— Не смей, Уладзік, рабіць гэтага! Сядзелі тры гады, пасядзім і тры гадзіны.
Так і зрабілі. Страціўшы надзею на хабар, чыноўнік запісаў іх у кнігу злачынцаў, даўшы строгі наказ з’явіцца да павятовага спраўніка. Спраўнік, чалавек немалады, з сіняватым носам, даў сябрам навучанне, як павінны яны трымаць сябе ў жыцці: не забываць бацькі-цара, веры і айчыны. Прачытаўшы натацыю, ён кіўнуў галавою, даючы гэтым знак сябрам, што яны цяпер вольныя людзі і могуць ісці, куды хочуць.
Калі яны апынуліся на вуліцы «вольнымі людзьмі», Уладзік сказаў:
— Не верыцца, Андрэй, што мы на волі, што за намі няма нагляду, канвойнікаў... Віншую, брат!
Сябры паціснулі адзін аднаму рукі.
— Куды, Уладзік, падасіся?
— Наўперад паеду ў Мікуцічы да бацькоў, пажыву трохі, агледжуся, а там — Бог бацька. Ты ж куды пакіруеш «стопы своя»?
— Насустрач жыццю і яго прыгодам,— адказаў Андрэй.
Ён успомніў Сымона Тургая і запавет Галубовіча. Гэты запавет і стаўся асноваю жыцця і дзейнасці Андрэя Лабановіча ў далейшым вандраванні па новых дарогах.
1948—1954 гг.
1 У народзе ёсць такая прымета, што купацца можна толькі тады, калі каноплі падрастуць настолькі, што ў іх можа схавацца варона (заўвага Якуба Коласа).
2 Класці мост – не даць платнай карты (тлумачэнне Якуба Коласа).
3 Перад сівым устань і ўшануй старога (заўвага Якуба Коласа).