— Хоць бы ўжо вы не смяяліся з нас, пане Лабановіч,— засмучана адказала панна Ядвіся.
Лабановіч звярнуў увагу, што ён закрануў нейкія балючыя струны ў Ядвісі.
— А вы ўзялі б дый напісалі б аповесць аб дзвюх сёстрах,— сказала хітра Габрыня.— Напісалі б, што ў іх быў стары сабака Негрусь, у якога заўсёды цяклі з рота сліні...
Габрыня не магла гаварыць далей з-за смеху. Гэты смех перайшоў і на Ядвісю, і Лабановіча, бо Негрусь лічыў сваёй патрэбай заўсёды пабрахаць на яго і наогул быў смешнаю псінаю.
— А я вам чагось не сказала,— гаварыла Ядвіся на развітанне настаўніку.
— Ну, скажыце!
— Не, скажу другім разам.
XVIII
Гэты вечар прайшоў вельмі хутка.
У тую хвіліну, калі Лабановіч вярнуўся ад пана падлоўчага, гадзіннік якраз збіраўся выбіваць час. Пашумеўшы і паскрыпеўшы, колькі яму было трэба, ён прабіў роўна поўнач. Настаўнік запаліў лямпу, узяў кнігу: ён меў звычай чытаць перад тым, як заснуць. Але з кожнага радка на яго пазірала панна Ядвіся, і чытаў ён зусім механічна, нічога не разумеючы з таго, што чытае. Ён проста пераводзіў вочы з радка на радок, ад слова на слова, а думаў пра Ядвісю.
«Не, з гэтага чытання нічога не выходзіць»,— схамянуўшыся, падумаў Лабановіч.
Ён закрыў кнігу і колькі хвілін ляжаў нерухліва. Спярша ён чуў, як нейкае задаваленне прыемна запаўняе яго ўсяго, бо ў гэты вечар прымеціў, што панна Ядвіся ім вельмі цікавіцца. Яе акруглыя цёмныя вочы затрымліваліся на ім часта і доўга, то радасныя, то ясна-спакойныя, то крыху як бы засмучаныя, і глыбока западалі яму ў самае сэрца, хвалюючы яго. Усе словы яе, сказаныя ў гэты вечар, цяпер прымалі асаблівае значэнне, здаваліся мнагазначнымі, яшчэ яскравей выяўлялі вобраз гэтае дзяўчыны і яшчэ з большаю сілай захаплялі маладога настаўніка...
Але і другая думка зараз жа зачала сваю работу ў яго галаве і як бы клікала паглядзець на гэту справу іначай. Калі гэта яшчэ не зусім расцвіўшая краска палюбіць яго з усёю сілай першага кахання і даверыць яму сваё сэрца і маладосць, і ўсё сваё жыццё, тады што?
I перад ім пачалі вырысоўвацца іншыя вобразы, і думкі яго пайшлі ў другім кірунку. Няўжо ж у яго хопіць адвагі звязаць яе долю з доляю малапрыметнага настаўніка ў гэтай глушы і тым самым адсеч сабе дарогі да далейшага дасягнення тых мэт, якія меў ён на ўвазе? Яго цягнула вольная праца ў невядомых прасторах людскога жыцця, яму хацелася пашырыць свой кругагляд, набыць тыя веды, якіх яму так бракавала. Яго, наогул, захапляла і вабіла жыццё з прынаднымі малюнкамі і таемнымі чарамі. I вось на гэтай дарозе ўжо ўстала адна перашкода... Але ці так гэта? Чаму перашкода? Ці не ёсць гэта адна з тых жыццёвых прыгод, якія аздабляюць жыццё? Не ўсе з’явы жыцця вымагаюць такога падыходу, бо тады яны страчваюць сваё хараство, сваю цэльнасць і вартасць. Да іх трэба падыходзіць проста, беспасрэдна. Каб так разважала пчала, яна, можа, і не затрымалася б каля краскі. Не заўсёды можна разважаць над пытаннямі: а што з гэтага выйдзе? чым яно скончыцца? I ці не ёсць ва ўсіх гэтых прыгодах адзнака нейкага закону жыцця, агульнага і прыватнага, які пільна стаіць на варце інтарэсаў жыцця і строга сочыць за тым, каб не парушалася яго раўнаважнасць?
Гэтыя думкі крыху закалыхалі і заспакоілі настаўніка, а вобраз Ядвісі так і стаяў уваччу, як бы смеючыся з яго разважанняў.
Ад бабкі-старожкі Лабановіч збольшага ведаў сямейнае жыццё пана падлоўчага.
— Добрая душа гэта паненка,— казала бабка і ўздыхала.— Уся ў матку пайшла... Не даў ёй Бог яшчэ пажыць трошкі, дзетак падгадаваць.
— Чаго ж яна, бабка, так рана памерла? — пытаў бабку настаўнік.
— Памерла, панічок... На ўсё воля Божая.
Панізіўшы голас, як бы баючыся, каб яе хто не пачуў, бабка казала:
— Ой, панічыку, цяжка ёй жылося з панам! Біў яе пан! Ды як яшчэ біў! У нябожчыцы пані былі пышныя валасы. Як распусціць, бывала, чорныя косы, дык ледзь не да долу звісалі... Ой, была жанчына, няхай са святымі супачывае яе душачка! Сама я, панічыку, бачыла, як біў яе раз пан. Узяў за косы, яшчэ на руку накруціў і вёў праз двор у пакоі. А што ён там рабіў ужо ў пакоі, то людзі таго не бачылі.
— Завошта ж ён біў яе?
— Ой, панічыку, натура ў пана цяжкая! Ой, цяжкая натура! Калі ўжо ссунуцца бровы і вусы абвіснуць, ну тады дабра не спадзявайся. Як бы на яго што найдзе. А так чалавек ён не кепскі. I пагаварыць любіць, і пашуткуе, і пасмяецца. Папросіш чаго, ніколі не адмовіць. I ведаеце, панічок: часта бедная пані па хатах хавалася, калі ўзбурыцца пан. А дзеці прыціхнуць, бы тыя птушкі ў гняздзе, калі над імі каршун пралятае... Не даў Бог долі беднай пані. Старэйшай паненцы тады толькі дзесяты гадок пайшоў. А без маткі, панічок, самі ведаеце, цяжка жыць. Праз год ажаніўся пан другі раз. Добрая пані, што казаць, панічок, але для дзяцей — не родная матка.