Лабановіч борзда прайшоў гэту вярсту, здалёк убачыўшы сіняваты блеск у акне свайго сябра. Каля самае кватэры ён прыпыніўся. Акно з боку вуліцы было завешана просценькаю занавескаю. Турсевіч хадзіў па пакоіку і меў такі выгляд, як бы ён сам сабе пераказваў лекцыю. Лабановіч ціхенька падышоў да аконца, пастукаў пальцам па шыбе і схаваўся.
Турсевіч адхіліў занавесачку і, засланіўшыся рукамі ад лямпы, стаў узірацца. Нікога няма. Як толькі ён адышоўся, Лабановіч зноў таемна пастукаў у шкло і борздзенька адскочыў.
Турсевіч рашуча падышоў да акна і громка запытаў:
— Хто там?
Лабановіч не аклікаўся.
— Што за чорт? — пачуў Лабановіч нібы сярдзіты голас сябра.
Счакаўшы яшчэ з хвіліну, Лабановіч зноў пастукаў. Турсевіч сярдзіта сарваўся з месца і накіраваўся да дзвярэй. Лабановіч схаваўся за тоўстую бярозу. Турсевіч прыадчыніў дзверы, ледзь прасунуў галаву і стаў пазіраць. Нідзе нікога няма. Як толькі ён зачыніў дзверы і замкнуў іх на засаўку, Лабановіч — скок на ганак!
— Хто? — запытаў Турсевіч, не адчыняючы дзвярэй.
— Не скажу! — адказаў Лабановіч.
— Ах ты, мядзведзь цельшынскі! — крыкнуў радасна Турсевіч.— Ну, ідзі, ідзі, брат... Ах ты, фрукт гэтакі! — весела прамовіў ён і расчыніў насцеж дзверы ў сваю кватэру, каб было відно госцю.
Турсевіч крыху адышоўся ад дзвярэй і нарыхтаваўся спаткаць сябра, якому ён быў вельмі рад. Бойкія шэрыя вочы яго так і ўпіліся ў Лабановіча; з іх так і сыпаліся іскры смеху; разам з тым у іх адбівалася жывая мысль, нейкая станоўкасць і ўпартасць.
Лабановіч прыпыніўся каля дзвярэй.
Момант сябры азіралі адзін аднаго, а твары іх свяціліся вясёлым смехам.
— Няхай не падзе на цябе цень бярозы, пад якою сядзеў грэк! — важна і ўзвышальна прамовіў Лабановіч.
— Да не апынешся ты ў становішчы сабакі, які сядзіць на плоце! — адказаў гаспадар.
Перакінуўшыся жартлівымі прывітаннямі, сябры абняліся і сардэчна пацалаваліся.
Турсевіч прыйшоў у рух і ўзбуджэнне, трос сябра за плечы, громка смяяўся.
— Ну і малайчына! Далібог, маладзец... Я, па праўдзе сказаць, і думаў, што ты павінен праведаць мяне... Ну, сядай!
Турсевіч сабраў са стала кнігі, акуратна злажыў іх і палажыў на палічку. У яго пакоі быў самы строгі парадак і чыстата. Уся кватэра яго складалася з аднае клятушкі, сялянскае хаты, але ён умеў надаць ёй нейкую прытульнасць. Прыводзячы ўсё ў парадак, Турсевіч увесь час вёў размову, закідаў сябра пытаннямі, хапаўся, гаварыў і за сябе і за сябра:
— Ну, вось што, Лабуня! Зараз закамандую гаспадыні самавар. Будзем сядзець, будзем піць чай і гаварыць. Люблю я, ведаеш, гэтак з прыяцелем за чаем пасядзець!.. Эх, што ж я? Стой, брат! — спыніў Турсевіч самога сябе.— Мы наўперад закусім. У мяне, брат, вельмі слаўнае сала ёсць... Ну, ведаеш, чула душа, што ты прыедзеш: быў на станцыі і сала купіў. Чакай жа, брат. У нас ёсць зусім іншая музыка!
— Такія разумныя рэчы не кожнае вуха пачуе,— адказаў Лабановіч.— Адным словам, галава твая міністэрская!.. I дазволь мне, вялікі пустэльніча і мой настаўніча, сказаць колькі слоў на гэты выпадак.
— Валяй!
Лабановіч падняўся, састроіў важную міну і пачаў:
Люблю я слухаць шум ад таркі —
Дзяруць картофлю на бліны,
У печы піск люблю ад скваркі —
Прынадна пахнуць мне яны.
Няхай злуе айцец духоўны,
Няхай суліць мне пекла ён,—
Люблю я больш, як звон царкоўны,
Скаварады аб прыпек звон.
— Ха-ха-ха! — зарагатаў Турсевіч.— Ах ты, багахульнік! Толькі ў Цельшыне і можна дадумацца да гэтага:
Люблю я больш, як звон царкоўны,
Скаварады аб прыпек звон!
Лоўка, далібог, лоўка!.. Ну, я зараз!
Турсевіч выбег у сенцы, а адтуль да гаспадыні з загадам прыгатаваць вячэру і зараз жа вярнуўся.
— А ведаеш, Лабанок,— таемна прамовіў Турсевіч, панізіўшы голас,— можа б, ты выпіў чарку?
— Мілы ты мой друг! Мала таго што галава твая міністэрская, дык ты яшчэ і чараўнік, адным словам — кудзеснік! — натхнёна прамовіў Лабановіч.— Чаму ж не выпіў бы, як кажа мая бабка?
— Дык, кажаш, добра было б выпіць? — спытаў з нейкаю сур’ёзнасцю Турсевіч.
— А які ж дурань асмеліцца сказаць, што нядобра?
— Дык няма ж, братка!
Твар Лабановіча крыху выцягнуўся.
— Ха-ха! — аж прысеў Турсевіч ад смеху, потым усхапіўся, не перастаючы смяяцца і паказваючы на сябра пальцам.
— Абязвечыў ты мяне гэтым,— прамовіў Лабановіч, спаўшы з настрою.
— На тое ж я кудзеснік,— не пераставаў смяяцца Турсевіч.