— Так, гэта яна,— прамовіла Ядвіся, распытаўшыся, як яна выглядае.
Паненкі на развітанне колькі разоў напаміналі Лабановічу, каб ён часцей заходзіў да іх.
X
Якраз за дзень да Уводзін Прасвятое Багародзіцы, свята, якое прыпадае на 21 лістапада, у вёсцы Цельшына паўстала вельмі важнае пытанне аб тым, калі святкаваць гэта свята: сёння ці заўтра? I паўстала гэта пытанне, як зазвычай усе важныя пытанні, выпадкова.
Старая Лукашыха, Аўгеня, прыйшла да свае суседкі Югасі пазычыць падсітак прасеяць мукі. Прыйшла яна якраз у той час, калі трэба ўжо тушыць у хаце агонь. Аўгеня зразу ж звярнула ўвагу, што ў хаце суседкі былі ўсе адзнакі свята: прасніцы вынесены вон, мужчыны не ўсе яшчэ былі абуты, а сама Югася падбівала цеста на аладкі і печы не падпальвала.
— Што ж гэта ў вас, дзеўка, як бы свята?
У Цельшыне быў такі звычай, што адна старая жанчына, зварачаючыся да другой, казала ёй «дзеўка».
— А хіба ж не свята? — прамовіла Югася і зірнула на суседку.
— Як свята? Што ты, дзеўка, гаворыш?!
— А так што свята! — цвёрда і пэўна адказала Югася.
— Ах, Божачка мілы! А я ж думала, што заўтра! — ускінула рукамі Аўгеня.— Лукаш мой даўно пайшоў у клуню малаціць грэчку!.. I сама я ўсю раніцу прала!.. А-а, як жа я гэта думала, што свята заўтра? Ах, матачкі мае родныя!
Аўгеня борздзенька павярнулася і выйшла з хаты, нават і падсітак забылася пазычыць. Выйшаўшы на вуліцу, яна на хвілінку прыпынілася, а потым раптоўна кінулася да Нупрэя Бабка.
— Што я прыйшла ў вас спытаць: сёння свята ці заўтра? — запыталася Аўгеня і акінула вачамі хату.
Нупрэй зусім яшчэ не падымаўся, ляжаў спіною на печы і грэўся, як кот, падкурчыўшы доўгія ногі, бо яны, хоць печ была і прасторная, не маглі на ёй як мае быць змясціцца.
— А пэўне, сёння,— адказаў ён з печы.
Праўда, Нупрэеў голас вялікага аўтарытэту нідзе наогул не меў, а ў пытаннях свята тым болей, бо Нупрэй Бабок нічога не меў проці таго, каб святкаваць і будныя дні. Але і Малання, жонка яго, таксама пасведчыла, што свята сёння.
— Ах, матухны,— зноў пляснула рукамі Аўгеня.— Усе людзі святкуюць, адна я, як тая дурная калатоўка, соваюся: ні свята, ні спакою не бачу.— I яна ледзь не бягом вымелася з хаты і пабегла дамоў.
Надта знаёмае тухканне ў Міколкі Стукача адразу затрымала Аўгеню на месцы: калі сёння свята, дык чаму ж у Стукача таўкуць ячмень?
Не думаючы доўга, Аўгеня кінулася да Стукачовых. Першае, што ўбачыла яна там, была ступа і дзве маладзіцы, нявесткі дзеда Стукача: маладзіцы стаялі адна насупраць другой з таўкачамі і заложна таўклі куццю. Міколка Стукач, лысы дзед з сівою бародкаю, падплятаў лапаць. Бабка Стукачыха прала кудзелю. Грук таўкачоў глуха аддаваўся па хаце, і пасля кожнага ўдару штось бразгацела на паліцы, дзе стаялі міскі з лыжкамі.
Здзіўленая Аўгеня спынілася на парозе.
— А хіба ж сёння не свята? — спытала яна.
— Якое свята? — сярдзіта зірнуў на яе дзед Міколка.
— Вось, скажэце, мае мілыя: як бы хто туману напусціў,— прамовіла Аўгеня, збітая з тропу.— Адны святкуюць, другія кажуць, што свята няма.
— Хто святкуе? — запытала бабка Тацяна.
— Я і сама думала, што свята павінна быць заўтра, аж прыходжу да Рамковых — святкуюць, Югася аладкі падбівае; зайшла да Бабковых — і там святкуюць. Прыходжу да вас — у вас тут будны дзень. Каму ж верыць?
— А можа, і сёння свята,— ужо іншым тонам пачаў разважаць дзед Стукач.
Маладзіцы прыпынілі работу. Адна абаперлася на таўкач, не вымаючы яго са ступы, а другая трымала таўкач у руцэ. Яны таксама задумаліся.
— Уводзіны святкуюць на восьмай нядзелі ад Пакроў,— вылічыла бабка Тацяна.— Колькі ж гэта нядзель ад Пакроў?
— Ну, якраз восьмая нядзеля і пайшла,— сказала Аўгеня.
— Мабыць, свята такі сёння,— пасля развагі прамовіў дзед Стукач, кінуўшы на зямлю лапаць, і пачухаў галаву ніжэй лысіны.
— Матка! А калі гэта да нас Шпак з будкі прыходзіў? — спытала адна маладзіца сваю свякроў, бабку Тацяну.— Тады казалі, што да гэтага свята засталося адзінаццаць дзён.
Дзед Стукач, бабка Тацяна, нявесткі і старэйшы сын Стукача, Апанас, пачалі вылічаць, калі ў іх быў Шпак з будкі. Выходзіла, што адзінаццаць дзён якраз прайшло. Бабка Тацяна вынесла сваю прасніцу, маладзіца Мар’яна сказала, што куцця ўжо даўно стаўклася; крупы выбралі, а ступу выкацілі вон у сені. Раз свята, дык свята. Аўгеня пайшла дадому, пэўная ў тым, што сёння свята. Не заходзячы ў хату, яна заскочыла да Лукаша ў клуню і накрычала на яго, што ён не святкуе і яе збіў і ўвёў у грэх.
— Ты ж паслухай, стары пень, ці малоціць хто?
Югасю, у сваю чаргу, занепакоіла старая Лукашыха: а можа, і праўда, што заўтра свята? Накінуўшы кажух, яна пайшла да свае кумы Насты. Наста цвёрда вяла падлік святам і строга сачыла за квадрамі месяца.