Разам з Курульчукамі і паннай Марынай выйшаў настаўнік ад Бабініча. Курульчукі і панна Марына прасілі яго быць з імі знаёмымі і заходзіць да іх.
XIII
— А вас, панічыку, пыталася паненка,— далажыла бабка настаўніку, як толькі ён вярнуўся з гасцей.— «Дзе ж, кажа, бабка, твой паніч?» — «Пайшоў, кажу, паненачка, кудысь на чыгунку».— «А я, кажа, хацела папрасіць кніг у паніча».
— Добра, бабка, кніг я выберу.
Лабановіч пакапаўся ў сваіх кнігах і адабраў дзве: томік дробных апавяданняў Караленкі і невялічкае апавяданне Сельмы Лагерлёф «Легенда аднаго дома».
Лабановічу хацелася перадаць кнігі самому, і панна Ядвіся, як дагадваўся настаўнік, напэўна, хацела, каб ён сам прынёс іх. Кнігі тут былі толькі як зачэпка. Лабановіч крыху зафанабэрыўся. «Не, не пайду!» — сказаў ён сам сабе.
— Вось, бабка, кнігі, занясі іх, калі ласка, паненцы.
— Добра, панічок.
Бабка крыху пастаяла, як бы разважаючы, але нічога не сказала і выйшла.
Лабановіч, сказаць праўду, гневаўся на панну Ядвісю — пасля таго вечара, калі быў у пана падлоўчага Сухавараў,— і рашыў не паказвацца там. Апрача таго, вобраз другой дзяўчыны яго моцна зацікавіў і таксама крыху засланяў сабою Ядвісю.
I само сабою напрашалася параўнанне гэтых дзяўчат. Панна Марына, без спрэчкі, мела перавагу над Ядвісяю ў харастве, але разам з гэтым уступала Ядвісі ў разнастайнасці праяўленняў жыцця. Марына была ціхая, сталая і, напэўна, вельмі добрая душа, але гэта была простая дзяўчына. Адлучыўшы ад Марыны хараство, гэту дзявочую шыльду, ад яе засталося б мала, тады як Ядвіся была натура больш мнагалучная, больш жывая, якая яшчэ не выявілася і не сфармавалася ў пэўны характар.
Лабановіч усміхнуўся сам сабе: яму прыпомнілася казка пра асла. Галодны асёл папаў між двух стагоў. Ён спыніўся і пачаў разважаць, да якога стога яму накіравацца. Разважаў да таго часу, пакуль не выпрастаў ногі.
У канцы Лабановіч вывеў такое заключэнне, што гэтыя дзве дзяўчыны ахаваюць яго ад таго, каб закахацца ў адну з іх, і яму стала весела.
— Занесла, панічыку, вашы кнігі. Паненка дзякавала вам. А чаму, кажа, паніч не прыйшоў? — сказала, вярнуўшыся, бабка.
Па праўдзе сказаць, настаўніку хацелася пабачыць Ядвісю, тым болей што пасля таго, як быў там Сухавараў, яны не сустракаліся. I як ні хітрыў ён сам з сабою, як ні тлумачыў гэты факт, але аднаго не мог пабароць у сабе — не думаць аб панне Ядвісі. I што б ён ні рабіў, аб чым бы ён ні думаў, не-не дый устане перад ім Ядвіся. I чым бліжэй быў ён да яе, тым больш адчувалася ўлада гэтай дзяўчыны над ім. Калі ён быў у гасцях і бачыў перад сабою другую дзяўчыну, ён ні разу не ўспомніў аб сваёй суседцы. А цяпер, як бы ў помсту за гэта, вобраз панны Ядвісі стаяў неадступна ў вачах, дражніў яго, кудысь зваў і смяяўся. А вокны ў пакоі пана падлоўчага святлелі прынадным бляскам. Цяпер там, напэўна, адна панна Ядвіся з сястрою, бо пан падлоўчы цэлымі днямі ездзіў прымаць сена ад палешукоў для графа Патоцкага; паненкі, напэўна, разглядалі, а можа, чыталі яго кнігі. Хата пана падлоўчага выглядала так, як бы хацела сказаць настаўніку: «Хлусіш! Ты ўсё ж такі да мяне прыйдзеш».
— Што за насланне! — прамовіў сам сабе Лабановіч.— Або ў мяне няма сілы ўзяць сябе на павадок?.. Яловыя шышкі! Сказаў сёння: гарэлкі піць не буду, і не піў. А сказаў, не пайду да Ядвісі, значыцца, і быць так!
Настаўнік зняў са сцяны скрыпку, настроіў сяк-так струны і пачаў вадзіць па іх смыкам. Іграў ён зусім слаба, але ўзяўся за скрыпку, каб разагнаць думкі. Ён нават імкнуўся выявіць ігрою свой настрой, але з гэтага нічога не выйшла. Скрыпка, як зазначыў сабе сам музыка, раўла, нібы галодная жывёліна, загледзеўшы свайго гаспадара. Ён кінуў скрыпку на стол, звярцеў папяросу і, момант падумаўшы, адзеўся, узяў палку і пайшоў.
У кухні каля грубкі стаяла бабка, а на зэдліку пры стале сядзела яе прыяцелька Наста.
— А куды ж гэта вы, панічок? — запыталася бабка.
— Пайду, бабка, лавіць таго чорта, што твайго Міхалку напалохаў,— сур’ёзна адказаў Лабановіч і выйшаў на двор.
Ужо даўно звечарэла, і ў хатах усюды свяціліся агні.
У адным канцы сяла, ад пераезда, спявалі вясковыя дзяўчаты, і водгулле іх аднатоннай песні, адбіваючыся дзесь каля чыгункі, даносілася сюды цэлымі хвалямі мяккіх жалобных гукаў. Простыя матывы, крыху змякчаныя адлегласцю, хвалявалі маладога настаўніка, як нейкі няясны прываб, і разам з гэтым паглыблялі яго смутны настрой. Цёмны лес, што стаяў недалёка за вёскай і глядзеў хмурна, як бы казаў: «Не слухай ты гэтых песень: у іх твая атрута. Уцякай ты адгэтуль — тут усё пранята атрутаю сэрца». Але настаўнік стаяў і слухаў дзявочыя песні.