Выбрать главу

У пакоіку Лабановіча спаткала гаспадыня, нізкая жанчына. Па яе фігуры адразу трудна было вызначыць, што перамагае ў ёй: таўшчыня ці вышыня.

Гасцей было чалавек восем. Тры мужчыны і кабеты. З боку камоды каля аконца сядзела тая самая дзяўчына, з якою спаткаўся Лабановіч, гуляючы па чыгунцы. Вітаючыся з гасцямі, настаўнік, убачыўшы панну Марыну — бо гэта была яна,— мімаволі спыніўся на адзін момант перад ёю: гэты незвычайна прыгожы твар як бы прычараваў яго. Разгледзеўшы панну Марыну зблізку, Лабановіч знайшоў, што такой слаўнай дзяўчыны ён яшчэ ні разу не бачыў. Цёмныя чыстыя вочы, крыху як бы чымся засмучоныя, пазіралі так панадна і з такою дабратою, што ад іх погляду рабілася лёгка на сэрцы! На высокі белы лоб навісалі чорныя-чорныя валасы і дадавалі яе твару яшчэ больш хараства. Тонкія замкнёныя вусны рабілі твар дзяўчыны разам з тым і крыху строгім і сур’ёзным.

— Здаецца, гэта з вамі спаткаўся я аднойчы? — спытаў Лабановіч, павітаўшыся з дзяўчынаю.

Панна Марына ўсміхнулася.

— Так, гэта я ішла ў вашу вёску.

— Ну і моладзь! — сказаў Бабініч.— Як скора патрапляюць яны сустракацца!

Бабініч, відаць, паспеў ужо хапіць колькі чарак, бо язык яго, наогул распушчаны, не ведаў стрымання і пачынаў плявузгаць такія рэчы, ад якіх было сорамна не толькі паненкам і кабетам, але часта і мужчыны апускалі вочы або заходзіліся ад смеху. Бабініч у гэтым сэнсе быў вядомы дзівак і ніякім чынам не мог абысціся без таго, каб не ляпнуць чаго пры кабетах. I гэта здольнасць Бабініча асабліва вызначалася тады, калі ён добра выпіваў.

Праз колькі хвілін Бабініч і яго жонка-кадушка запрасілі гасцей за стол. На стале было многа закускі, а яшчэ больш гарэлкі. Гаспадыня прасіла гасцей вельмі далікатна, а гаспадар проста пхаў іх з пагрозамі даць каленам, калі хто не надта шпарка займаў за сталом месца.

— А ты чаго стаіш і топчашся, як таўкач той у ступе? — накінуўся ён на будачніка Лобука.

— Садзіся, Лобук, садзіся! — смяяўся высокі, відны сабою, шыракаплечы Курульчук, швагра панны Марыны.

Госці жыва паселі за стол.

Акінуўшы вокам кампанію і тую гарэлку, якая стаяла на стале, Лабановіч цвёрда пастанавіў не піць, бо нейкае пачуванне засцярогі падказвала яму ўстрымацца. I вось калі першая чарка дайшла да яго, ён падзякаваў гаспадару і перадаў чарку суседцы, жонцы вакзальнага жандара.

На твары Бабініча намалявалася незвычайнае здзіўленне.

— Хіба ж вы не п’яце? — панізіўшы чуць не да шэпту голас, прамовіў стараста.

— Не п’ю,— салгаў настаўнік.

— Ні аднюсенькае чарачкі?

— Ніяк не п’ю.

— Госпадзі Божа, Твая воля! Як жа гэта можа быць, каб чалавек не піў? Ну, што ж мне з вамі рабіць?

— Ой, пане настаўніку, у нас няможна, каб гарэлкі не піць,— засмуцілася і гаспадыня.— Вы хоць трошачкі, а выпіце.

— Не, не! — загулі і кабеты.— Як-та не выпіць?

Настаўнік стаяў на сваім і не паддаваўся ні на якія ўгаворы.

— Панна Марына! Папрасіце вы. Можа, на вашу просьбу госць зверне ўвагу,— звярнулася да дзяўчыны жандарыха, чырванашчокая дабрадушная жанчына.

Панна Марына ўсміхнулася і паказала свае белыя, як калядны снег, зубы.

— А нашто ж прынявольваць чалавека? — сказала яна і зірнула на настаўніка.

— Вялікі вам дзякуй! — пакланіўся ёй Лабановіч.

— Эх, панна Марына, панна Марына! — з дакорам паківала галавою жандарыха і выпіла чарку гарэлкі.

Пасля гэтай замешкі чарка ўжо не ведала спакою. Курульчук праз паўгадзіны зачаў сваю песню, адну з тых, якія ён ведаў і спяваў, дайшоўшы да пэўнага стопню:

Быў сабе з тапорыкам пан Ян...

Кабеты таксама разрумяніліся, як тыя пірагі пад Вялікдзень у добрае гаспадыні. Бабініч зусім асалавеў, вочы яго пажаўцелі і варочаліся, як тачыла ў руках няздольнага каваля. Яго плявузгота ўжо не рабіла вялікага ўражання: да яе прыслухаліся і прыцярпеліся, і яна як бы атрымала тут правы грамадзянскія. На гэта, відаць, звярнуў увагу і сам Бабініч, бо ў яго плявузгоце пачаўся пералом: з кожным разам забіраўся ён усё далей і далей. Ужо колькі разоў закрывала яму рот жонка і сама рагатала. Падгуляўшыя кабеты заспявалі якуюсь песню, а Бабініч закрычаў на ўвесь пакоік, вымагаючы ўвагі. Кабеты змоўклі, слухаючы, што скажа ён. Бабініч адпусціў такія словы аб іх спяванні, што і прывычныя жанкі паўскакалі з месца.

Панна Марына кудысь схавалася, а сястра яе, жонка Курульчука, угневалася і сказала:

— Не, кумок: не пайду я больш да вас.

— Ну, не буду, не буду,— давячыся дымам махоркі, смехам і кашлем, прамовіў Бабініч.— Не буду, няхай вас халера падушыць!

Лабановічу ўрэшце абрыдла гэта п’яная гульня і гэта гразь распушчанага языка. Яго толькі вельмі дзівіла, як магла быць у такой кампаніі панна Марына. Яму было брыдка і за сябе, і за яе. Устаць і пайсці, што ён ужо колькі разоў памыкаўся зрабіць, Лабановіч не рашыўся, не хочучы пакрыўдзіць гаспадара і гасцей. Ён мусіў дасядзець да вечара, пакуль Бабініч не ўстаў, хістаючыся, і не знік за дзвярамі надоўга.