохлітровы слоік мёду, лічыце, ужо зарабілі. Хутка буду вымаць рамкі і качаць. У мяне ж медагонка ёсцека.

У той вечар усе былі шчаслівыя.

А праз два дні Сяргейка моцна параніў правую руку. Поўзаючы каля адной з бярозак, ён натрапіў на пабітую бутэльку і калі ўдумаў стаць на ножкі, вострае шкло зрэзала яму на далоні, бліжэй да кісці, ладнаваты кавалак жывога мяса, якое завісла на адной шкурцы. На сынаў крык і енк прыбегла мама і, глянуўшы на руку, ледзь не страціла прытомнасць. Вадзім гэты раз не рыбачыў, быў акурат дома і таксама падбег да Сяргейкі.

— Божа, што ж рабіць? — роспачна ламала пальцы Люся. — У нас жа ні ёду, ды і бінт ці ёсць. Трэба хуценька ў бальніцу. А хто адвязе?

Рану прамылі кіпячонай вадой, завязалі чыстай анучкай.

— Я хутка дамчу яго ў Мікуцічы. Там ёсць фельчарскі пункт, — супакоіў Вадзім жонку. — Усякае бывае.

Аднак Люся не знаходзіла сабе месца:

— А як заражэнне крыві? Я тады таксама памру.

Вадзім не стаў марудзіць і з сынам на руках пусціўся праз лес да мястэчка. Баяўся, хаця б медпункт не быў зачынены, хаця б там хто быў. Прыбег запыханы і абрадаваўся: народу нікога не было, і стары, у акулярах фельчар, паглядзеўшы рану, супакоіў:

— Вы, малады чалавек, прыбеглі ў свой час і ў патрэбнае месца. Ёсць яшчэ магчымасць, пакуль не засохла, прышыць шкурку, што мы зараз і зробім, толькі спачатку дэзінфіцыруем.