Многа патрабавалася ўмення на тое, каб кожная група была занята і не сядзела без работы. Многа трэба было энергіі і старання, каб кожная група была зацікаўлена ў сваёй рабоце, каб увесь час трымаць школу на вышыні таго ці іншага настрою. Удзень вучні распускаліся на паўтары гадзіны для абеду. Пасля лекцыі зноў ішлі да самага вечара, пакуль не цямнела. Часта са старэйшымі вучнямі лекцыі вяліся вечарамі пры лямпе. Потым настаўнік яшчэ доўга сядзеў над сшыткамі і папраўляў іх. Маладых сіл было многа; здавалася, ніколі не вычарпаеш іх, і расходваліся яны так, як расходуе з восені заможны, але маладасведчаны і непрактычны гаспадар багаты збор ад свае нівы.
Але ў сваёй рабоце чэрпаў малады настаўнік і поўную чару высокага задавальнення, назіраючы, як дзеці набіраліся знання, лёгка асільвалі тое, што яшчэ ўчора здавалася ім незразумелым і трудным. Больш разбітных і здольных любіў ён той любасцю, якая можа быць толькі ў настаўніка да сваіх выхаванцаў. Ім і дазвалялася шмат таго, чаго не павінны былі рабіць звычайныя вучні, бо ў Лабановіча ў школе наогул быў строгі парадак. Хоць патуранне было і шкодна з педагагічнага боку, Лабановіч гэта ведаў, але падолець гэту сваю слабасць не мог ніякім чынам. З другога боку, трэба сказаць, што ад лепшых вучняў і вымагалася болей. I нейкая ўцеха брала маладога настаўніка, гледзячы на гэтых маленькіх змыслых палешучкоў.
Скончыўшы навучанне і перагледзеўшы работы вучняў, Лабановіч часта падводзіў падрахункі дню; пры гэтым разважаў ён і аб тым, як абысці тыя пахібы і памылкі, якіх так трудна бывае пазбегнуць у школе маладому, малавопытнаму настаўніку. Усе тыя спосабы, якія так гладка і проста апісаны ў методыках, часта зусім не падыходзілі і не адпавядалі ўмовам школы, трэба было тут жа выдумляць іх самому. А колькі часу прыходзілася траціць на тое, каб дастасаваць мову дзяцей да кніжнае мовы! I колькі смешных і непажаданых выпадкаў вынікала на грунце гэтага непаразумення ў школе, дзе мова мацеры зневажаецца і забіваецца!
Часамі Лабановічу здавалася, што школа адстае, што вынікі дасягнуты нязначныя і што, наогул, ён няважны настаўнік. Трэба ўжыць тут штось новае, трэба аджывіць школу, бо спосабы яго заняткаў так застарэлі, што напэўна перасталі быць цікавымі для дзяцей. У такія мінуты настрой яго спадаў, яму рабілася не па сабе.
«Трэба будзе даведацца да Турсевіча і пабачыць, як ён вядзе сваю справу»,— падумаў Лабановіч і цвёрда вырашыў у першае ж свята паехаць да свайго старога настаўніка.
Ён абдумаў маршрут. Праўда, маршрут гэты просты: пайсці на раз’езд, як-небудзь сесці на таварны цягнік і паехаць. Ад станцыі яго сябар жыў за вярсты дзве, а язды паўстанцыі. Калі ж не ўдасца паехаць машынай, дык у яго — маладыя ногі, да хады прывычныя. Развязаўшы пытанне такім чынам, Лабановіч заспакоіўся і хацеў засесці за кнігу.
Якраз увайшла бабка.
— А што, панічыку, чай піць будзеце?
— Чай? — спытаў настаўнік і заспяваў:
Чай, чай,
Прымячай,
Куды чайкі ляцяць!
Бабка падперла рукамі шчокі і пачала смяяцца.
— Смешны вы, панічок, далібог!.. Ах, няхай бы вы здаровенькі былі!
— А ведаеш, бабка, што я надумаўся?
— Бог вас ведае, панічок.
— У гэтую нядзельку, бабка... ці там нікога няма? — ціха і таемна кіўнуў настаўнік у бок кухні.
— Няма, панічыку! — ціха адказала бабка, нарыхтаваўшыся пачуць нешта вельмі цікавае.
— Дык нават, бабка, не ў нядзельку, а ў суботу нанач надумаўся я паехаць у госці да таго паніча!
— А я ж, панічок, думала, што вы скажаце пра іншае,— сказала, смеючыся, бабка.— Чаму ж, панічок, не паехаць? Вядома, збярэцеся...
Дзверы ў кухню стукнулі, і туды хтось увайшоў.
— Гэта, мусіць, бабка, да цябе хтось лячыцца прыйшоў.
Бабка борздзенька павярнулася і ў дзвярах спаткалася з Чэсем.
— Татка прасіў, каб вы зайшлі да нас,— прамовіў Чэсь Лабановічу.
— Добра, Чэсь: я зараз прыйду. У вас там, можа, хто ёсць?
— Пан Сухавараў з раз’езда.
— Ах, Чэсь! Як жа гэта ты такую штуку мне ў школе ўдраў? — прыпомніў Лабановіч, як Чэсь, седзячы на лекцыі славянскай мовы, скруціў паперку ў трубачку і засунуў яе ў вуха Кандрату Кругламу.
Чэсь апусціў галаву ў знак свае віны і стаяў панурыўшыся.
— Не рабі ты, брат, так ніколі.
Чэсь выйшаў. Крыху счакаўшы, выйшаў і Лабановіч.
За сталом у падлоўчага сядзеў памочнік начальніка раз’езда, пан Сухавараў, нежанаты, яшчэ малады хлопец, адзеты ў парадны мундзір; ён падкручваў свае чорныя вусікі. На канапе насупраць яго сядзела панна Ядвіся. Яна была ў прыгожай чырвонай кофтачцы, якая вельмі ішла да яе твару, а чорныя і пышныя валасы яе былі перахвачаны чырвонай стужкай. Панна Ядвіся выглядала вельмі цікаваю і прыгожаю. Цёмныя вочы яе з доўгімі мігаўкамі як бы рассыпалі прамені. Яна была вясёлая і ў добрым настроі.