Выбрать главу

У лесе і ў палях пачынала цямнець, шэры асенні вечар борзда апускаўся на зямлю; разам з ім і нейкі смутак лажыўся на гэтыя пацямнелыя далі. Уся мясцовасць змяніла выгляд, як бы замкнулася ў сабе самой, аддаўшыся выключна сваім думкам і свайму настрою, а ўсё іншае для яе стала чужым і нецікавым. Лабановіч дайшоў да сцежачкі каля ветракоў і накіраваўся ў школу.

IX

Пан падлоўчы быў родам дзесь з Гродзеншчыны і паходзіў, як ён казаў сам, са старога дваранскага роду. Тутэйшае жыхарства лічыла яго палякам, сам жа пан падлоўчы з гэтым не згаджаўся.

«Я — ліцвін»,— з нейкаю гордасцю зазначаў пан падлоўчы і сваю належнасць да ліцвіноў даводзіў, паміж іншым, і тым, што яго прозвішча — Баранкевіч — мела канчатак на «іч», тады як чыста польскія прозвішчы канчаюцца на «скі»: Жулаўскі, Дамброўскі, Галонскі. Даведаўшыся, што прозвішча новага настаўніка Лабановіч, падлоўчы пры спатканні з ім прыметна выказаў адзнакі здавальнення, як гэта бывае тады, калі нам на чужыне прыходзіцца спаткацца з земляком.

— То і пан — ліцвін! — весела сказаў ён маладому настаўніку і пастукаў яго па плячы. Сваё ліцвінства ён падкрэсліваў пры кожным зручным выпадку, кажучы: «Мы, ліцвіны, любім піць гладка!»

Лабановічу, калі ў яго чарцы заставалася недапітая гарэлка, ён таксама казаў:

— А яшчэ ліцвін!.. Ну, які ж ты пасля гэтага ліцвін! — Пан падлоўчы з дакорам пазіраў у вочы настаўніку.— Не псуй ты мне, братка, кампаніі!

Калі ж гэты аргумент не памагаў, то пан Баранкевіч прыводзіў другі:

— Ты лепш, браток, падашукай маю жонку, але не ашуквай мяне за чаркаю гарэлкі.

Трэці аргумент, самы моцны і ўжо самы апошні, быў такі:

— Пі! Пі, кажу, бо, далібог, вылью за каўнер!

Гаварыў падлоўчы Баранкевіч найбольш добраю беларускаю моваю. I трэба адзначыць, што ён ні ў якім разе не быў п’яніца, ён проста любіў выпіць «з добрымі людзьмі», а сам адзін і чаркі не выпіваў. Але і ў кампаніі «добрых людзей» ніколі не перабіраў меры. У яго была тут пэўная граніца, якой ён ніколі не пераступаў і за якую яго нельга было вывесці ніякімі сіламі. Што ж тычыцца яго ліцвіналюбства, дык яно яшчэ выяўлялася і ў тым, што ён вельмі любіў літоўскія калдуны. I гэтых калдуноў, як запэўняў пан падлоўчы, ён з’еў аднойчы сто сорак штук.

— Разумеецца, пры гарэлцы,— дадаваў пры гэтым Баранкевіч.

Першы раз Лабановіч зайшоў да падлоўчага вечарам таго ж самага дня, калі хадзіў гуляць на чыгунку.

Баранкевіч спаткаў суседа-настаўніка прыветна і павёў яго ў чыстую палавіну дома, дзе ён звычайна прымаў гасцей. Пакой быў прасторны, чысты, акуратна выбелены. Каля аднае сцяны стаяла канапа і вялікі просты стол каля яе, засланы белым настольнікам. На невялічкім століку недалёка ад канапы стаяла скрыначка, музычны струмант, якую падлоўчы і пускаў у работу, каб забавіць гасцей. Апроч яшчэ аднае канапкі каля другой сцяны і некалькіх простых крэслаў, у пакоі гэтым больш не было нічога, і ён выглядаў пуставата.

— Сядайце, паночку,— папрасіў Баранкевіч госця і патрактаваў яго моцнаю папяросаю.

Гаспадар і госць разгаварыліся, прычым пан падлоўчы быў першы чалавек тут, ад якога Лабановіч пачуў добрае слова наконт гэтага месца, якое мела той вялікі козыр, што ляжала каля чыгункі. Прайшоўшыся колькі разоў па пакоі, пан падлоўчы гукнуў, павярнуўшыся да другое палавіны дома:

— Габрынька!

— Зараз, татка! — адгукнуўся ў глыбі дома звонкі дзявочы галасок.

Следам за гэтым пачуліся лёгкія і частыя крокі, і ў пакой увайшла малодшая дачка пана падлоўчага. Такімі ж борздымі крокамі падышла яна і да госця, працягнула яму сваю яшчэ дзіцячую руку, зрабіўшы прысяданне, якое Лабановіч бачыў першы раз. Ён нават спалохаўся: яму здалося, што гэта маленькая паненачка прысела ад таго, што ён наўмысля наступіў ёй на нагу.

— Чэсю! — зноў гукнуў падлоўчы.

Крыху счакаўшы, скробаючы ботамі, у пакой увайшоў меншы сын Баранкевіча, хлопчык гадоў дзевяці, даволі панурага выгляду, з вялікаю кучараваю галавою і прыгожым тварам. Паздароўкаўшыся з настаўнікам, Чэсь моўчкі сеў каля кахлянае печы і адтуль, як ваўчок, прыглядаўся да настаўніка.