Выбрать главу

Стараста, па звычаю ўсіх палешукоў, меў доўгія валасы. Рыжая бародка, вузкая і выгінастая, і крыху хмурны погляд спадылба рабілі старасту падобным да званковага караля. Звярнуўшы ўвагу на яго здаравецкі склад, на шырокую расхлістаную грудзіну, на якой яшчэ значыліся сляды летняга загару і адбіткі вятроў, Лабановіч мімаволі ўспомніў яго бацьку Рыгора, які, як зазначыў Сцяпан Рылка, браў старасту на рукі, як хлапчанё.

«Крэпкі народ, хоць і жыве ў балотах»,— падумаў Лабановіч.

— Дык ужо вучыцімеце?

— Так, стараста, трэба пачынаць.

— Ну, я ўжо заказаў, каб пасылалі хлопцаў у школу.

— Чаму ж толькі хлопцаў? Трэба, каб і дзяўчаткі хадзілі.

— Дзе яны пойдуць? — махнуў рукою стараста.— Скажы ім пра школу, дык будуць смяяцца: вельмі дзіўным ім гэта пакажацца. Хоць бы хлапчукі ўсе пайшлі.

Лабановіч, наколькі мог, тлумачыў старасту, што і дзяўчаткам таксама вучыцца трэба, і даводзіў, скуль гэта патрэба вынікае.

Стараста слухаў, прыплюшчыўшы вочы, і толькі згаджаўся:

— Гэта так, панічок...

— Гэта вы справядліва кажаце.

— А вядома, так.

— Што праўда, то праўда.

Але настаўнік бачыў па твары старасты, што ўсе аргументы зусім не пераконвалі яго ў тым, што дзяўчатам трэба навука. Што навука трэба мужчынам (а навуку стараста разумеў як уменне чытаць, пісанне ж — ліха яго бяры, без яго можна абысціся лягчэй!), стараста не спрачаўся. Справа службы вымагала хадзіць у воласць. А там надаюць яму цэлую кучу розных папер і загадаў. То трэба было павесткі на суд даставіць па прыналежнасці, то нядоімку сыскаць з каго, то лісты перадаць.

У гэтых выпадках у старасты быў асобны парадак. Ён клаў павесткі з павесткамі, лісты з лістамі, нядоімкі з нядоімкамі. I тут галаве яго прыходзілася папрацаваць нямала. Ён распытваў у воласці, каму павесткі, і тут жа складаў іх у такім парадку, у якім іх трэба перадаць, беручы пад увагу адлегласць. Скажам, павестка для Мікіты Цялушкі, які жыў з гэтага боку вуліцы. Яго павестка клалася першаю, а за ёю ішла другая, трэцяя і так далей. Пасля гэтага стараста запамінаў тых асоб, каму павесткі прызначаліся. Таксама і нядоімкі. На лісты быў іншы парадак. Перш за ўсё іх было нямнога, і канверты былі розныя па колеру і па велічыні. Вось гэты ў сінім канверце трэба аддаць Гаўрылу Жалезнаму, у белым — Язэпу Нырку, а гэты, памяты і засалены,— удаве Тэклі... Ну, калі і пераблытаеш іх, не такая ўжо бяда: самі разбяруць, калі будуць чытаць паклоны. Гэта ўжо хутчэй бабы патрапяць.

Забраўшы ўсе паперы, стараста колькі хвілін стаяў і разважаў, як бы сам сабе здаваў экзамен. Можна было сорак разоў аклікаць яго ці страляць за колькі крокаў ад яго — усё роўна нічога не чуў тады стараста. Здаўшы экзамен, Раман весялеў, з твару сходзіла напружанасць, у якой часта адзначалася пакута, і ўжо звычайным чалавекам ішоў, куды яму было трэба. А калі ў яго памяці гублялася якая-небудзь шрубка, стараста раптоўна спыняўся сярод вуліцы, пазіраў на паперы, пазіраў доўга і напружана. Пры гэтым ён пакручваў галавою і часта страчваў надзею адшукаць гэтую згубленую шрубку. Тады ён зноў вандраваў у воласць і нёс на сваім твары выяўны смутак.

Дзіцячыя галасы гучнелі і мацней даносіліся да кватэры настаўніка. Лабановіч пачуваў лёгкае хваляванне: у гэты дзень твар у твар спаткаецца ён з тымі дзецьмі, якія даручаюцца яму і маральны адказ за якіх ён павінен узяць на сябе. Розныя мыслі аб школе займалі Лабановіча і раней. Цяпер яны захапілі яго яшчэ з большай сілай. Выпаўненне аднае школьнае праграмы яго не здавальняла, і сваё галоўнае назначэнне як настаўніка Лабановіч вызначаў так: абудзіць у вучнях і выклікаць да дзеяння крытычны розум, каб да кожнай з’явы і факта яны падыходзілі з пытаннямі — як выніклі? у чым іх прычыны? I, наогул, каб да ўсяго падыходзілі свядома. У гэтым абуджэнні крытычнае думкі Лабановіч бачыў пачаткі таго вялікага сацыяльнага зруху, які павінен пралажыць прасторную дарогу да новых форм жыцця. Бо калі чалавек пачне разважаць, дашуквацца прычын таго стану, у якім ён знаходзіцца, ён напэўна не пагодзіцца са сваёю доляй і будзе старацца адваяваць сабе лепшае месца на свеце. I калі ў чалавека раскрыюцца вочы, ён сам сабе выбера дарогу і сам за сябе будзе несці адказ. Навязваць жа людзям сваю волю, вымагаць ад іх, каб яны рабілі іменна так, а не іначай, мы не маем права, бо хто можа паручыцца за тое, што мы не памыляемся? Гэтым і тлумачыцца той факт, што розныя правадыры, якія захоплівалі жарам свайго пераканання людскі натоўп і вялі яго за сабою,— вялі толькі да тае граніцы, ад якой пачыналіся перашкоды. Натоўп не разумеў гэтых перашкод, адольваць іх у яго не было ахвоты. На гэтым пункце вынікалі непаразуменні. Правадыр з гарчэчаю ў сэрцы казаў: «О, сляпы, нікчэмны натоўп, статак жывёлін!» А натоўп крычаў: «Ты — ашуканец! Пабіць цябе каменнямі!»