— Я ўжо чула, што некаторыя збіраюцца святкаваць сёння, але свята, я напэўна ведаю, заўтра. Піліпавы хлопцы ўжо даўно паехалі ў лес з сякерамі.
Не прайшло і чвэрці гадзіны, як па ўсёй вёсцы толькі і было гутаркі што пра свята, пры гэтым ясна адзначыліся два станы: святочны і будны. Кожны стан меў вельмі паважных прадстаўнікоў свайго кірунку, што ніякім чынам не маглі дайсці да згоды, бо кожная рука мела вельмі моцныя доказы, на якіх засноўваліся іх пазіцыі наконт свята.
Самы рух пачаўся тады, як пачынала ўжо ўсходзіць сонца. На працягу ўсяе вуліцы то там, то сям стаялі кучкі палешукоў і паляшучак, дзе меншыя, дзе большыя, і ў кожнай кучцы ішла спрэчка аб свяце. Усе цельшынскія законнікі і законніцы сышліся тут і горача судзілі погляды супраціўнага стану.
Мікіта Тарпак, вылажыўшы ўсе доказы за заўтрашні дзень і ніколечкі не зрушыўшы станоўкасці поглядаў сваіх супярэчнікаў, плюнуў, сярдзіта павярнуўся і пайшоў да свайго двара. Яго рашучая хада і выраз твару ясна казалі, што ён надумаўся зрабіць нешта такое, што павінна стварыць моцнае ўражанне і прынізіць тых, хто быў не згодзен з ім. Ён выцягнуў панарады, палажыў на іх дошкі і стаў навальваць гной, хоць вывозіць яго цяпер ніколі не меў на ўвазе. Наклаўшы воз гною, ён запрог каня і важна паехаў уздоўж вуліцы, высока паставіўшы сахор. Пад’ехаўшы да тае кучкі народу, дзе ён нядаўна вёў дарэмную спрэчку, Мікіта прыпыніўся і стаў папраўляць хамут, не зварачаючы ні на кога ўвагі, усё роўна як бы гэта была яго звычайная работа. Як толькі Мікіта павярнуў з вуліцы ў поле, зараз жа, з таго боку, адкуль ён выехаў, каля студні, пачуліся два жаночыя крыклівыя галасы. Галасы ўсё мацнелі і набіралі болей злосці. Гэта лаялася Аўдоля Латачыха з жонкаю Мікіты, Акуляю. Яны даўно ўжо былі не ў ладах, цяпер жа гэта свята сталася зачэпкаю для таго, каб даць волю языкам. Латачыха сыпала словы, як гарох. Мусіць, не раз практыкавалася яна ў сваіх мыслях у гэтай лаянцы. Здавалася, яна толькі адчыніла рот, а словы самі, як з мяшка, сыпаліся і сыпаліся. Акуля не паддавалася. Жанкі крычалі то па чарзе, то адначасна. Палаяўшыся з паўгадзіны каля студні, яны разышліся: адна пайшла ў адзін канец вуліцы, другая — у другі, бо ім збрыдла лаяцца і гэта не давала жаданых вынікаў. I, каб дапячы адна другой, яны пайшлі па вёсцы выстаўляць адна другую перад людзьмі. Тут мелася на ўвазе, галоўным чынам, вастрэй падцяць свайго ворага.
— Ах ты, чортава шлюндра! Пайшла па вуліцы зубамі званіць, языком мянціць, каб ён табе высах ды выпетраў! — крычала Акуля.— Ідзі, ідзі, так вось і павераць табе, брахусе. Думаеш, не ведаюць людзі, як ты да Міхалкі ў клуню бегала, га? Ведаюць людзі, за што цябе Крупеніч з раз’езда гарэлкаю частуе, каб цябе лейцамі частавалі... Ведаюць, не думай таго!.. Ты думаеш, не ведаюць, як ты з дарожным майстрам ночы гуляеш, як ты ў яго дзесяць рублёў падчапіла!.. Капач ты з-пад цёмнае хмары, хлеба замясіць не ўмееш, хаты ніколі, як людзі, не падмяцеш, каб табе вочы замяло!
Аўдоля, у сваю чаргу, ідучы ў другі канец вуліцы, вяла сваё казанне. Жанчыны зрэдку прыслухоўваліся адна да другой і, такім чынам, скарыстоўвалі словы адна другой для далейшай лаянкі.
— На мяне людзі глядзяць, бо я харошая, а на цябе і сабакі пазіраць не хочуць. Зайздросна табе?.. А ты забылася, як цябе бабка Тацяна на сваім двары злавіла! Чаго ж ты хадзіла туды? Чужых курэй сачыць? А гарбузы з гарода ў Рамковых хто цягаў, каб з цябе кішкі павыцягалі? А хто, калі не твой Мікіта, у дзеда Андрэя баранінку краў? Гэтага, можа, не ведаюць людзі, дык няхай жа ведаюць...
Палешукі стаялі, як строгія і справядлівыя суддзі, але сур’ёзныя твары іх часта рабіліся вясёлымі, і дружныя покаты смеху напаўнялі вуліцу. Пры гэтым палешукі як па камандзе адкідалі назад галовы і выпучвалі жываты. Але гэта было толькі ў тых выпадках, калі якая-небудзь з кабет, пераступіўшы ўсякія граніцы жаночага ўшанавання, адпускала штось вельмі жыццёвае і сакавітае. I ўсё ж такі вёска не прыйшла да згоды. Адны святкавалі сёння, другія — заўтра. А некаторыя, каб не ашукацца, святкавалі два дні.
Гэта няяснае пытанне аб свяце адбілася і на школе. Лабановіч, прыйшоўшы на заняткі, заўважыў, што паловы вучняў няма.
— Чаму ж вас так мала прыйшло?
Дзеці перадалі гісторыю спрэчкі аб свяце, а разам з тым і прычыну адсутнасці вучняў.
XI
Работа ў школе наладзілася.
Малады настаўнік укладаў у яе сваю душу і сэрца. Кароткія зімнія дні праходзілі незаметна, іх не хапала на тое, каб як след правесці работу. Як толькі добра развіднялася і была магчымасць весці лекцыі, Лабановіч ішоў у школу, размеркаваўшы сваю работу між чатырох груп.