Выбрать главу

Ужо колькі разоў паглядаў настаўнік на гадзіннік, думаючы, ці не пара яму ў школку.

Праўда, сёння толькі пачатак, толькі збор дзятвы; ён пакуль што азнаёміцца і зробіць запіс у журнал. Усё ж такі на сэрцы будзе спакайней: будуць зроблены хоць сталыя крокі да работы.

А дзеці, крыху асвойтаўшыся, пачыналі гусці смялей і весялей. Часамі чулася іх беганка па лаўках, смех і крыкі. Некаторыя ціхенечка падыходзілі да дзвярэй кватэры настаўніка і з найвялікшаю цікавасцю заглядалі ў шчылінкі. Таксама забягалі яны і ў кухню, нібыта напіцца вады.

Яны баязліва тапталіся, азіраліся, а некаторыя паціху пыталі ў бабкі:

— А што, бабка, ён сярдзіты?

I калі Лабановіч паказаўся ў кухні, яны, як мышы, загледзеўшы ката, кінуліся наўцёкі.

Старожка залілася вясёлым доўгім смехам: яе вельмі насмяшылі дзеці і іх страх перад настаўнікам. Яна пераказала Лабановічу, як распытвалі пра яго вучні, паціраючы свае вушы, як бы раней пагадзіўшыся з тым, што іх будуць круціць.

У школьнай зале вучняў было дзесяткі два. Як толькі з’явіўся там Лабановіч, яны завілі з усіх канцоў школы і цясней збіліся ў гурт, як спалоханыя авечкі, і ўжо адтуль пазіралі на свайго настаўніка, як на якое дзіва. Значна большая частка іх былі новыя. Усе вучні былі абуты ў лапці, насілі, як і старыя палешукі, суконныя світкі, чорныя або светлыя. Грудзіны, як і ў бацькоў, былі расхлістаны.

Настаўнік павітаўся, адказ на прывітанне далі колькі хлопчыкаў, якія ўжо вучыліся ў школцы.

— Што ж вас так мала? — спытаў іх Лабановіч.

— Яшчэ прыйдуць,— адказаў адзін са старэйшых.

— Заўтра будзе болей,— дадаў другі.

— А вы, дзеткі, яшчэ першы раз прыйшлі да школкі? — мякка прамовіў настаўнік да малых.

Тыя спусцілі вочы, і толькі адзін, самы храбры, прамовіў кароткае:

— Але.

VIII

Пагаварыўшы з вучнямі і крыху разагнаўшы іх страх, Лабановіч прынёс журнал і пачаў рабіць запіс. Дзеці смялей падыходзілі да свайго настаўніка і давалі адказы на яго пытанні. Пры гэтым часта выяўлялася прастэча і непасрэднасць дзіцячай істоты, якая вельмі развясельвала настаўніка і ўсю школу, выклікаючы цэлыя выбухі смеху.

— Скажы ж ты, галубок,— звярнуўся Лабановіч да аднаго хлопчыка, які падышоў запісвацца.— Як ты завешся?

Хлопчык маўчаў і пазіраў на настаўніка сваімі яснымі вочкамі. Відавочна, у гэтым запытанні яму пачулася штось падазронае: ці няма тут якое хітрасці, каб не падашукацца часамі? Запытанне, з яго погляду, было зусім нецікавае і непатрэбнае: хто ж не ведае, як ён завецца?

Але настаўнік не адступаўся і зноў запытаў, як яго зваць.

— Або ты не ведаеш? — у сваю чаргу спытаў хлопчык.

— Не, не ведаю, бо каб ведаў, то не пытаўся б.

— Ну, як жа? Іван, ды і ўсё! — прамовіў громка хлопчык з адценнем лёгкай усерджанасці.

— А цябе як зваць? — спытаў настаўнік другога хлопчыка.

— Лар’ён,— весела адказаў той.

— А як завецца твой бацька?

— Кандрат.

— А як тваё прозвішча?

Хлопчык закрыў рукамі твар і пачаў смяяцца.

— Чаго ж ты, Лар’ён, смяешся?

— Не знаю, што казаты.

А адзін палешучок, які ўвесь час сядзеў моўчкі, запытаў настаўніка:

— Чаму ты ўсё пытаеш, як мы завямося?

Малады настаўнік стараўся, наколькі мог, бліжэй падысці да дзіцячай душы, заслужыць давер’е вучняў. Іх часта грубаватыя выхадкі ці звароты непасрэдна да яго ён прапускаў між вушэй, ведаючы той грубы асяродак, з якога яны выйшлі, і маючы на ўвазе, што з часам усё гэта згладзіцца непрыметна, само сабою, пад уплывам школьнага парадку і ладу, які будзе залежаць, галоўным чынам, ад яго самога. Усе іх памылкі ў гэтым сэнсе ён стараўся выправіць і адзначыць так, каб не пакрыўдзіць і не ўразіць чулае дзіцячае сэрца.

Першыя крокі былі зроблены. Дзеці разварушыліся, павесялелі і выйшлі з таго стану замкнёнасці, у якім яны яшчэ так нядаўна былі. Лабановіч, крыху пагутарыўшы, пусціў іх на пераменку. А гэтым часам пад’ехаў і а. Кірыл. Зайшлі ў пакоік настаўніка, пагутарылі пра сёе-тое, пакуль пазбіраліся дзеці. Айцец Кірыл зараз жа сабраўся і разам з настаўнікам пайшоў у школу. Там ён, не затрымліваючыся, адправіў кароткі малебен, сказаў невялічкае казанне дзецям, у якім клікаў іх да навукі, да паслушэнства, і, пажадаўшы здароўя і разумення, даў пацалаваць крыж і акрапіў іх святой вадою.

Пасля малебна настаўнік сказаў вучням перадаць сваім таварышам, каб заўтра ўсе прыходзілі ў школу, і пусціў іх дадому.