Такія ўмовы сямейнага жыцця балюча адклікаліся на дзецях, асабліва на мяккай натуры панны Ядвісі, але яна была дзяўчына сукрытая, мела характар замкнёны і не жалілася на сваю долю. Дый каму было тут жаліцца? I смутак дзяцінства яна глыбока затаіла ў сэрцы, каб аб ім нават не дагадваліся людзі, бо пры ўсёй мяккасці свае натуры панна Ядвіся была гордая дзяўчына. I толькі на адзіноце з сабою давала яна волю сваім невясёлым думкам. Аб чым тады думала яна? А пэўна былі ў яе тыя ж думкі, што бываюць і ў нявольніка за мураванымі сценамі, якому так прынадна ўсміхаецца воля. Розніца толькі ў тым, што гэта воля добра вядома яму, тады як жыццё за межамі гэтых панурых лясоў і зацятых у сваёй маўклівасці балот Палесся было для Ядвісі яшчэ не зусім ясным і, стала быць, яшчэ больш павабным і прыгожым.
Але як бы там ні было, панна Ядвіся часамі бегала на колькі хвілін да старой Мар’і, не затым, каб паскардзіцца на свой смутак, а проста пагутарыць з ёю. Забягала яна ў тыя часы, калі Лабановіч быў на лекцыях, і то ўкрадкам, з усімі перасцярогамі, каб не спаткацца з настаўнікам. Бабка была кабеціна добрая, чулая на чужое гора і ўмела знайсці тыя простыя жывыя словы, што ішлі да душы, гаілі і заспакойвалі яе. Гэтыя пабачэнні доўгі час адбываліся цішком ад настаўніка, і бабка, якая ні была яна гаваркая, ніколі не казала аб іх «панічу», хоць таксама была моцна аддана яму.
Што ж цягнула панну Ядвісю да гэтае простае кабеціны? Трэба сказаць, што старая паляшучка была бабка добрая, спагадная і сваім простым сэрцам разумела, чаго бракавала маладой дзяўчыне, так рана страціўшай родную матку. Водгук на чужое гора жыў у яе сэрцы, бо і сама яна многа зазнала гэтага гора на сваім вяку, рана застаўшыся ўдавою з малымі дзецьмі. I трэба, наогул, зазначыць, што ніхто, як простая сялянская душа, не патрапіць так знайсці тыя добрыя словы і выразы, што гаюча ідуць да другой душы, каб уцішыць і заспакоіць яе раны. Скуль жа бяруцца гэтыя сілы, гэтыя ўласцівасці душы? Напэўна, з крыніц свайго гора і цяжкага змагання з жыццём за людскія правы, з гэтай цэльнасці наіўнай веры ў справядлівасць расплаты на тым свеце за ўсе пакуты на зямлі.
З другога боку, Ядвісі было цікава паслухаць, як вёў сваю работу ў школе настаўнік, як ён часамі пакрыкваў на вучняў, сярдуючы на іх някемлівасць або праз меру падняты шум, каб потым задзівіць яго пераказамі таго, што рабіў ён у школе і як трымаўся з дзецьмі. А тонкая сцяна між кухняю і школаю дазваляла чуць усё, што рабілася ў школе. Ядвіся часта прыпыняла гутарку са старожкаю і прыслухоўвалася. Як толькі канчалася лекцыя і школа адразу ўздыхала вальней сваім шумам, Ядвіся, даўшы бабцы знак маўчаць, як спуджаная дзікая птушка, кідалася ў дзверы і знікала між будынін свайго двара, адкуль часта чуўся яе малады сакавіты голас і звонкая песня. А бабка, гледзячы ёй услед, сама сабе ківала галавою і смяялася доўгім ціхім смехам.
— Смешная, вясёлая паненка! — зазначала бабка.
Апавяданне бабкі аб доме пана падлоўчага зрабіла моцнае ўражанне на маладога настаўніка. Вобраз пані з чорнымі пышнымі валасамі жыва рысаваўся ў яго ўяўленні, а дапытлівая думка імкнулася ўнікнуць ва ўсе схованыя пружыны гэтае драмы чалавечай душы. I гэта трагедыя людскога жыцця авявала і вобраз панны Ядвісі, атуляла яго нейкай няяснай заслонай тайнасці цёмнай палескай глушы. I сама гэта глуш усё выяўней прымала своеасаблівы воблік, як нешта само сябе здавальняючае і існуючае сваім уласным жыццём, таемна пераплятаючыся і лучачыся з людскім лёсам.
Застаючыся на адзіноце з самім сабою, Лабановіч часта думаў аб Ядвісі. Ён нават размаўляў з ёю ў думках. I гэта размова была такая простая, шчырая, бо ішла ад сэрца! Ядвіся так міла і крыху хітравата пазірала на яго і смяялася. Яму самому рабілася так добра і ціха на душы ад гэтае размовы. Ён чуў, што нешта прыемнае ўліваецца ў душу і грэе яго сэрца. Але пры спатканні з Ядвісяю ён ніколі не выказваў таго, што гаварыў ёй без яе. Не то сарамяжлівасць яшчэ чыстага сэрца, не то нейкая асцярога стрымлівала сказаць ёй усё, што было на душы.
XIX
У хуткім часе пасля таго, як Лабановіч вярнуўся ад Турсевіча, да яго прыехаў Саханюк. Лабановіч быў моцна здзіўлены, угледзеўшы на парозе высокую, сухарлявую фігуру хатовіцкага настаўніка. Перш-наперш ніяк не чакаў яго ў госці, асабліва ў будны дзень.